Шукаць магчымасці і рэзервы ў сваёй сферы заклікаў удзельнікаў калегіі па пытаннях дашкольнай адукацыі А.А.Тозік

Як павысіць заработную плату педагогам-дашкольнікам і як прадаставіць усім дзецям месца ў дашкольных установах? Гэтыя два набалелыя пытанні сталі галоўнымі падчас дыскусіі на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага міжведамаснага савета па дашкольнай адукацыі, якое ў канцы мінулага тыдня адбылося ў Магілёве.

Відавочна, што адной сістэме адукацыі гэтыя пытанні немагчыма вырашыць станоўча, тым больш што гэта наш (дарослых людзей) агульны абавязак — захаваць дзецям дзяцінства, каб яно было шчаслівым, здаровым, радасным і змястоўным.
Менавіта таму калегія па пытанні рэалізацыі Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2014 гады сабрала вялікую колькасць важных асоб нашай краіны. Сярод іх намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А.Тозік, намеснікі міністраў, у тым ліку па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, прадстаўнікі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, абласных выканаўчых камітэтаў, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і іншыя.
У пачатку пасяджэння ўдзельнікам калегіі было прапанавана пазнаёміцца з работай дзвюх дашкольных устаноў Магілёва і заслухаць справаздачны даклад начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Г.Р.Макаранкавай “Аб рабоце аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама па рэалізацыі Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2014 гады”.

Прыклады сучасных устаноў

Магілёў для правядзення калегіі быў выбраны невыпадкова. Як паведаміў міністр адукацыі С.А.Маскевіч, у першым рэспубліканскім конкурсе “Лепшая дашкольная ўстанова года” пераможцай быў прызнаны якраз Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 Магілёва.
Удзельнікам калегіі былі паказаны менавіта такія ўстановы, якія з’яўляюцца ўзорам для ўстаноў дашкольнай адукацыі краіны.
Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 Магілёва ўзначальвае таленавіты чалавек, прадпрымальны і адказны кіраўнік — Таццяна Юр’еўна Швяцова. Яна ведае, як натхніць педагогаў на працу, творчасць, дасягнуць высокіх вынікаў, дзякуючы чаму прэтэндаваць на змену статусу ўстановы і атрымаць права называцца цэнтрам развіцця дзіцяці. Аддаць свайго нашчадка менавіта ў такую ўстанову — мара многіх бацькоў, калі не ўсіх. Вядома, тут дзіця не толькі аберагаюць, а яшчэ і рознабакова развіваюць. Мастацкія творы выхаванцаў цэнтра ўпрыгожваюць сцены калідораў установы, свае артыстычныя здольнасці дзеці паспяхова дэманструюць на гарадскіх і абласных конкурсах. Адзін з асноўных кірункаў работы цэнтра — мэтанакіраваная работа па развіцці дзіцячых здольнасцей, створана і эфектыўна працуе цэласная сістэма, якая дапамагае дзецям адчуць радасць ад творчасці і раскрыць свае таленты.
У першым магілёўскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, як пераканаліся ўдзельнікі калегіі падчас яго наведвання, створаны аптымальныя ўмовы для комплекснага медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння кожнага дзіцяці. А ў гэтым годзе ў дадатак да ўсяго ў цэнтры быў адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для аказання своечасовай дапамогі дзецям з асаблівасцямі ПФР. У Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 працуюць высокапрафесійныя педагогі (90% маюць вышэйшую дашкольную адукацыю, 75% — першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю), якія пастаянна развіваюцца. Установа прымала ўдзел у чатырох рэспубліканскіх інавацыйных і эксперыментальных праектах. Праекты паспяхова закончыліся, вопыт калектыву абагульнены, і сёння ім актыўна карыстаюцца не толькі нашы педагогі-дашкольнікі, але і калегі з Расіі. У цэнтры вялікую ўвагу ўдзяляюць абнаўленню прадметна-развіццёвага прасторавага асяроддзя, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. За кошт бюджэтных сродкаў, напрыклад, быў зроблены капітальны рамонт харчаблока з поўнай заменай усяго тэхналагічнага абсталявання, а за сродкі папячыцельскага савета абнаўляюцца цацкі і гульнёвы матэрыял.
Дашкольная ўстанова № 115 з прыгожай назвай “Церамок”, якую таксама наведалі ўдзельнікі пасяджэння, працуе толькі месяц. Для мікрараёна Спадарожнік Магілёва — гэта першы дзіцячы садок. Ён разлічаны на 95 месцаў, таму, безумоўна, не можа задаволіць запыты ўсіх жыхароў мікрараёна (сваёй чаргі, па даных абласных СМІ, чакае яшчэ 600 дзяцей). Марына Уладзіміраўна Катлярова, загадчыца садка “Церамок”, прадэманстравала прыгожую мэблю, якая рэгулюецца па росце, пакрыццё на падлогу з экалагічна чыстых матэрыялаў, шафы з падагрэвам, яркія і прыгожыя цацкі, басейн. Дарэчы, усё абсталяванне — айчыннай вытворчасці. Праблем з забеспячэннем кваліфікаванымі кадрамі тут таксама няма, напэўна, таму што для педагога прадастаўлены выдатныя ўмовы для працы.
Наведаўшы дашкольныя ўстановы, міністр адукацыі С.А.Маскевіч адзначыў, што “мы ўбачылі сучасныя дашкольныя ўстановы, тое, што павінна быць у рэальнасці. І гэта тычыцца не толькі сучасных будынкаў і іх аснашчэння, а і творча працуючых калектываў, якія выкарыстоўваюць найноўшыя адукацыйныя тэхналогіі, як у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Магілёва.”

