Сігнальныя карткі 

- 13:03Портфолио

Мнематэхніка як сродак маўленчага развіцця дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі.

Якасць жыцця дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў першую чаргу залежыць ад навыкаў паводзін, сацыяльнай уключанасці, камунікатыўных здольнасцей. Асаблівасці маўленчага развіцця выяўляюцца не толькі ў запазненні маўлення, але і ў характары яго праяўлення. Найбольш значнымі прычынамі беднасці слоўнікавага запасу ў гэтых дзяцей з’яўляюцца нізкі ўзровень разумовага развіцця, абмежаванасць уяўленняў і ведаў пра навакольны свет, зніжэнне патрэбнасці ў маўленчых і сацыяльных кантактах, а таксама слабасць вербальнай памяці. 

Перада мной паўстала пытанне, як палепшыць умовы карэкцыі і развіцця звязнага маўлення і памяці дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі. Я вырашыла задзейнічаць у рабоце з выхаванцамі, якія вучацца ў старшых класах па праграме другога аддзялення дапаможнай школы, адзін з нетрадыцыйных метадаў — мнематэхніку. Дыдактычным матэрыялам служаць мнематабліцы — схемы, у якія закладзена пэўная інфармацыя. Дзіця з інтэлектуальнай недастатковасцю з асаблівай цікавасцю ставіцца да мнематабліц, якія складаюцца з малюнкаў. Для яго кожны малюнак не проста выява, а правобраз той ці іншай з’явы ці прадмета, свайго роду наглядная мадэль. Як і любую дзейнасць, работу з мнематабліцамі будую ад простага да складанага. Для таго каб дзеці зразумелі асноўную паслядоўнасць і звязнасць тэксту, утрымалі яго ў памяці, знаёмлю іх спачатку з мнемадарожкай. Гэта дыдактычны матэрыял, схема, дзе змешчана пэўная інфармацыя. Калі дзеці авалодва­юць алга­рытмам работы з мнемадарожкай, яны потым лёгка асвойваюць вучэбныя мнематаб­ліцы.

Мнематабліца найперш нацэлена на стымуляванне асэнсаванай маўленчай актыўнасці. Таму падбіраю і складаю матэрыял так, каб ён адпавядаў інтарэсам дзіцяці, яго патрэбам, быў займальным і прывабным. Знаёмства праз мнематабліцу з групай тэматычна блізкіх слоў аблягчае іх засваенне і запамінанне. На пачатковым этапе прапаную гатовую план-схему, а па меры навучання дзіця ўжо актыўна ўключаецца ў працэс стварэння сваёй схемы, якую запамінае намнога лепш і дакладней. 

Выкарыстоўваю тры віды мнематабліц: развіццёвыя, вучэбныя і інфармацыйныя. Падчас работы з развіццёвай мнематабліцай паказваю яе дзецям і расшыфроўваю закадзіраваную інфармацыю. Разам мы вызначаем лагічныя звязкі, колькасныя і якасныя характарыстыкі. Затым адводжу час на запамінанне. Далей табліца прыбіраецца, і вучні ўзнаўляюць яе графічна па памяці. Прынцып работы з вучэбнай мнематабліцай крыху іншы, паколькі яна ўтрымлівае, як правіла, незнаёмую дзецям інфармацыю. У такім выпадку асноўную задачу бяру на сябе, асабліва калі гэта першая мнематабліца ў пэўным кірунку. З такімі мнематабліцамі працую па наступных напрамках:

запамінанне матэрыялу па лексічных тэмах: цацкі, посуд, адзенне, агародніна і садавіна, птушкі, жывёлы, кузуркі і інш.;

навучанне расказванню;

завучванне вершаў, прыказак, разгадванне загадак;

навучанне пісьменнасці (запамінанне літар, правіл);

фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў.

Мнематабліцы асабліва эфектыўныя пры навучанні складанню апісальнага апавядання і завучванні невялікіх вершаў. Падобныя схемы дапамагаюць дзецям самастойна вызна­чыць галоўныя ўласцівасці і прыкметы разгледжанага прадмета, устанавіць паслядоўнасць выкладання выяўленых прыкмет. І, безумоўна, узбагачаюць слоўнікавы запас дзяцей. Прымяненне мнемасхем не абмяжоўваецца развіццём звязнага маўлення, іх можна выкарыстоўваць ва ўсіх сферах дзіцячай дзейнасці. Заўважыла, што мнематабліцы значна аблягчаюць і паскара­юць працэс запамінання і засваення тэкстаў, фарміру­юць прыёмы работы з памяццю. Пры гэтым уключаюцца не толькі слыхавыя, але і зрокавыя аналізатары. Дзеці лёгка ўспаміна­юць карцінку, а потым узгадва­юць словы. Улічваючы асаблівасці навучэнцаў з цяжкімі і множнымі парушэннямі, імкнуся прапаноўваць невялікую колькасць матэрыялу, не адзін раз паўтараю паказ дзеянняў з адной і той жа мнематабліцай. Заканчваю практыкаванне пры дасягненні першага выніку, паколькі дзіця хутка стамляецца, не можа доўга працаваць.

Такім чынам, выкарыстанне схем, мадэ­ляў, сігнальных картак дапамагае якасна ажыццяўляць адукацыйную работу з дзецьмі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Праведзеная работа паказала, што прымяненне мнематэхнік — гэта не толькі вельмі цікава і займальна, але і садзейнічае развіццю маўлення, узбагачэнню актыўнага слоўніка, фарміраванню навыкаў выказвання меркаванняў у дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік-дэфектолаг
Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага
навучання і рэабілітацыі Лепеля.