“Шымськія шкорні”

Ужо і снежань мінуў, і студзень заканчваецца, а любавацца белым убраннем дрэў, іскрыстымі палямі, пакрытымі льдом рэкамі і азёрамі, адным словам, прывычнай для нас зімовай прыгажосцю, даводзіцца пакуль толькі ва ўспамінах або гледзячы на фотаздымкі. Надвор’е такое, што і ў туфлях можна гуляць па вуліцы, а калісьці на двор без валёнак было не выйсці. Асабліва славіліся (ды і цяпер славяцца) дрыбінскія валёнкі — трывалыя, зручныя, якім няма зносу. Дрыбін, дзе яны ствараюцца на працягу стагоддзяў, і сёння справядліва называюць беларускай сталіцай шапавальства.

Традыцыі з працягам

Калі ёсць воўна, значыць павінны быць і авечкі. Мяркуючы па тым, якую колькасць валёнак, іншых баваўняных вырабаў ствараюць кожны год дрыбінскія майстры, а таксама юныя ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на палях Дрыбінскага раёна павінны пасвіцца бяскрайнія статкі авечак. Можа, так і было гадоў сто назад, аднак сёння воўна набываецца ў асноўным у спецыялізаваных магазінах, а вось тэхналогія стварэння валёнак, у тым ліку невялікіх сувенірных, па-ранейшаму застаецца традыцыйнай. У гэтым можна пераканацца, наведаўшы заняткі па шапавальстве для вучняў Дрыбінскай сярэдняй школы ў раённым гістарычна-этнаграфічным музеі, а таксама Раённым цэнтры дзіцячай творчасці Дрыбіна.

Актыўнае далучэнне дзяцей да старадаўняга рамяства пачалося ў 2005 годзе, калі на базе раённага музея было створана аматарскае аб’яд­нанне “Шапавал”, а пры ім пачаліся заняткі і вучнёўскага гуртка. Сёння гэта ўзорнае дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Катрушнік”. Калі гля­дзіш на тое, як хлопчыкі і дзяўчынкі засяро­джана валяюць воўну, як з цікавасцю слухаюць парады кіраўніка аб’яднання Іны Леанідаўны Фанарыкавай, разумееш, што ў Дрыбінскім краі старадаўні промысел не будзе забыты. А вось дзякуючы рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Дрыбінская школа шапавалаў” праекта “Са­дзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам, развіццё шапавальства набыло новае гучанне.

Дзеці ў захапленні!

Заняткі аматарскага аб’яднання “Катрушнік” праходзяць у рамках рэалізацыі музейна-педагагічнай праграмы “У гасцях у дзеда Мацея”. Дзеці вывучаюць гісторыю ўзнікнення і развіцця шапавальства, асаблівасці прылад працы, якімі карыстаюцца майстры, разнавіднасці воўны, вырабаў з яе. І, канечне, яны самі ствараюць свае маленькія шэдэўры. У ранейшыя часы стварэннем валёнак займаліся ў асноўным мужчыны. Трэба ж мець добрую фізічную загартоўку, спрыт, уменне, каб ператварыць кавалак воўны ў мяккі і цёплы валёнак. Аднак гэта не значыць, што шапавальствам не могуць займацца дзеці. Можа, стварэнне сапраўдных валёнак ім яшчэ не пад сілу, затое выраб сувенірнай прадукцыі якраз для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Юныя “катрушнікі”, якіх вы бачыце на фотаздымках, займаюцца тэхнікай сухога валення. Пры дапамозе спецыяльных іголак яны пратыкаюць кавалачкі воўны, тым самым валяючы яе — збіваючы. Ёсць яшчэ і мокрае валенне, якое выкарыстоўваецца пры стварэнні знакамітых дрыбінскіх валёнкаў. Можа здацца, што пратыканне іголкай воўны — гэта аднастайная, нецікавая, сумная справа. Аднак гэта толькі на першы погляд. Дзецям падабаецца працэс валення, гэта своеасаблівая рэлаксацыя, зняцце напружання, што асабліва актуальна пасля насычанага вучэбнага дня. Наогул, заняткі ў гуртку шапавальства выхоўваюць у вучняў працавітасць, узаемадапамогу, цікавасць і павагу да спрадвечнага ладу жыцця продкаў, ды і вольны ад урокаў час школьнікі з радасцю праводзяць у кампаніі равеснікаў.

