Шыкоўны баль наладзілі ў Віцебскім раёне ў гонар 70 лепшых навучэнцаў

- 11:24Образование

Шыкоўны баль арганізавалі ў Віцебскім раёне для пераможцаў другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, навуковых і практычных канферэнцый, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў.

Яркае мерапрыемства ў запамінальным фармаце для адораных школьнікаў раёна, іх педагогаў і баць­коў упершыню правялі ў мінулым го­дзе. Добрая традыцыя цудоўна пры­жылася! І другі раз запар гонару прымаць баль удастоена Ноўкінская сярэдняя школа — адна з найбуйнейшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.

Вітаючы герояў урачыстасці, старшыня райвыканкама Генадзь Сабыніч падкрэсліў, што кожны год скарбонка дасягненняў школьнікаў раёна расце, а кіраўніцтва рэгіёна робіць і зро­біць усё магчымае, каб падтрымліваць адораную моладзь. Старшыня райвыканкама ўзнагародзіў граматамі і памятнымі прызамі навучэнцаў, якія будуць прадстаўляць раён на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, фізіцы, фізічнай культуры і здароўі. Ганаровымі граматамі райвыканкама былі ўзнагароджаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў трэцяга этапу алімпіяды.

Граматы прызёрам абласнога этапу конкурсу экалагічных і біялагічных работ і абласнога даследчага конкурсу “Эўрыка” ўручыла начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага раённага выканаўчага камітэта Вольга Труб­лоўская. Яна падзякавала навучэнцам і педагогам за плённую працу і асобна вы­дзеліла значны ўклад у развіццё даследчай дзейнасці школьнікаў цэнтра “Ідэя”, дзе навучэнцы раёна, ствараючы даследчыя праекты пад кіраў­ніцтвам універсітэцкіх выкладчыкаў, робяць свае першыя паспяховыя крокі ў навуку. Не засталіся без увагі і юныя спартсмены, артысты, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У прыватнасці, за асаблівыя поспехі ў творчай дзейнасці лідар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Ра­занава адзначыла граматай і падарункам навучэнку Акцябрскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева Ганну Пагарэлаву.

Атрымаўшы заслужаныя ўзнагароды, удзельнікі балю закружыліся ў танцы. Вальс, кадрыля ў выкананні сучасных школьнікаў выглядалі не менш віртуозна і прыгожа, чым іх поспехі за школьнай партай, на творчых і спартыўных пляцоўках. Дзякуючы цудоўным імгненням, усе ўдзельнікі адчулі асаблівы свет, у якім панавалі прыгажосць і трыумф. Мерапрыемства, насычанае неверагоднымі ўражаннямі, завяршылася “зорным дажджом”, пад якім кожны змог загадаць запаветнае жаданне. Упэўнена: усе яны абавязкова спраўдзяцца.

Таццяна ЕРАФЕЕВА, 
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі
Віцебскага райвыканкама
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Віцебскага райвыканкама