Шукаю работу

- 12:09Сацыяльны ракурс

Ёсць работа — ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні. Ва ўсялякім разе для большасці людзей гэта менавіта так, таму і пошукі дастойнай работы — справа для любога з нас найважнейшая. На ўзроўні дзяржавы ў Беларусі рэалізоўваецца падпраграма садзейнічання занятасці Дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016—2020 гг. Згодна з данымі за 9 месяцаў бягучага года, тэмп росту колькасці занятых у нашай краіне склаў 99,8%, па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Адна з Мэт устойлівага развіцця, якія ў 2015 годзе прынялі 193 краіны — члены ААН, — садзейнічанне паступоваму, усёахопнаму і ўстойліваму эканамічнаму росту, поўнай і прадукцыйнай занятасці і дастойнай рабоце для ўсіх. Па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, узровень фактычнага беспрацоўя сярод людзей ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў у Беларусі скараціўся: па апошніх даных (на жнівень 2019 года), ён складаў 3,9%, на 2018 год адпаведны паказчык — 4,8%.

— Штогод у службы занятасці звяртаецца каля 200 тысяч чалавек, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алёна Анатольеўна Дакукіна. — У 2019 годзе да нас звярнулася больш за 140 тысяч чалавек, аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні больш чым 100 тысячам з іх. Важным аспектам у рабоце службы занятасці з’яўляецца як мага больш хуткае вяртанне беспрацоўнага на рынак працы. Сярэдні перыяд пошуку работы, па апошніх даных абследавання хатніх гаспадарак, складае каля 7 месяцаў, у той час як у мінулым годзе ён быў каля 8 месяцаў.

Профільнае міністэрства таксама адзначае пэўнае ажыўленне ў плане і прапановы, і попыту на рабочую сілу. У рэспубліканскім банку даных штогод даступна звыш 80 тысяч вакансій, большасць з іх — па рабочых прафесіях. Педагагічныя спецыяльнасці не ўваходзяць у дзясятку самых запатрабаваных, але цікавасць да іх ёсць пастаянна. Зноў жа, па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, большасць беларусаў шу­каюць работу менавіта праз інтэрнэт, у тым ліку праз банк вакансій — за 9 месяцаў бягучага года ў ім адзначана больш за 12 мільёнаў наведванняў. Праўда, колькі чалавек такім чынам усё ж знайшлі работу, незразумела, як і тое, наколькі задавальняе саіскальнікаў узровень зарплат, што прапаноўваюцца.

— У апошнія гады мы перагледзелі падыходы да маніторынгу рынку працы, быў вызначаны пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку. У бягучым годзе гэта 53 тэрыторыі, за якімі мы сочым на працягу года і на якіх бачым змены, — гаворыць А.А.Дакукіна. — Амаль 80% тэрыторый з пераліку палепшылі сваю сітуацыю.

Спецыяліст дадае, што ў 20% астатніх тэрыторый (на Віцебшчыне і Магілёўшчыне) сітуацыя не становіцца горшай і не стаіць на месцы, пэўныя змены да паляпшэння ёсць. Падкрэслівае яна і тое, што навучанне беспрацоўных вядзецца пад заказ наймальнікаў. Так, у цэлым па краіне за 9 месяцаў больш за 4 тысячы беспрацоўных (каля 5% ад усіх, каму патрэбна працаўладкаванне) былі накіраваны на навучанне, беспрацоўныя могуць прайсці навучанне больш чым па 100 прафесіях, каля 10 з іх — інтэграваныя, калі чалавек адразу атрымлівае 2 і больш спецыяльнасці, напрыклад, маляр-тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік.