Катрушніцкі лемезень

Арыгінальная назва аб’яднання “Катрушнік” невыпадковая. “Катруха” на своеасаблівай мове дрыбінскіх шапавалаў (катрушніцкім лемезні) азначае шапку. Вывучэнне прафесійнай лексікі дрыбінскіх шапавалаў з’яўляецца неад’емнай часткай заняткаў маленькіх “катрушнікаў”. Катрушніцкі лемезень быў створаны нездарма: дрыбінскія майстры не хацелі дзяліцца сакрэтамі ўмельства, таму і стварылі асаблівую мову. Знакаміты фалькларыст і этнограф Еўдакім Раманаў запісаў у свой час 915 слоў. Многія маюць грэчаскае, лацінскае, нямецкае, польскае, татарскае паходжанні. “Кусеньня манькі сепаць, як сведені максаць з балухай”. Не пужайцеся, на мове дрыбінскіх шапавалаў гэта азначае: “Сёння мы глядзім, як дзеці працуюць з іголкай”. Паглядзім мы таксама, як дзеці працуюць з “баскі” (нажніцамі), ствараючы арыгінальныя карціны з каляровай воўны, а яшчэ як робяць традыцыйную ляльку і плятуць “верлюкі” (лапці). А пакуль што паназіраем, як сапраўдны майстар-шапавал, які перадае сваё ўмельства маладому пакаленню, стварае “шымськія шкорні” (добрыя валёнкі).

Дзве душы

Ніякая сучасная фабрыка з яе камп’ютарызаваным працэсам вытворчасці не параўнаецца з умелымі рукамі дрыбінскага майстра! Сот­ні гадоў вопыту папярэднікаў плюс індывідуальны падыход — вось у чым сакрэт умельства. Па словах майстра Уладзіміра Станіслававіча Асіпоўскага, каб мяккі і цёплы абутак спраўна рыпеў на бялюткім снезе, трэба спачатку некалькі гадзін, а то і дзён, у залежнасці ад якасці воўны, трэсці яе на спецыяльным прыстасаванні — брындзе. Пыл, валоссе ляцяць ва ўсе бакі, так што без павязкі на твары і фартуха не абысціся. Потым воўну трэба мяць у вадзе. Здзіўляешся, як такая “рамантыка” можа быць прыцягальнай?! Але шапавалы звыкліся з нязручнасцямі, ведаюць, што пасля цяжкай працы абавязкова будзе ўзнагарода — цёплыя валёнкі і не менш цёплыя, душэўныя словы падзякі ад лю­дзей, для якіх ствараўся абутак.

Дарэчы, пра душу. У дрыбінскіх шапавалаў іх дзве. Адну (спецыяльнае прыстасаванне) яны робяць з кардону і закладваюць у валёнак, каб надаць яму будучую форму. Другая душа — тая, што ёсць у кожнага чалавека. Праўда, у дрыбінскіх майстроў яна асаблівая, бо займацца такой адказнай справай могуць толькі людзі ўнутрана светлыя, чыстыя. Дарэчы, адзін з сакрэтаў дрыбінскіх шапавалаў — распачынаць працу са светлымі думкамі. Але вернемся да працэсу стварэння валёнак. Каб закласці ў валёнак “душу”, на стале або дош­ках трэба загадзя разаслаць мокрае палотнішча (“плацік”), на якое кла­дзецца патрэбная колькасць воўны. Потым пачынаецца працэс, які нагадвае работу з цестам. Па воўне трэба то пасту­каць, то падкінуць яе і з усяе сілы ўдарыць аб драўляны стол. Галоўнае — рабіць гэтую справу з добрым настроем, тады і валёнкі атрымаюцца спраўныя.

Пасля таго як усе месцы правалены, майстар выварочвае іх, пачынаючы з насавой часткі. Для надання валёнкам належнай формы ў іх пры дапамозе спецыяльнага малатка забі­ваюць “калодку”, а ў халяву — пярэднія і заднія “правідлы”. Апошнім этапам з’яўляецца сушка. Праводзіць яе лепш за ўсё на печы ці ў яе сярэ­дзіне, але без вуголля. Калі валёнкі высахнуць, іх чысцяць дротавай шчоткай. Усё, можна насіць на здароўе!

