Сіла настаўніцкага пераканання

Тамара Пятроўна Шылёнак у сярэдняй школе № 2 Глыбокага працуе амаль 40 гадоў. І ўвесь гэты час прывівае вучням любоў да роднай мовы і свайго краю. Яна пераканана, што калі працуеш шчыра і самааддана, то дзеці палюбяць твой прадмет і на ўрокі будуць ісці з ахвотай.

Сілу такога пераканання ў свой час Тамара Пятроўна адчула на сабе, калі была вучаніцай. Сваю школьную настаўніцу мовы і літаратуры Інесу Фёдараўну Карэўскую (цяпер жыве ў Оршы) Тамара Пятроўна заўсёды ўспамінае з падзякай, бо яна змагла настолькі захапіць юную Тамару, што тая стала настаўніцай. Свой уклад у педагагічны лёс маёй гераіні ўнесла і настаўніца геаграфіі Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева, заслужаны настаўнік Беларусі, якая значна пашырыла геаграфічныя і жыццёвыя гарызонты Тамары Пятроўны.

Нягледзячы на цяжкасці і жыццёвыя праблемы, у школу Т.П.Шылёнак заўсёды прыхо­дзіць з задавальненнем. За час работы змянілася некалькі пакаленняў вучняў, але ўсе яны былі і застаюцца шчырымі на эмоцыі людзьмі. Кожнае дзіця — гэта цэлы свет, які, магчыма, адразу і не ахопіш. Але ж гэта так цікава і захапляльна — адкрываць дзіцячы свет, дапамагаць спасцігаць новае, ды і самому вучыцца. Так, цяперашнія вучні вельмі мабільныя і тэхнічныя, у іх ёсць чаму павучыцца. І Тамара Пятроўна карыстаецца такой магчымасцю.     

“Урокі Тамары Пятроўны багатыя па змесце, разнастайныя па форме і метадах навучання, адрозніваюцца творчым характарам. Сваю работу будуе на прынцыпах педагогікі супрацоўніцтва, улічваючы індывідуальныя асаблівасці, інтарэсы і схільнасці вучняў. Пастаянна імкнецца развіваць іх творчыя здольнасці. Паспяховай рабоце настаўніцы спрыяе прадуманасць планавання не толькі ўрока, але і ўсёй сістэмы ўрокаў па тэме. Асаблівасць яе ўрокаў — плённая праца ўсіх навучэнцаў. Дасягаецца гэта дзякуючы выкарыстанню рознаўзроўневых заданняў, памятак, схем, табліц, кластараў і г.д.”, — расказала дырэктар школы Жанна Афанасьеўна Кандрацьева.

Тамара Пятроўна з 2016 па 2018 год прымала ўдзел у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнтнасцей вучняў ва ўмовах профільнага навучання”. Сваімі напрацоўкамі актыўна дзялілася на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Народная асвета”, право­дзіла ўрокі для дарослых, выступала на навукова-практычных канферэнцыях. “Мне вельмі падабаецца метапрадметнае навучанне, бо яно спрыяе актыўнасці дзяцей на ўроку. Мне здаецца, што за метапрадметным навучаннем будучыня”, — заўважыла настаўніца.

Тамара Пятроўна — апантаны краязнавец, на сваіх уроках фарміруе ў вучняў патрыятычныя пачуцці, мэтанакіравана развівае нацыянальную самасвядомасць, выхоўвае павагу да багатай беларускай культуры, гісторыі і літаратуры. Яе ўрокі мовы — гэта своеасаблівыя даследаванні, на якіх вучні вызначаюць, ці быў Францыск Скарына ў Глыбокім, а Вішнёвы фестываль прахо­дзіць толькі ў Глыбокім ці не?

“Нядаўна вывучалі Максіма Гарэцкага, дык высветлілі, што ён быў у Глыбокім падчас Першай сусветнай вайны. Дзесяцікласнікі былі ўражаны. Калі вывучалі Уладзіміра Караткевіча, таксама праводзілі даследчую работу. У нас нават ёсць верш, напісаны рукой Караткевіча. Датуецца 1967 годам. Артыст тэатра Алесь Лабанок адзначыў, што гэты верш быў напісаны ў 1975 годзе, а мы даказалі, што раней, прад’явіўшы арыгінальны рукапіс (Караткевіч заўсёды пісаў толькі чорным чарнілам). Уладзімір Караткевіч бываў у Глыбокім не раз. Ён жа знайшоў у нас магілу Ігната Буйніцкага, пісаў пра наш дэндрапарк, ведаў дачку Вацлава Ластоўскага, якая таксама з нашай глыбоцкай зямлі. Веданне такіх фактаў дабаўляе цікавасці і гордасці за малую радзіму нашым вучням”, — па­дзялілася Тамара Пятроўна.

Настаўніца вядзе сістэматычную і мэтанакіраваную пазакласную работу з навучэнцамі па падрыхтоўцы да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Яе вучні — пераможцы раённых, абласных конкурсаў даследчых работ. Тамара Пятроўна і сама займаецца даследаваннямі. На рэспубліканскіх чытаннях, прысвечаных Дню пісьменства і друку ў 2014 годзе, прадстаўляла сваю работу “К.Дуж-Душэўскі — асветнік і гуманіст”.

Нядаўна разам з унучкай яна склала свой радавод да шостага калена. Сямейныя даследчыцы высветлілі, што ў іх родзе былі дзве сястры — мастачкі-самавучкі, з якімі сябраваў Язэп Драздовіч. Самі яны пісалі абразы (некаторыя вісяць у глыбоцкай царкве), але да гэтага часу захаваўся і дыван, зроблены імі ў духу творчасці Дра­здовіча. Дарэчы, дачка маёй гераіні — настаўніца малявання. Генетычны код працуе.

Пад кіраўніцтвам Тамары Пятроўны ў свой час у школе быў адкрыты літаратурна-края­знаўчы музей “Літаратурная Глыбоччына”, у якім сабраны багаты матэрыял пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры Глыбоцкага краю: Я.Пачопку, П.Мядзёлка, А.Дубровіча, Вацлава Ластоўскага, А.Жыгунова, М.Баравік, І.Жарнасек і інш. Матэрыялы школьнага музея (больш за 400 экспанатаў) перададзены ў дзяржаўны музей Глыбокага.

Т.П.Шылёнак удзельнічала ў стварэнні кніг пра Глыбоччыну “Пралеска сіняй Беларусі”, “Памяць. Глыбоцкі раён” (1-е выданне) для факультатыўнага курса “Мой край Глыбоччына”. Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства народнай адукацыі БССР, граматамі Міністэрства адукацыі, аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.