Сіла ў адзінстве

- 11:44Навіны рэгіёнаў

“У адзінстве наша сіла” — гэтая ідэя стала лейтматывам абласнога міжведамаснага семінара па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, які прайшоў у Маладзечне.

Клопат аб дзецях, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях — справа няпростая і шматбаковая, таму для вырашэння такіх пытанняў неабходны ўдзел розных спецыялістаў. Яны і сталі ўдзельнікамі семінара. У Маладзечна прыехалі члены абласнога каардынацыйнага савета па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта № 18, намеснікі старшынь рай- і гарвыканкамаў, прадстаўнікі аддзелаў унутраных спраў, начальнiкi ўпраўленняў па адукацыі, спорту і турызму, начальнікі ўпраўленняў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, прадстаўнікі ўстаноў аховы здароўя Мінскай вобласці.

— У Мінскай вобласці сфарміравана міжведамасная сістэма работы па рэалізацыі Дэкрэта № 18. У гэтым кірунку назіраецца станоўчая дынаміка. Аднак пакуль хоць адно дзіця знаходзіцца ў небяспецы — наша работа не завершана, — адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў семінара, І.С.Маркевіч, намеснік старшыні Мінаблвыканкама. — Мэта нашай сустрэчы — вывучыць практычную работу суб’ектаў прафілактыкі Маладзечанскага раёна па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 для далейшага выкарыстання станоўчага вопыту раёна ў вобласці.

Л.М.Канановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у сваім выступленні заклікала ўдзельнікаў на семінары агучыць праблемныя пытанні і разам падумаць, як іх вырашаць.

— Актуальнасць Дэкрэта № 18 была і застаецца бясспрэчнай, як на этапе яго стварэння, так і зараз. Бо сацыяльнае сіроцтва — боль і бяда ўсёй нашай планеты. Задача пераадолення сацыяльнага сіроцтва стаіць перад многімі краінамі, і Беларусь сёння знаходзіцца ў авангардзе вырашэння гэтай няпростай задачы. Краіна пайшла па шляху, аналагаў якому няма ў свеце. Пры гэтым хацелася б падкрэсліць, што галоўным сэнсам абароны правоў дзіцяці было і застаецца захаванне яго біялагічнай сям’і, бо ніхто і нішто не можа сапернічаць з сям’ёй па тых прыродных выхаваўчых рэсурсах, якія ў ёй закладзены, — адзначыла Людміла Мікалаеўна і запэўніла прысутных, што заканадаўцы гатовы разгледзець і падтрымаць ініцыятывы і прапановы, выпрацаваныя па выніках работы семінара.

Пазнаёміцца з вопытам работы Маладзечаншчыны і іншых раёнаў Мінскай вобласці ўдзельнікі семінара маглі падчас работы мабільных секцый і наведаўшы спецыяльна падрыхтаваную выставу. Так, на ёй быў прадстаўлены вопыт метадычнага суправаджэння работы ўстаноў адукацыі вобласці па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці, вопыт работы ўстаноў адукацыі з бацькамі “Ты і я — разам мы сям’я”. Тут можна было пазнаёміцца з сям’ёй Шчурскіх, дарослыя і дзеці ў якой з’яўляюцца выхавальнікамі і выхаванцамі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Шмат цікавага дэманстравалі гаспадары — прадстаўнікі Маладзечанскага раёна. Напрыклад, прэзентавалі Абласны педагагічны праект “Духоўна-маральнае развіццё і станаўленне асобы вучня ў працэсе супрацоўніцтва школы, сям’і і царквы”, а таксама абласны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. Зацікавіліся прысутныя і праектам “Калідорныя дзеці”, які рэалізоўвае сярэдняя школа № 5. Многія яе навучэнцы жывуць разам з бацькамі ў інтэрнаце, што знаходзіцца побач з установай, і калідоры становяцца месцам, дзе яны бавяць вольны час. У выніку рэалізацыі праекта ў інтэрнаце з’явіўся гульнявы пакой, які стаў месцам работы гурткоў, студый і клубаў, пляцоўкай для правядзення сямейных конкурсаў і свят, забаўляльных мерапрыемстваў, адным словам, месцам для правядзення выхаваўчай работы і работы з сям’ёй.

Прадоўжылася мерапрыемства работай пяці секцый. Удзельнікі першай секцыі адправіліся ў вёску Краснае, дзе пазнаёміліся з вопытам міжведамаснага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па рэалізацыі Дэкрэта № 18 на тэрыторыі Красненскага сельвыканкама. Старшыня выканкама В.М.Кісель расказала, што ў вырашэнні пытанняў папярэджання і прафілактыкі правапарушэнняў і недабрабыту важную ролю адыгрывае Савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Удзельнікі другой секцыі абмяркоўвалі ролю СМІ ў рэалізацыі Дэкрэта № 18, пытанні арганізацыі інфармацыйна-прапагандысцкай работы. Секцыя дзейнічала на базе Маладзечанскага кабельнага тэлебачання, сустрэча праходзіла ў форме прэс-цэнтра.

Важны аспект абмяркоўваўся ў трэцяй секцыі, якая працавала на базе ЗАТ “Маладзечнамэбля”, — узаемадзеянне органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, унутраных спраў з наймальнікамі па працаўладкаванні абавязаных асоб і забеспячэнні пакрыцця расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Адметна, што да гутаркі далучыліся прадстаўнікі прадпрыемстваў горада — ЗАТ “Маладзечнамэбля”, УП “Камунальнік”, ААА “Велес-Міт”, якія падзяліліся сваім вопытам работы ў гэтым кірунку.

У гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна працавала чацвёртая секцыя, у полі ўвагі якой апынулася роля суб’ектаў прафілактыкі па выкананні комплексу арганізацыйна-практычных мер па рэалізацыі Дэкрэта № 18. Аб арганізацыі ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па супрацьдзеянні гвалту ў сям’і і іншым медыка-сацыяльным наступствам злоўжывання алкаголем гаварылі ў пятай секцыі, якая размяшчалася на базе цэнтральнай раённай бальніцы. Размова адбывалася ў фармаце інтэрактыву.

Работа ў секцыях дала новую інфармацыю і падставу задумацца. Гэтай інфармацыяй і думкамі ўдзельнікі семінара падзяліліся, сабраўшыся разам для абмену меркаваннямі. Усе выступоўцы падкрэслівалі важнасць такіх сустрэч, якія даюць магчымасць абмяняцца вопытам і прааналізаваць работу, якая выконваецца, не толькі са свайго пункту гледжання, але і ўбачыць яе “вачыма” калег з іншых ведамстваў. Удзельнікі семінара плануюць пазнаёміць сваіх калег у раёнах з вопытам, метадамі, формамі і зместам работы, якія яны ўбачылі.

Падводзячы вынікі семінара, Т.В.Апраніч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, паведаміла, што такія сустрэчы будуць праводзіцца кожны квартал. Таксама Таццяна Валянцінаўна паставіла перад педагагічнай грамадскасцю вобласці шэраг канкрэтных задач. Так, ужо ў снежні ва ўсіх інтэрнатах павінен пачаць рэалізоўвацца праект “Калідорныя дзеці” з улікам спецыфікі кожнага раёна. Т.В.Апраніч нагадала аб цесным супрацоўніцтве ўстаноў адукацыі Міншчыны з Беларускай Праваслаўнай Царквой і прапанавала ў наступным годзе на кожных вучэбных занятках прысвячаць тры хвіліны ўрокам маральнасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.