Сіла духу, нейтральнасць у баі, падрыхтоўка

На базе БДУІР прайшла 16-я спартакіяда па армейскім рукапашным баі сярод ваенных факультэтаў БДУ, БНТУ, БДУІР, ГрДУ імя Янкі Купалы, БелДУТ, БДМУ і БДАА. 7 каманд па 7 чалавек, ні секунды цішыні, свяшчэннасць татамі і нечаканыя госці — такімі мы ўбачылі гэтыя спаборніцтвы.

Дыван, прыём, экіпіроўка

Армейскі рукапашны бой (АРБ) — дастаткова малады від спорту. Датай яго нараджэння прынята лічыць 1979 год, калі ў літоўскім Каўнасе на спартыўнай базе 7-й гвардзей­скай паветрана-дэсантнай дывізіі ПДВ прайшоў першы чэмпіянат паветрана-дэсантных войск.

Бой праходзіць на татамі. Калі спартсмены выходзяць за яго межы, схватка спыняецца і тыя вяртаюцца ў цэнтр. Суддзя ацэньвае ўдары рукамі, нагамі, кідкі і болевыя прыёмы. 1 бал даецца за ўдар нагой па назе, удар рукой у корпус і кідок без адрыву абедзвюх ног ад татамі (звальванне). 2 балы — за ўдар нагой у корпус, удар рукой у галаву, кідок з адрывам абедзвюх ног ад дывана. 3 балы — за ўдар нагой па галаве, накдаўн (сапернік падае ад удару, але цягам 10 секунд падымаецца і працягвае бой), рэзкі амплітудны кідок. Чыстая перамога прысуджаецца за накаўт, два накдаўны, болевы прыём ці калі сапернік адмовіўся, не прыйшоў або дыскваліфікаваны. АРБ адрозніваецца ад іншых поўнакантактных адзінаборстваў магчымасцю атакаваць саперніка, які ляжыць на дыване, рукамі і нагамі са становішча стоячы і біць галавой у галаву.

Вельмі ўплывае на бой экіпіроўка. Яна цяжкая, і каб выстаяць 3 мінуты, трэба быць фізічна моцным, трывалым. Спартсмен апранае ракавіну на пах, барцоўкі-футы на ногі, накладкі на галёнкі, ахоўную камізэльку, кімано, пояс, закрыты шлем з сеткай і баксёрскія пальчаткі. Паясы толькі два: чырвоны і сіні.

Быў хуліганам

Арцём Скробат, студэнт 3 курса БДУІР, выступае ў вагавай катэгорыі да 60 кг. Ён нарадзіўся ў Расіі, жыў у Новым Урынгоі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга). У 5 гадоў пайшоў на бокс, у 10 атрымаў званне КМС.

— З самага дзяцінства я быў хуліганам, любіў пабіцца на вуліцы. Спачатку бацькі хацелі запісаць мяне на футбол з маім лепшым сябрам — яго не ўзялі. Ён не надта добра ведаў матэматыку, а яна была для чагосьці па­трэбна на футболе. Без сябра я займацца не хацеў, тады мы разам пайшлі на бокс. Не шкадую аб гэтым, таму што бокс для мяне — гэта стыль жыцця. Я трэніруюся кожны дзень, у Расіі практычна не прапускаў заняткаў, хоць, бывала, на вуліцы тэмпература –40. У школу па гэтай прычыне не хадзіў, а на трэніроўкі — абавязкова.

Перайсці з бокса на рукапашны бой было складана. На першым курсе Арцём адпрацоўваў толькі рукі, потым пачаў дадаваць ногі і барацьбу. Нягледзячы на сваю непадрыхтаванасць, хлопец выступаў на спартакія­дзе з пачатку навучання. Летам 2019 года лётаў у Казахстан на чэмпіянат СНД, дзе заняў 4-е месца. Удзельнічаў у чэмпіянаце сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, чэмпіянаце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

— У нас ёсць два трэнеры — маёр Яўген Васільевіч Дзядкоў і маёр Віктар Анатольевіч Тарайковіч. Мы займаемся кожны дзень, калі ёсць магчымасць, нават па два разы. Спачатку ідзе размінка. Потым маёр Дзядкоў паказвае ўдары ў стойцы, адпрацоўваем гэта. Маёр Тарайковіч паказвае прыёмы барацьбы, болевыя, праход у ногі. Калі ёсць час, стаім у спарынгах. Часам трэба сагнаць вагу, тады ідзём у лазню, саўну.