Пры гэтым прадстаўніца Мінпрацы заў­важае, што наймальнікі чакаюць большай актыўнасці ад саіскальнікаў у плане перанавучання, павышэння кваліфікацыі, бо патрабаванні да работнікаў растуць. Зараз крыху больш за 60% тых беспрацоўных, якія праходзяць навучанне, робяць гэта па заказе наймальнікаў і ведаюць, дзе будуць працаваць. Астатнія маюць права пасля перанавучання зноў звярнуцца ў службу занятасці. Як паказвае вопыт, больш за 90% з іх даволі хутка знаходзяць работу.

 — У горадзе пастаянна расце попыт на рабочую сілу, сёлета штомесяц ён у сярэднім складаў 20 тысяч вакансій, — дадае ў сваю чаргу намеснік старшыні камітэта — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна Юр’еўна Кудзевіч. — Сапраўды, наймальнікі сёння робяць акцэнт на кваліфікацыі тых, каго бя­руць на работу, мы таксама акцэнтуемся на гэтым — павышэнні прафесійных якасцей, навучанні і перанавучанні. Кожны другі беспрацоўны, які прайшоў у нас навучанне, атрымлівае работу, бо наймальнікі ў гэтым зацікаўлены.

Службы занятасці сталіцы таксама кожны тыдзень праводзяць міні-кірмашы вакансій, 2 разы ў год — агульнагарадскія, а таксама выязныя кірмашы, дні прадпрыемстваў, электронныя кірмашы вакансій, у якіх паспелі прыняць удзел каля 50 наймальнікаў і больш за 3 тысячы саіскальнікаў. Так, магчымасць знайсці работу маюць і тыя гараджане, якія не хочуць звяртацца ў службы занятасці. У рамках кірмашоў, між іншым, праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы, адрасныя сустрэчы для людзей з абмежаваннямі па здароўі, асоб, якія, вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, выйшлі з лячэбна-працоўных прафілакторыяў і інш.

Сярод запатрабаваных на рынку працы Мінска прафесій спецыяліст называе такія, як машыніст элетрапоезда, прадавец, кантралёр-касір, кухар, кандытар і многія іншыя. Што тычыцца педагогаў, то іх прафесія даволі запатрабаваная ў Мінску, але, як заўважае Т.Ю.Кудзевіч, цяжкасці могуць быць у тых, хто доўгі час не працаваў па спецыяльнасці, — такім людзям неабходна павышэнне кваліфікацыі, таму варта звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі свайго раёна.

Беспрацоўным таксама прапаноў­ваюць дапамогу ў арганізацыі самазанятасці, выдзяляюць субсідыі. Фарміруюцца і банкі часовых, сезонных работ, больш за 1 тысячу беспрацоўных сёлета прынялі ўдзел у грамадскіх работах, атрымаўшы аплату. А больш за 8 тысяч чалавек, якія маюць абмежаванні па стане здароўя і працоўныя рэкамендацыі, інваліды 2—3 груп атрымалі прапановы наведаць службу занятасці.

Акрамя таго, у Мінску рэалізоўваюць праграму працоўнай адаптацыі, калі наймальнікі стымулююць беспрацоўных набы­ваць практычныя навыкі на працоўным месцы ў тэрмін да 12 месяцаў. У цэлым жа ў горадзе расце занятасць. Так, у жніўні і верасні прыём на работу папаўняў звальненне.

У Мінскай вобласці сітуацыя па выніках 9 месяцаў таксама характарызуецца павелічэннем колькасці працоўных месцаў, заяўленых у органы занятасці. Патрэба ў кадрах на 1 кастрычніка склала больш за 18 тысяч вакансій (летась — 14 тысяч). Афіцыйны ўзровень беспрацоўя на Міншчыне складае 0,2% — самы нізкі ў параўнанні з іншымі абласцямі, а на аднаго беспрацоўнага ўмоўна прыходзіцца 12 вакансій (летась — 6). Самыя запатрабаваныя прафесіі — жывёлаводы, заатэхнікі, ветэрынары, урачы, медыцынскія сёстры.