Дзецям — дзіцячыя сады, педагогам — годны заробак

Прадстаўляючы справаздачны даклад аб рабоце аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама па рэалізацыі Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2014 гады, Галіна Рыгораўна Макаранкава падкрэсліла, што якасныя паказчыкі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі, вызначаныя Праграмай, у цэлым па рэспубліцы за справаздачны перыяд выконваюцца ў поўным аб’ёме.
Можна ганарыцца дасягнутым:
 застаецца высокім працэнт ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй (у гарадской мясцовасці павялічыўся на 17%, а ў сельскай — на 38,3%);
 развіваецца шматфункцыянальная сетка дашкольных устаноў розных відаў, захоўваецца іх разнастайнасць, павялічваецца колькасць санаторных груп, груп інтэграванага выхавання і навучання;
 развіваюцца эканамічна мэтазгодныя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, у прыватнасці, групы кароткачасовага знаходжання, розныя мадэлі гасразліковых груп (для параўнання: у 2008 годзе такіх груп было 800, а ў 2012 годзе — ужо 1247);
 зніжаецца ўзровень захваральнасці дзяцей у дзіцячых садках (ва ўсялякім разе здароўе падчас іх знаходжання ў дзіцячым садзе не пагаршаецца);
 развіццё выхаванцаў у дашкольных установах адпавядае асноўным паказчыкам развіцця вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі;
 павышаецца адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў (пастаянна павялічваецца колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй — 55,4% у 2012 годзе і 53,5% — у 2011 годзе і з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй — 18,9% у 2012 годзе і
17, 6% — у 2011 годзе);
 укараняецца працэдура фарміравання сацыяльна-педагагічнага заказу на адукацыйныя паслугі дашкольных устаноў (створаны банк даных аб дзецях дашкольнага ўзросту, вызначана працэдура ўліку дзяцей, якія маюць патрэбу ў прадастаўленні месца ў дзіцячым садку);
 укараняюцца сучасныя тэхналогіі аздараўлення, дзякуючы якім дасягаецца высокая якасць медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння кожнага выхаванца;
 рэалізуецца сістэма метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў дашкольных устаноў ва ўзаемадзеянні ўсіх структур сістэмы, якая накіравана на фарміраванне ў педагогаў патрэбнасці ва ўдасканаленні прафесійнай кампетэнтнасці і г.д.