Сваім першым боем на спаборніцтвах Арцём задаволены. Ён паспрабаваў паказаць не толькі прыгажосць бокса, але і барцоўскія навыкі. Зрабіў прыём “Нажніцы”, калі заскокваеш на праціўніка дзвюма нагамі. Адпрацоўваў яго амаль на кожнай трэніроўцы, вельмі хацеў прымяніць у схватцы — атрымалася.

— Думаю, поспех у баі залежыць ад сілы духу. Калі ты ўжо здаўся сам, баішся саперніка, то ты не выйграеш. Калі ты разумееш, што сапернік больш моцны, але ты ўсё роўна ўстае­ш і робіш неабходнае, ты пераможаш. Сіла духу напрацоўваецца, трэба вучыцца не баяцца самога сябе, пабароць боль.

Кірыл Гіро: “Калі мяне б’юць, па-першае, у мяне трапляюць, гэта ўжо дрэнна, таму трэба глядзець, лавіць момант і не дапускаць гэтага. Калі б’ю я, то адчуваю сам удар і цела саперніка, разумею, што я трапіў, зарабіў ачко і іду да перамогі”.

Званне не дае пераваг

Кірыл Гіро таксама вучыцца ў БДУІР на 3 курсе. На спаборніцтвах ён адзіны, хто мае званне майстра спорту па армейскім рукапашным баі. У школе хлопец займаўся вольнай барацьбой. Калі паступіў у Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, перайшоў на ММА і баявое самба. Ва ўніверсітэце прыйшлося зноў перастройвацца.

— Нарматыў на званне МС я выканаў у сакавіку 2019 года на чэмпіянаце Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Што незвычайна, ён выконваецца два гады. У першы ты павінен перамагчы на спаборніцтвах, а ў другі — стац­ь прызёрам. Званне не дае мне пераваг перад сапернікамі ці дадатковай упэўненас­ці, бо гэта нарматыў, які выконваюць лю­дзі рознага ўзроўню падрыхтоўкі і ўзросту. Плюс АРБ — гэта кантактны від спорту. Хтосьці зараз падрыхтаваны лепш, хтосьці горш, у баі можа адбыцца што заўгодна.

Кірыл спрабаваў сябе і ў камандных відах спорту — гуляў у футбол, валейбол, але ў душу запалі адзінаборствы. Тут ты адказвае­ш сам за сябе: калі прайграў, то менавіта ты прайграў, калі выйграў, то выйграў. У камандных відах спорту ўсё залежыць ад “сумы складаемых” і іх згуртаванасці.

Першыя два курсы Кірыл трэніраваўся пад кіраўніцтвам ужо знаёмага нам маёра Дзядкова. Ён тлумачыў хлопцу спецыфіку гэтага спорту і арганізоўваў падрыхтоўку так, каб развіваць моцныя якасці курсанта. Кірыл — базавы барэц, таму адна з яго лепшых якасцей — барацьба. Зараз ён займаецца па-за межамі БДУІР, у зале адзінаборстваў.

— Ад таго, як трэнер пабудуе трэніровачны працэс, залежыць 40—50% перамогі. Аднойчы я ўпэўніўся ў сваіх думках. Мне трэба было скінуць вагу, але яна чамусьці не “ішла”. Трэнер мяне падбадзёрваў, імкнуўся накіраваць, хацеў, каб я больш аддаваўся заняткам. У выніку вага “пайшла”, я ўпісаўся ў сваю катэгорыю і выканаў нарматыў на майстра спорту.

Дарэчы, трэнер — адзіны, каго чуе Кірыл падчас бою. Агульны шум — гэта ціск, і трэба ўмець яго фільтраваць, каб не збівацца.

Злосць прытупляе розум

Данііл Баброўскі зусім навічок у АРБ, бо вучыцца на 1 курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Да паступлення хлопец 6 гадоў хадзіў на тайскі бокс, таму да спаборніцтваў яго больш падрыхтавалі клубныя заняткі ў родным Навагрудку.