— У эканоміцы Мінскай вобласці заняты 686 тысяч чалавек — на ўзроўні папярэдняга года, — заўважае Наталля Генадзьеўна Ігнатовіч, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. — Людзі актыўна шукаюць работу ў малым бізнесе, самазанятасці. Па выніках 9 месяцаў субсідыю на развіццё сваёй справы атрымалі 219 чалавек, субсідыя складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў горадзе і 12 — у сельскай мясцовасці. ІП часцей за ўсё рэгіструюцца ў такіх кірунках, як цырульніцкія паслугі, бытавое абслугоўванене, СТА, вытворчасць. Кожны рэгіён аналізуе спектр паслуг, якія патрэбны ў рэгіёне, і беспрацоўным прапаноўваюць адпаведныя субсідыі.

Частка беспрацоўных выбірае работу з перасяленнем, калі па месцы пражывання для іх работы не знаходзіцца. У такім выпадку з наймальнікам заключаецца трохбаковы дагавор, і людзі з сем’ямі перасяляюцца, атрымліваючы і работу, і жыллё. Такіх сем’яў сёлета на Міншчыне ўжо 35. З уразлівымі катэгорыямі насельніцтва тут працуюць, як і ў сталіцы. Напрыклад, прапаноўваць працаўладкаванне інвалідам, а наймальнікам кампенсуюць зарплату такіх работнікаў.

Яшчэ адзін кірунак працаўладкавання  — стварэнне новых працоўных месцаў. За 9 месяцаў іх у вобласці стварылі каля 7 тысяч — на заводзе БелДжы ў Барысаўскім раёне, ЗАТ “Юніміт” у Смалявіцкім, ТАА “Інтрэртранс­аўта” ў Дзяржынскім і інш.

Зацікаўлена ў арганізацыі занятасці беларусаў, дасягненні Мэт устойлівага развіцця і Праграма развіцця ААН у Беларусі. За апошнія 3 гады ПРААН падтрымала каля 40 малых бізнесаў у рэгіёнах у такіх кірунках, як экатурызм, захаванне культурнай спадчыны, сельская гаспадарка.

— Наша падтрымка не абмяжоўваецца выдзяленнем грантаў, — расказаў кіраўнік аддзела інфармацыі і прасоўвання ПРА АН у Беларусі Аляксей Уладзіміравіч Чыстадарскі. — Падыход грунтуецца на тэрытарыяльна арыентаваным развіцці, пры якім ствараюцца ўмовы не для нейкага аднаго прадпрыемства або бізнесу, а для ўсёй супольнасці, якая жыве на аснове партнёрства паміж мясцовымі бізнесменамі, адміністрацыяй, жыхарамі. Займаемся таксама выяўленнем моцных і слабых бакоў рэгіёнаў, іх прыроднага, эканамічнага, сацыяльнага патэнцыялу і г.д. Такі падыход дазваляе раёнам і пасля прыпынення нашай падтрымкі развівацца далей, ствараць новыя прадпрыемствы і кааперацыі.

Адзін з такіх праектаў — “Мясцовае развіццё”, створаны пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, завяршыўся зусім нядаўна. У яго рамках былі працаўладкаваны 143 чалавекі. А пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі ва ўсходніх рэгіёнах Рэспублікі Беларусь створана 6 бізнес-цэнтраў, што бясплатна кансультуюць, праводзяць семінары і трэнінгі для мясцовых жыхароў, якія хочуць стварыць свой бізнес або толькі задумваюцца пра такую магчымасць. У выніку 70% тых, хто ўжо звярнуўся ў цэнтры або пачаў свой бізнес, або гатовы зрабіць гэта ў найбліжэй­шы час. Акрамя таго, ПРААН у Беларусі арганізавала 40 бясплатных вучэбных курсаў у малых гарадах усходняй часткі краіны, удзель­нікамі якіх сталі 1300 чалавек.

