Сіла — у адзінстве, адзінства — у міры!

У Оршы навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі прынялі ўдзел у раённым маладзёжным форуме-фестывалі.

Па словах першага сакратара Аршанскага райкама БРСМ Марыі Шматавай, ініцыятыва знайшла масавую падтрымку і бачыцца перспектыўнай: “Мы ўпершыню аб’ядналі два актуальныя напрамкі — форум і фестываль, грунтоўную працу і феерыю мастацкай творчасці, бо наша моладзь вельмі ініцыятыўная і творчая, здольная яскрава перадаць свае думкі і пачуцці не толькі на словах, але і праз песню, музыку, танец, дэкламацыю. Думаю, падобны фармат мае высокія патэнцыяльныя магчымасці для далейшага развіцця і ў хуткім часе набудзе папулярнасць сярод навучэнцаў”. Пляцоўкай правядзення мерапрыемства стаў Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Форум-фестываль “Сіла — у адзінстве, адзінства — у міры!” складаўся з чатырох тэматычных блокаў: “Беларусь мірная”, “Беларусь народная”, “Беларусь гасцінная”, “Беларусь маладзёжная”. У кожным з іх удзельнічалі эксперты: прадстаўнікі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу, замежныя навучэнцы, хто набывае прафесію ў Беларусі, яны ў фармаце адкрытага дыялогу адказвалі на пытанні юнакоў і дзяўчат. Акрамя таго, у ходзе работы тэматычных блокаў выступілі маладзёжныя творчыя калектывы, а ў фае каледжа была разгорнута выстава творчасці моладзі Беларусі і Туркменістана. У рамках рэспубліканскага праекта “Роднае_народнае” ўсім прысутным прапанавалі павязаць чырвона-зялёныя стужачкі і ўручылі сувеніры з дзяржаўнай сімволікай. Звяртаючыся да ўдзельнікаў на адкрыцці форуму, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў засяродзіў увагу на вызначальнай ролі патрыятызму і ведання гісторыі ва ўмовах, калі робяцца спробы яе перапісаць: “На ўроках гісторыі грунтуюцца нашы сучаснасць і будучыня.  Пройдзе зусім няшмат часу, і вам давядзецца прымаць важныя для краіны рашэнні. Не дазваляйце маніпуляваць сабой: любы крок, які будзеце рабіць, любы шлях, які будзеце выбіраць, вы павінны выразна ўсведамляць і рухацца па жыцці мэтанакіравана”. На сацыяльнай накіраванасці дзяржаўнай палітыкі, маштабнай падтрымцы канструктыўных маладзёжных ініцыятыў і выключнай значнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення зрабіла акцэнт і дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу настаўнік-метадыст дапаможнай школы № 24 Оршы Алена Семянкова: “Гераізацыя фашызму — тое, чаго быць не павінна. За нашымі спінамі нябачна стаяць загінуўшыя за мірнае неба над вольнай Радзімай. Дзеля захавання будучыні важна, наколькі мы пра іх памятаем, зберагаем і памнажаем спадчыну”. Запрошаны ў якасці спікера блока “Беларусь мірная” старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Андрэй Баброў падзяліўся асабістымі ўспамінамі і падкрэсліў, што традыцыі дзядоў і прадзедаў, на якіх выхаваны сучаснікі, непахісныя і найкаштоўнейшыя: “Страціць лёгка, вярнуць і аднавіць цяжка. Беларусь — наш агульны дом, і хочацца, каб мы былі паўнапраўнымі гаспадарамі ў ім, ганарыліся нашай гісторыяй і з упэўненасцю глядзелі ў заўтрашні дзень”. Аб сваіх краінах, нацыянальных традыцыях і звычаях, жыцці і вучобе ў Беларусі расказалі навучэнцы з Грузіі і Туркменістана. 

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Аршанскі раённы камітэт БРСМ і Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Па выніках форуму-фестывалю першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў назваў яго зыходным пунктам для аб’яднання будучых маладых прафесіяналаў у розных галінах народнай гаспадаркі і паведаміў: сёлета менавіта ў Оршы плануецца даць старт рэгіянальнаму праекту “Студэнт года. Каледж” сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім раённым камітэтам БРСМ.