Даведка: сёння ў рэспубліцы дзейнічае 4070 дашкольных устаноў (дарэчы, з іх 9 — установы прыватнай формы ўласнасці, 7 з іх працуюць у Мінску і па адным — у Магілёве і Мінскай вобласці). Якасць працэсу выхавання і навучання ў дашкольных установах краіны забяспечваюць 54,1 тысячы педагогаў (у 2011 годзе — 53,4 тысячы).

Разам з тым ёсць шэраг праблем, якія і агучыла Галіна Рыгораўна Макаранкава ў сваім выступленні. Гэта:
— нізкі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў (так, у прыватнасці, 42% педагогаў не маюць педагагічнай адукацыі дашкольнага профілю);
— адсутнасць адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя, недастатковае забеспячэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання, гульнёвым і фізкультурным абсталяваннем ад устаноўленых нарматываў, што не дазваляе педагогам стымуляваць фізічную і іншыя віды актыўнасці выхаванцаў і адмоўна ўплывае на іх здароўе;
— пераўкамлектаванасць груп дзецьмі складае ад 20 да 40% у больш за 500 дашкольных установах;
— стабільна высокім застаецца паказчык па колькасці траўмаў, атрыманых у дашкольных установах (49 выпадкаў у 2012 годзе і 50 выпадкаў у 2011 годзе), асноўнымі прычынамі якіх з’яўляецца наяўнасць траўманебяспечных умоў;
— недастатковае забеспячэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі афіцыйна зацверджанымі вучэбнымі выданнямі (на 72,3% у 2012 годзе і на 68,4% у 2011 годзе);
— адсутнасць сістэмы пастаяннага абнаўлення і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыйнага працэсу дашкольных устаноў (большасць устаноў адукацыі не маюць адпаведнага сучасным патрабаванням аснашчэння адукацыйнага працэсу сродкамі навучання, больш як 50% гэтых сродкаў знаходзяцца ў доўгатэрміновым выкарыстанні, зношаны і састарэлі);
— ігнараванне на месцах спецыфікі арганізацыі адукацыйнага працэсу ў дзіцячым садзе (а менавіта, давядзенне планаў па адукацыйных паслугах, што абумоўлівае перавышэнне вучэбнай нагрузкі на выхаванцаў, нізкі ўзровень якасці адукацыйных паслуг, парушэнне рэжыму знаходжання выхаванцаў на свежым паветры).
Але ж самыя галоўныя праблемы, якія ў многім і ўплываюць на забеспячэнне якасці дашкольнай адукацыі, выклікаюць негатыўнае стаўленне як саміх педагогаў да сваёй працы, так і бацькоў выхаванцаў да работы сістэмы дашкольнай адукацыі, — гэта нізкі сацыяльны статус дашкольных работнікаў, а таксама дэфіцыт свабодных месцаў для выхаванцаў у дашкольных установах побач з домам пражывання бацькоў.

Даведка: За справаздачны перыяд з 2010 года ў краіне з’явілася чарга на прадастаўленне месца ў дзіцячым садзе — больш за 8,5 тысячы дзяцей.

Пытанне па забеспячэнні дзяцей месцамі ў дашкольных установах да гэтага часу вырашалася наступным чынам. Так, з 2009 года дадаткова было створана 15 780 месцаў шляхам адкрыцця раней нефункцыянуючых груп і вываду першых класаў з дашкольных устаноў, з’яўляліся таксама групы кароткачасовага зноходжання, разнастайныя мадэлі платных груп. У 2012 годзе арганізавана 1 тысяча 247 такіх груп. Па запытах бацькоў наладжаны падвоз у дашкольныя ўстановы больш за 10,5 тысячы дзяцей.
На самай справе, статыстычна, месцаў у дашкольных установах больш, чым дзяцей дашкольнага ўзросту (452.816 месцаў на 398.445 дзяцей), але месцы гэтыя знаходзяцца на тых тэрыторыях, дзе пражывае мала дзяцей. Безумоўна, падвоз дзяцей, які арганізаваны ў рэгіёнах (напрыклад, Мінск адкрыў так званыя “сямейныя маршруты”) можа быць толькі часовай мерай, а не аптымальным вырашэннем праблемы дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках так званай “пакрокавай даступнасці”. З улікам узроставых асаблівасцей паездкі могуць быць небяспечнымі для дзяцей як фізічна, так і псіхалагічна.
Як заўважыла начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі, галоўным прыярытэтам у вырашэнні пытання па забеспячэнні крокавай даступнасці дашкольных устаноў у мікрараёнах інтэнсіўнай забудовы жылых дамоў з’яўляецца іх будаўніцтва. Аднак абмежаванасць бюджэтных сродкаў не дазваляе выконваць зацверджаныя нормы будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі ў мікрараёнах-новабудоўлях, не забяспечваецца адначасовае ўвядзенне жылых дамоў і дзіцячых садкоў і такім чынам не выконваецца адзін з важных пунктаў Праграмы.