— Лічу, што на турніры трэба ездзіць, каб паказваць сябе і паляпшаць форму. Я пайшоў на ўніверсітэцкія спаборніцтвы, адабраўся і цяпер тут. Да гэтага ні разу афіцыйна не біўся па правілах армейскага рукапашнага бою. Упершыню апрануў экіпіроўку, было цяжка і нязвыкла. Перад боем успамінаў настаўленні трэнера з Навагрудка. Зараз яго тут няма, таму прыйшлося тэлефанаваць, кансультавацца. Трэнеры-афіцэры таксама мяне падтрымлівалі.

Усе схваткі ў рамках спартакіяды праходзілі ў спартыўна-аздраўленчым цэнтры БДУІР. У якую залу ісці, разумееш адразу: адтуль даносяцца дзясяткі мужчынскіх галасоў. Заходзіш і перад табой — вялікае татамі. На адной частцы ідуць баі, на другой — размінка, падрыхтоўка, апошняя настройка. Дыван акружаюць невялікія сцежкі падлогі, застаўленыя розным абуткам. Зайсці на жоўта-чырвона-сіняе поле можна толькі ў шкарпэтках ці басанож. Каля адной сцяны — некалькі лавак для балельшчыкаў, але гэтага не хапае. Асабліва калі, здаецца, цэлы ўзвод курсантаў пасля пары прыходзіць паглядзець на баі. Сярод гледачоў ёсць і некалькі дзяўчат. Дзве з іх — на працы (медыцынскія супрацоўніцы, якія з цікавасцю здымаюць на відэа чарговы баявы прыём), астатнія, напэўна, прыйшлі падтрымаць любімых.

Данііл перад кожнымі спаборніцтвамі адчувае хваляванне, бо ўпэўнены: калі ты прыйшоў на бой, табе не ўсё роўна, як ён скончыцца. Хочацца паказаць, што ты не дарэмна трэніраваўся, не дарэмна правёў свой час. У забабоны хлопец не верыць. Наколькі ты аддаваўся на трэніроўках, наколькі ты трывалы — вось што сапраўды ўплывае на выступленне.

Да ўдараў спартсмен прызвычаіўся. Гэта нармальна ў практыцы рукапашнікаў, баксёраў: ты б’еш, табе прылятае.

— Каб дасягнуць поспеху, ніколі не трэба злаваць, бо злосць прытупляе розум. Не варта біцца на эмоцыях, лепш думаць, быць спакойным, прыгадваць, глядзець, што робіць сапернік, усё ўлоўліваць. Напэўна, у кожнага байца гэта з гадамі напрацоўваецца і потым ён б’ецца аўтаматычна. Усё, што адпрацоўваецца ў зале, мозг на спаборніцтвах выдае за секунду.

Раскрыць талент

Па выніках двух дзён 1-е каманднае месца ў спартакіядзе заняў ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы, 2-е месца — ваенна-тэхнічны факультэт БНТУ, 3-е месца — ваенны факультэт БДУІР.

— Для таго каб займацца ў нас, а тым больш выступаць, хлопцы павінны мець хаця б нейкія мінімальныя навыкі і не менш за 3-і спартыўны разрад. Да спаборніцтваў мы падводзім адзінкі, якія сапраўды з’яўляюцца лепшымі, — гаворыць начальнік кафедры тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы палкоўнік Уладзіслаў Іванавіч Гаўронік. — Мы спрабуем раскрыць таленты кожнага, улічваючы, з якога віду спорту хто прыйшоў. На гэтай спартакіядзе, напрыклад, у нашай каман­дзе з 7 чалавек двое раней выступалі ў гіравым спорце. Хлопцы шматгранна развіты, што дазваляе ім праявіць сябе ў розных відах спорту. Таксама выкладчыкі трымаюць агульнафізічную падрыхтоўку ў курсантаў на высокім узроўні.

У вагавой катэгорыі да 60 кг перамог Мікіта Качура (БНТУ), да 70 кг — Кірыл Гіро (БДУІР), да 75 кг — Уладзіслаў Семянкоў (ГрДУ імя Янкі Купалы), да 80 кг — Данііл Паўлаў (БДАА), да 85 кг — Андрэй Марцінкевіч (БДУІР) і вышэй за 85 кг — Уладзіслаў Агрызка (БНТУ).

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Марыі КАЖДАН.