Шукаць аднадумцаў

- 15:20Выхаванне, Выхаваўчая работа

Падлеткі бяруць у свае рукі вырашэнне экалагічных праблем. 

Больш за 100 навучэнцаў зялёных школ на 4 дні сабраліся ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, каб ра­зам прыдумаць карысныя экалагічныя ініцыятывы і з дапамогай вопытных трэнераў з ЮНІСЕФ іх ажыццявіць. Інтэнсіў-практыкум “Стварэнне экапраектаў: пошук ідэй і спосабаў іх рэалізацыі” — адно з маштабных мерапрыемстваў экамарафону, старт якому быў дадзены на рэспубліканскім маладзёжным фестывалі “Жыццё ў стылі ЭКА” ў красавіку бягучага года. Гэта яшчэ адзін дзейсны крок па далучэнні моладзі ў дзейнасць па захаванні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя. І яго асноўная ідэя — атрыманне навыкаў сацыяльнага праектавання і практычнага вопыту прэзентацыі праектаў, накіраваных на паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя. Дапамагае падлеткам у гэтым тэхналогія UPSHIFT, якую
яны і асвойваюць на інтэнсіве.

Экалогія — вельмі запатрабаваная тэматыка ў падлеткаў. Праблемы, якія яны ўзнімаюць, вельмі розныя. Яны тычацца і мясцовай супольнасці, бываюць і больш глабальныя. Але ў чым бы ні ляжала сфера інтарэсаў падлеткаў — навуковых ці грамадскіх — яны могуць сябе рэалізаваць. 

Марыя Відзевіч.

Гісторыя UPSHIFT пачалася ў 2014 годзе, і сёння праграма працуе ў 22 краінах свету. Змест UPSHIFT адрозніваецца ад краіны да краіны і залежыць ад вызначаных патрэб, але пры гэтым у цэнтры ўвагі застаюцца чатыры кірункі: развіццё ўніверсальных навыкаў (ад вырашэння праблем і крытычнага мыслення да эфектыўнай камунікацыі і лідарства), раскрыццё патэнцыялу падлеткаў праз фарміраванне ў іх упэўненасці ў сабе, павышэнне грамадзянскай актыўнасці і развіццё прадпрымальніцтва. У Беларусі ЮНІСЕФ вучыць падлеткаў выкарыстанню метадалогіі сацыяльнага праектавання UPSHIFT, з 2019 го­да. Цяперашні трэнінг упершыню праходзіць выключна па тэме экалогіі, хоць і ў мінулым удзельнікаў UPSHIFT-трэнінгаў
цікавіла гэтая тэма.

“UPSHIFT уплывае не толькі на саміх удзельнікаў трэнінгу, але яшчэ і на супольнасці праз праекты, якія ўдаецца прыду­маць і рэалізаваць, — расказвае Марыя Ві­дзевіч, каардынатар у пытаннях падлеткавага развіцця дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Беларусі. — Дзякуючы UPSHIFT, мяняецца і стаўленне да самой моладзі, бо грамадства пачынае бачыць у ёй правадыра станоўчых змяненняў, а не крыніцу праблем. Школьнікі пры падтрымцы трэнераў распрацоўваюць з нуля ўласныя праекты на экалагічную тэматыку. А яшчэ вучацца іх правільна планаваць, рэалізоўваць, шукаць аднадумцаў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.