Даведка: у 2012 годзе ў эксплуатацыю ўведзена 31 дашкольная ўстанова, з іх 16 новых і 15 пасля рэканструкцыі і рамонту. Па Праграме планавалася пабудаваць 33. На будаўніцтва дашкольных устаноў па Праграме выдзяляліся фінансавыя сродкі толькі ў трох абласцях: Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай. На аптымізацыю сеткі за справаздачны перыяд з мясцовых бюджэтаў выдзелена толькі 9,9% ад сродкаў, прадугледжаных Праграмай.

Намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль Афанасьевіч Тозік нагадаў, што варта ў новых мікрараёнах у жылыя дамы ўбудоўваць невялікія сямейныя дзіцячыя садкі. Такі падыход ужо ажыццяўляецца пры будаўніцтве, як паведамілі на калегіі, жылога квартала Маяк Мінска, таму ў хуткім часе можна будзе ацаніць яго эфектыўнасць.
Выдатны прыклад у Віцебску: там будуюць дзіцячы садок метадам народнай будоўлі (за сродкі прадпрыемстваў горада), і ў гэтым годзе ён будзе ўжо здавацца. Некалі мы сваімі сіламі пабудавалі Нацыянальную бібліятэку, можна лічыць, што дзіцячыя садкі па важнасці для грамадства не меншыя за яе, можа і, сапраўды, прыклад віцяблян годны для пераймання.
Пэўную дапамогу ў вырашэнні праблемы дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках могуць аказаць прадпрымальнікі. У краіне працуюць прыватныя дашкольныя ўстановы, якія, нягледзячы на немалую аплату (больш як 200 долараў за месяц), карыстаюцца попытам. Яны таксама будуюць сваю работу ў адпаведнасці з праграмай “Пралеска”. Як адзначыла Г.Р.Макаранкава, сёння, на жаль, адсутнічаюць статыстычныя даныя аб адукацыйных паслугах індывідуальных прадпрымальнікаў, з імі не ўстаноўлена партнёрскае ўзаемадзеянне, і гэта не дазваляе ў поўнай меры ўплываць на дыферэнцыяцыю адукацыйнай сеткі раёна ў адпаведнасці з запытамі галоўных заказчыкаў.

Даведка: упершыню за апошнія дзесяць гадоў колькасць вакансій педагагічных работнікаў дасягнула 2808 штатных адзінак.