Лапці-лапаточкі

Насіць валёнкі можна не толькі зімой. І вясной, і восенню назе ў іх не будзе ні горача, ні холадна. Што тычыцца лета, то ў даўнейшыя часы самым папулярным сялянскім абуткам былі, канечне, лапці. Яны былі распаўсюджаны на ўсёй Беларусі, аднак толькі традыцыйная тэхналогія пляцення дрыбінскіх, а дакладней кароўчынскіх, лапцей уключана ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей. І зроблена гэта невыпадкова. Наведаемся ў кароўчынскі Дом рамёстваў, дзе мясцовыя школьнікі асвойваюць на занятках узорнага гуртка “Лапаточак” сакрэты, здаецца, нескладанага і не такога ўжо рэдкага рамяства.

“Тыповымі на Дрыбіншчыне былі лапці з ліпавага лыка з адкрытымі насамі і пяткай. Мясцовыя жыхары называюць іх проста лапці, па энцыклапедычных даных гэтыя лапці адносяцца да тыпу так званых зрачых. Іх плялі ў кожнай сялянскай сям’і. Аборы ў дрыбінскіх лапцях “забарсоўваліся” ў “забарсні” — завесы з сярэдніх “курчыкаў” (вушак), зацягваліся накрыж на ўзды­ме нагі, 2—3 разы перакрыжоўваліся і завязваліся. Быў і адмысловы (для святочнага абутку) спосаб завяз­ваць абору — “у казельчык”. Па ўспа­мінах старажылаў, былі на Дрыбіншчыне і лапці, падобныя на лапці маскоўскага тыпу — касога пляцення. Мясцовыя жыхары называюць іх смаленскімі. Старажытнае рамяство становіцца ўсё больш запатрабаваным. А вось як рабіць сапраўдныя лапці, ні ў старадаўніх, ні ў сучасных кнігах не знайсці”, — паведаміла дырэктар Дома рамёст­ваў Таццяна Ула­дзіміраўна Сіроціна.

Выйсце толькі адно: пакуль жывыя носьбіты гэтага спрадвечнага рамяства, неабходна наведвацца да іх і пераймаць сакрэты ўмельства. Менавіта так і зрабілі супрацоўнікі Дома рамёстваў. Разам з вучнямі і настаўнікамі Кароўчынскай сярэдняй школы яны наведалі ўсіх старажылаў, падрабязна запісалі, сфатаграфавалі працэс пляцення лапцей. У выніку была напісана і навуковая работа, дзякуючы якой старадаўні і калісьці папулярны промысел быў унесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей. Што цікава: усе майстры, якія расказвалі пра традыцыйнае пляценне лапцей, — жанчыны. Гэта можна растлумачыць гістарычнымі падзеямі. Калісьці пляценне лапцей было выключна мужчынскай справай, аднак пасля Вялікай Айчыннай вайны (дарэчы, з яе падзеямі на тэрыторыі раёна можна азнаёміцца ў музеі Дрыбінскай сярэдняй школы) колькасць мужчын зменшылася, таму за справу ўзяліся жанчыны.

Супрацоўнік кароўчынскага Дома рамёстваў В.В.Маісеева.

“Сёння толькі мы з вучнямі з’яўляемся носьбітамі сакрэтаў пляцення кароўчынскіх лапцей, бо старыя людзі, якія валодалі гэтым майстэрствам, ужо, на жаль, адышлі ад нас. Два гады назад гуртку “Лапаточак” было прысвоена званне ўзорнага. На занятках дзеці вывучаюць гісторыю пляцення лапцей, робяць сувенірную прадукцыю, розныя кампазіцыі. У гэтым годзе пацвердзілі званне ўзорнага і працягваем працу”, — паведаміла кіраўнік “Лапаточка” Жанна Іванаўна Жорава. Калі вас зацікавяць усе этапы пляцення лапцей, супрацоўнікі Дома рамёстваў з радасцю дапамогуць. Гасцям тут заўсёды рады, як і госці, якія наведваюцца ў Дом рамёстваў, пакідаюць яго з добрым настроем. Пераканайцеся! Прыедзьце на Дрыбіншчыну!

