Сіла студэнцкага братэрства

- 8:48Актуально, Апошнія запісы

Міжнародны адукацыйны форум адзінства замежных выпускнікоў беларускіх (савецкіх) ВНУ і краін СНД праходзіць з 4 па 9 кастрычніка ў Мінску і Брэсце. Для актывізацыі прафесійных кантактаў, абмену перадавым вопытам і ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, навукі і бізнесу ў Мінск прыехалі прадстаўнікі 42 краін (больш за 130 чалавек). Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў ВНУ, Сусветная асацыяцыя выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў.

Праграма для ўдзельнікаў форуму вельмі насычаная: наведванне ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў, пленарнае пасяджэнне з абмеркаваннем далейшых шляхоў супрацоўніцтва, тэматычныя панэльныя дыскусіі, фестываль “Адукацыя, навука і культура — без меж”, устаноўка памятнага знака на тэрыторыі комплексу “Студэнцкая вёска”, урачыстае адкрыццё клуба інтэрнацыянальнай дружбы замежных студэнтаў і выпускнікоў, работа выставы нацыянальных культур, дэкаратыўна-прыкладнога і сучаснага мастацтва “АРТ-цэнтр”, наведванне гістарычных месцаў і знакавых культурных аб’ектаў Беларусі.

У аўторак на тэрыторыі Студэнцкай вёскі прадстаўнікі розных дзяржаў — былыя студэнты беларускіх універсітэтаў — разам з міністрам адукацыі нашай краіны Ігарам Карпенкам заклалі капсулу на месцы ўстаноўкі будучай кампазіцыі “Студэнцкае братэрства” — сімвала яднання студэнцкай моладзі. Кампазіцыя будзе выканана ў выглядзе кветкі з пяццю пялёсткамі, якія сімвалізуюць пяць кантынентаў, а ў цэнтры суквецця — краіна, якая аб’яднала студэнтаў, — Беларусь.

“Я рады вітаць вас на гэтым сімвалічным, але разам з тым значным для нас мерапрыемстве. Кожны з прысутных тут альбо быў у свой час студэнтам, альбо з’яўляецца ім сёння і разумее, наколькі важны гэты перыяд у жыцці. Любая дзяржава робіць стаўку на моладзь, здольную браць адказнасць за будучыню сваёй краіны, і робіць усё неабходнае, каб стварыць для гэтага адпаведныя ўмовы.

Навукоўцы аднаго з універсітэтаў, адсачыўшы лёс сваіх выпускнікоў, вызначылі, што дружба, якая пачынаецца са студэнцкай лаўкі, доўжыцца на працягу ўсяго жыцця. І гэтым адносінам не могуць перашкодзіць ні межы, ні геаграфічная аддаленасць”, — зазначыў Ігар Карпенка.

Міжнародная супольнасць выпускнікоў універсітэтаў увесь час пашыраецца. Сёння ў нашай краіне вучыцца каля 25 тысяч чалавек са 109 краін свету. “Міжнародная супольнасць выпускнікоў нашых універсітэтаў расце з году ў год. Беларусь ганарыцца тым, што выхаваныя ёю высакакласныя спецыялісты годна прадстаўляюць у сваіх краінах навуковыя і адукацыйныя традыцыі айчыннай вышэйшай школы і імкнуцца захоўваць сувязь з Беларуссю. Спадзяюся, што ў будучыні кампазіцыя “Студэнцкае братэрства” стане рэальным увасабленнем адзінства выпускнікоў у Беларусі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Выпускнікі-замежнікі ў сваю чаргу адзначылі, што навучанне ў нашай краіне пакінула ў іх самыя цёплыя ўражанні. “Беларусь стала нашым другім домам”, — гаварылі яны.

У гэты ж дзень адбылося адкрыццё клуба інтэрнацыянальнай дружбы замежных студэнтаў і выпускнікоў, на базе якога прайшла сустрэча міністра адукацыі з выпускнікамі. Гаварылі пра арганізацыю больш цеснага ўзаемадзеяння, якое прынясе карысць усім.


Міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў трэці дзень Міжнароднага адукацыйнага форуму адзінства замежных выпускнікоў беларускіх (савецкіх) ВНУ і краін СНД. Кіраўнік ведамства зачытаў прывітальны адрас намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння. 