Усім зразумела, што калі не павысіць сацыяльны статус педагогаў-дашкольнікаў, то адток кваліфікаваных кадраў з сістэмы дашкольнай адукацыі будзе павялічвацца.
У студзені педагогі-дашкольнікі атрымаюць ужо крыху павышаную заработную плату за кошт павышэння стаўкі першага разраду. “Дзе знайсці сродкі, каб забяспечыць нармальны заробак работнікам дашкольнай адукацыі, і пры гэтым не залазіць дадаткова ў бюджэт, — запытаўся ва ўдзельнікаў калегіі А.А.Тозік. — Бюджэт — гэта не бяздонная бочка. Нам трэба максімальна ўліваць сродкі ў рэальную эканоміку, каб затым сацыяльная сфера атрымала годнае фінансаванне. Трэба шукаць магчымасці і рэзервы ў сваёй сферы”.
Па меркаванні намесніка прэм’ер-міністра, яны ў сістэмы адукацыі ёсць. Першая прапанова А.А.Тозіка — павысіць бацькоўскую плату за харчаванне дзіцяці ў дашкольнай установе. Сёння бацькі ў сярэднім плацяць ад 100 да 150 тысяч у месяц, што складае толькі 40% сродкаў за арганізацыю харчавання. “ Мы хацелі б, каб бацькі поўнасцю аплачвалі кошт харчавання дзяцей у садках, — падкрэсліў Анатоль Афанасьевіч. — Гэтае пытанне трэба вырашаць паэтапна. Для пачатку ў самы бліжэйшы час трэба выходзіць на 60 — 70% аплаты харчавання”.
Анатоль Афанасьевіч таксама прапанаваў разгледзець магчымасць дыферэнцаванага падыходу да аплаты бацькоў за ўтрыманне дзяцей у дашкольных установах. Калі, напрыклад, бацькі аддаюць дзіця ў дашкольную ўстанову, якая была пабудавана 40 гадоў назад і дзе ёсць толькі неабходны мінімум для арганізацыі вучэбнага працэсу, яны плацяць адну суму, а калі ў сучасны дзіцячы садок з басейнам, найноўшым абсталяваннем, то гэта ўжо іншая, вышэйшая плата.
Як падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра, усе сродкі, атрыманыя ад гэтых дзеянняў, будуць накіраваны на павышэнне заробку людзям, якія працуюць з дзецьмі ў дашкольных установах. Канчатковае рашэнне па гэтых дзвюх прапановах яшчэ не прынята, яны будуць дадаткова разглядацца, вывучацца, і, як заўважыў Анатоль Афанасьевіч, калі такі падыход падасца рацыянальным, то будзе разгледжаны ва ўрадзе.
Ці гатова наша грамадскасць (і ў тым ліку педагагічная) да такіх змен? Пытанне складанае і патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Удзельнікі пасяджэння, кіраўнікі дашкольных устаноў, якія ведаюць сацыяльны статус кожнай сям’і, выказвалі розныя меркаванні. На думку некаторых, пры дыферэнцаваным падыходзе да аплаты наведвання дзецьмі дашкольных устаноў, змешчаных у сучасных і старых будынках, можа ўзнікнуць штучнае раздзяленне сем’яў на заможныя і маламаёмныя. Тым больш трэба ўлічваць, што сучасныя дашкольныя ўстановы размешчаны ў мікрараёнах-новабудоўлях, дзе ў асноўным жывуць маладыя сем’і, якія ў дадатак выплачваюць крэдыты за жыллё. Няздольныя аплачваць “дарагі” дзіцячы садок каля дома, бо іншага, старога, наогул можа побач не быць, яны, магчыма, будуць вымушаны пакідаць дзяцей адных дома, што не дазволіць якасна падрыхтаваць іх да навучання ў школе, а таксама можа прывесці да павышэння дзіцячага траўматызму.
Таксама многія бацькі (нават і не з ліку льготнікаў), магчыма, не змогуць стапрацэнтна аплачваць харчаванне дзіцяці ў садку (асабліва людзі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і работнікі бюджэтнай сферы). Сёння мы ганарымся тым, што дасягнулі стапрацэнтнага ахопу дзяцей пяцігадовага ўзросту дашкольнай адукацыяй і нам неабходна не страціць гэтыя здабыткі.
Як сведчаць сусветныя даныя, дзеці, якія маюць дашкольную падрыхтоўку, добра адаптуюцца да школы, паспяхова вучацца і атрымліваюць больш змястоўную адукацыю на старшых ступенях.
Таму неабходна вельмі ўважліва ставіцца да вырашэння ўсіх узнятых на пасяджэнні калегіі Мінадукацыі праблем, памятаючы, што дашкольная адукацыя павінна быць якаснай і заставацца даступнай для ўсіх нашых самых маленькіх грамадзян краіны. Грамадства ж не павінна пакінуць сістэму дашкольнай адукацыі сам-насам у вырашэнні гэтых надзённых пытанняў.

Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by