У рамках адной з ініцыятыў Праграмы развіцця ААН былі арганізаваны курсы па асновах сельскай гаспадаркі ў Бягомлі (Докшыцкі раён) для маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У планах ПРААН — праект “7 рэгіёнаў” па далучэнні людзей з інваліднасцю да работы ў гасцінічным бізнесе для зносін з кліентамі. Зімой жа стартуе новая серыя бясплатных семінараў па прасоўванні жаночага прадпрымальніцтва ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Горках і Полацку.

— Для нас у плане фарміравання поўнай і ўстойлівай занятасці галоўнае — гэта забеспячэнне абароны правоў працоўных і садзейнічанне стварэнню надзейных і бяспечных умоў работы, — гаворыць Дзмітрый Аляксандравіч Шаўчук, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. За першае паўгоддзе бягучага года грамадскі кантроль прайшоў больш чым у 112,5 тысячы арганізацый, прававыя інспектары правялі 551 праверку. У цэлым за гэты перыяд прафсаюзы выявілі каля 22 тысяч парушэнняў заканадаўства аб працы, пры гэтым наймальнікі ліквідавалі больш за 20 тысяч з іх.

Прафсаюзам часта ўдаецца дабіцца перагляду спраў, што звязаны з няшчаснымі выпадкамі на рабоце, на карысць пацярпелых або іх блізкіх. А каб зменшыць колькасць такіх выпадкаў, выпрацаваны комплекс спецыяльных мер, праведзена навучанне тэхнічных інспектараў працы.

— Значную ўвагу мы ўдзяляем пытанням рэгіянальнага развіцця, узнімаем праблему дэпрэсіўных раёнаў, — падкрэсліў Д.А.Шаўчук. — Для нас гэта раёны, дзе ўзро­вень зарплаты не дазваляе набыць неабходны мінімальны пералік тавараў і паслуг. Прычына тут часта ў эканоміцы гэтых рэгіёнаў. ФПБ прапаноўвала ўраду распраца­ваць дарожную карту для кожнага з іх, і ў сту­дзені гэтага года прынята пастанова Савета Міністраў, накіраваная на развіццё асобных раёнаў.

У апошнія гады ФПБ таксама арганізавала шэраг міжнародных форумаў на тэму будучыні сферы працы, пэўных рабочых месцаў. Федэрацыя таксама звяртае ўвагу на тое, што большасць рабочых месцаў для асоб з абмежаванымі магчымасцямі — гэта месцы на спецыялізаваных прадпрыемствах грамадскіх таварыстваў інвалідаў. Нярэдка працу людзей на іх можа замяніць аўтаматыка, што эканамічна мэтазгодна, але дзеля захавання работы для інвалідаў такія пытанні нават не разглядаюцца.

У Беларусі рэалізоўваецца дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гг., якая садзейнічае ў тым ліку занятасці маладых людзей, хаця ў службы занятасці моладзь звяртаецца не так часта. Маладым людзям, нядаўнім выпускнікам тых ці іншых навучальных устаноў, дапамагаюць або з навучаннем, або з працаўладкаваннем. У Мінскай вобласці, напрыклад, адна з актыўных мер садзейнічання занятасці — магчымасць атрымаць практычныя навыкі з частковай кампенсацыяй заработнай платы. Наймальнікі бяруць нядаўніх выпускнікоў на работу і на працягу года вучаць іх, многія так і знаходзяць работу. Ёсць і такі кірунак, як часовая заня­тасць моладзі падчас канікул. У вобласці больш за 3 тысячы маладых людзей (частка з іх — тыя, хто стаіць на розных відах уліку) атрымалі такую часовую работу. А ў Мінску адзначаюць, што ўдзельная вага маладых людзей сярод беспрацоўных зніжаецца. Сярод тых, хто звяртаецца ў службы занятасці, нямала маладых людзей, якія вучыліся на платнай аснове: эканамісты, юрысты і іншыя. Многім дапамагаюць арганізаваць самазанятасць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.