Мерапрыемства праходзіла на базе гасцініцы “Беларусь”, дзе была прадстаўлена выстава-прэзентацыя ўстаноў вышэйшай адукацыі “Адукацыя будучыні”. Тут свае дасягненні і напрацоўкі прадставілі БДУ, БНТУ, БДУІР, ГрДУ імя Янкі Купалы, БДМУ, БДПУ імя Максіма Танка, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі і іншыя вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі. 

“Выпускнікі, якія заканчвалі беларускія ці савецкія ВНУ, маю ць сувязь са сваімі ўніверсітэтамі. Сёння тэндэнцыя да інтэграцыі ў адукацыйнай сістэме сусветная. Яна дазваляе цэментаваць эканамічныя і палітычныя адносіны, што развіваюцца паміж краінамі. Думаю, што асноўная размова будзе весціся пра якасць адукацыі, далейшае ўдасканальванне адукацыі, узаемадзеянне з краінамі-партнёрамі. Сёння ў Беларусі вучацца студэнты са 109 краін свету. Вельмі важнымі з’яўляюцца пытанні падтрымання сувязі з гэтымі выпускнікамі, іх перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. І краіны-партнёры таксама зацікаўлены ў тым, каб падрыхтаваныя ў нашай краіне спецыялісты вярталіся сюды за ўдасканальваннем сваёй падрыхтоўкі. Таксама важным пытаннем з’яўляецца функцыя-наванне Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ ў Рэспубліцы Беларусь”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Па словах міністра адукацыі, актыўнаму ўкараненню разнастайных адукацыйных форм і методык спрыяюць вялікая хуткасць развіцця ведаў і вялізны скачок інфармацыйных тэхналогій. Таму суадносіны фундаментальнай і практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў сёння — галоўны складнік, над якім працуе любая ўстанова вышэйшай адукацыі краіны. Ігар Васільевіч заўважыў, што ў развіцці адносін з замежнымі партнёрамі важнай формай інтэграцыі адукацыйных сістэм з’яўляюцца сумесныя праграмы падрыхтоўкі і сумесная выдача двайных дыпломаў. У Беларусі гэтыя напрамкі актыўна развіваюцца з Расіяй, Кітаем, Узбекістанам і Таджыкістанам. У найбліжэйшы час беларускае прадстаўніцтва плануе наведаць з рабочымі візітамі шэраг краін афрыканскага кантынента — у тым ліку Зімбабвэ, ЮАР і інш. 

“У гэтым напрамку трэба рухацца, паколькі пандэмія паказала, што ў людзей не заўсёды ёсць магчымасць прыехаць, а дыстанцыйныя формы навучання эфектыўныя не па ўсіх спецыяльнасцях. Згадзіцеся, падрыхтаваць урача ці інжынера дыстанцыйна вельмі складана”, — перакананы І.В.Карпенка. 

“Тэма форуму сугучная з лозунгам Года народнага адзінства, які праводзіцца ў 2021 годзе ў Беларусі. У нашай краіне на працягу стагоддзяў побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій і культур. Гэтая разнастайнасць стала візітнай карткай Беларусі і яе ўнікальнай спадчынай, якую мы спрабуем захаваць дзеля міру і згоды ў грамадстве, дабрабыту і росквіту будучых пакаленняў. Талерантная палітыка беларускай дзяржавы распаўсюджваецца і на сферу адукацыі, пашыраючы геаграфію замежных навучэнцаў”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Удзельнікі Міжнароднага адукацыйнага форуму адзінства замежных выпускнікоў беларускіх (савецкіх) ВНУ і краін СНД на пленарным пасяджэнні абмеркавалі актуальныя пытанні папулярызацыі айчыннай адукацыі, узаемадзеянне паміж ВНУ, інтэграванне беларускай адукацыі ў міжнародныя адукацыйныя і даследчыя сеткі на розных узроўнях праз узаемадзеянне з рэгіянальнымі асацыяцыямі замежных студэнтаў; кансалідацыю намаганняў рэгіянальных асацыяцый замежных выпускнікоў, устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і краін СНД па ключавых пытаннях павышэння якасці падрыхтоўкі замежных спецыялістаў для работы ў сучасных умовах і інш.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Ірына ІВАШКА.
Фота БелТА і Вольгі ДУБОЎСКАЙ.