Выдатным прыкладам плённага супрацоўніцтва школы і Дома рамёстваў з’яўляецца таксама работа аб’яднанняў па інтарэсах “Сонейка”, “Пчолка”, а таксама “Чароўная лялька”, які працуе на базе Кароўчынскай сярэдняй школы. Асабліва ганарацца на Дрыбіншчыне лялькай-дрыбшай. У яе вобразе ўвасобілася легенда пра ўзнікненне Дрыбіна. Калісьці ў гэтым краі жыў адзін мужычок. Ні гаспадаркі ў яго не было, ні грошай. Пачухаў ён аднойчы патыліцу і вырашыў нешта рабіць: завёў гаспадарку, свойскую жывёлу, у хуткім часе і ажаніўся. Канечне, гэта легенда. На самай справе, развіццё Дрыбіна звязана з імем былога ўладальніка мястэчка Отана Ціханавецкага, які ў XVIII стагоддзі захацеў павялічыць колькасць падданых, таму запрасіў сяліцца ў Дрыбін усіх ахвочых. Сярод прыезджых былі выхадцы з сучасных Смаленскай і Ніжагародскай абласцей Расійскай Федэрацыі, дзе быў распаўсю­джаны шапавальны промысел. Пасяленцы не страцілі свайго майстэрства, а пачалі актыўна вучыць мясцовае насельніцтва. Так шапавальства распаўсюдзілася па тэрыторыі Дрыбіншчыны. Народныя ўмельцы рабілі не толькі валёнкі, але і рукавіцы, галаўныя ўборы для сялян. Стваралі таксама спецыяльныя рукавіцы і валёнкі для фурманаў.

Ж.І.Жорава знаёміць з тэхнікай завязвання лапцей.

Мясцовы каларыт

Сёння юныя дрыбінскія шапавалы робяць не толькі сувенірныя валёнкі. Папулярнасцю карыстаецца таксама стварэнне арыгінальных карцін з каляровай воўны. Наколькі цікава, захапляльна дзеці гэта робяць, можна пераканацца па фотаздымках. І, канечне, вывучаецца гісторыя развіцця шапавальства на Дрыбіншчыне. Як паведаміла дырэктар Раённага цэнтра дзіцячай творчасці Дрыбіна Алена Мікалаеўна Шабунёва, у кожнай рабоце вучні і педагогі імкнуцца перадаць мясцовы каларыт, паказаць роднае, адметнае, тое, што адрознівае жыхароў Дрыбіншчыны ад суседніх раёнаў. “Выхаваўчая работа цэнтра накіравана на адра­джэнне спрадвечных народных свят і абрадаў. Добрай традыцыяй стаў уд зел у штогадовым рэгіянальным фестывалі “Дрыбінскія таржкі”, дзе выхаванцы цэнтра і педагогі праводзяць майстар-класы, выставы, прадстаўляючы свае вырабы, сярод якіх шмат сувеніраў з воўны. Гэтыя вырабы ствараюцца ўдзель­нікамі аб’яднання па інтарэсах “Вытокі”. Дзейнасць аб’яднанняў цэнтра “Пазнаем свой край” (працуе на базе Цёмналескага ясляў сада — базавай школы), “Дрыбінскія вытокі”, “Велатур” накіравана на фарміраванне ў дзяцей любові да роднага краю, вывучэнне народных традыцый і абрадаў, захаванне гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны малой ра­дзімы”, — паведаміла Алена Мікалаеўна.

Т.У.Сіроціна з лялькай-дрыбшай.

Добрыя валёнкі

Справа, якой займаюцца героі нашага матэрыялу, абавязкова прынясе плён. Можна не сумнявацца, што і праз сто гадоў, гэтак жа, як і ў пачатку ХІХ, ХХ  або ў ХХІ стагоддзі, на вуліцах Дрыбіна можна будзе пачуць незвычайныя, амаль забытыя, але адроджаныя нашымі сучаснікамі ўнікальныя словы: “Шымськія ў бальва шкорні!” Здагадаліся? “Добрыя ў цябе валёнкі!”

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.