Сіла — у дараванні

Словы пра тое, што чалавек, які даруе, становіцца больш моцным, мая сённяшняя гераіня — Таццяна Мацвееўна Сапроненка — сказала ў самым канцы нашай гаворкі. Тычыліся яны, гэтыя словы, народжаныя вопытам і жыццёвай мудрасцю, адносін дзяцей да сваіх маці. Маці, якіх пазбавалі бацькоўскіх правоў або якія па іншых прычынах не выхоўваюць сваіх сыноў ці дачок. Дзецьмі займаюцца замяшчальныя бацькі, напрыклад, такія як жанчыны ў SOS-дзіцячых вёсках. У адной з іх, у Бараўлянах, што пад Мінскам, ужо 7 гадоў жыве і працуе Т.М.Сапроненка.

7 гадоў — гэта, канечне, немалая частка жыцця, але да таго, як стаць SOS-маці, куды больш значную яго частку Таццяна Мацвееўна была настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Сянна ў Віцебскай вобласці. Да гэтага скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, у якім, дарэчы, зараз вучыцца ў аспірантуры яе дачка Настасся, выкладчыца англійскай і французскай моў. А ў родным горадзе жывуць 4 родныя браты маёй суразмоўніцы, так што, як жыць у вялікай сям’і, яна ведае з дзяцінства, ёй не прывыкаць.

— Апошнім часам у сваёй школе я вяла інтэграваны клас. Мае дзеці былі самыя лепшыя, я ўпэўнена ў гэтым, — расказвае Таццяна Мацвееўна. — Але з-за пэўных жыццёвых акалічнасцей вырашыла змяніць і работу, і месца жыхарства. Мая сяброўка, якая раней працавала ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, прапанавала стаць маці-выхавальніцай у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Мінску. Тэлефаную ёй павіншаваць з Днём настаўніка, а тут такая прапанова! Я прыехала, але пазней, калі даведалася аб рабоце ў SOS-вёсцы, зразумела, што тут маё месца. Прайшла праз конкурс, прайшла стажыроўку і прыкладна праз 3 месяцы пачала разам з памочніцай працаваць з дзецьмі. Тут адбор і падрыхтоўка сур’ёзныя. Я, напрыклад, вельмі ўдзячна сваёй настаўніцы, а цяпер памочніцы Аксане Аркадзьеўне Галай, мы з ёй і зараз працуем разам.

Першай у новай SOS-маці ў адным з прыгожых цагляных домікаў SOS-вёскі з’явілася другакласніца Дзіяна, з якой Таццяна Мацвееўна ўпершыню сустрэлася ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Заводскага раёна сталіцы. Гісторыя дзяўчынкі такая ж, як у многіх іншых дзяцей з нядобрана-дзейных сем’яў, малых з такімі няпростымі і ў той жа час звычайнымі лёсамі многа. Але свой падыход да кожнага шукаць трэба абавязкова. Т.М.Сапроненка, маючы за плячыма вялікі вопыт работы з дзецьмі, гэтыя шляхі знаходзіць. Кажа, што і спецыяльная адукацыя, і педагагічны вопыт спатрэбіліся ў новай рабоце ў поўнай меры.

— Пасля першага тыдня, праведзенага з Дзіянай, я зразумела, што працаваць з ёй трэба вельмі многа, але плён будзе, я гэта дакладна бачыла, — узгадвае мая суразмоўніца. — За два месяцы мая дзяўчынка вельмі падцягнулася, а 3-4 класы скончыла ўжо з сярэднім балам 6,9. У 8 класе ў яе ў канцы года наогул засталася толькі адна “пяцёрка”, усе іншыя адзнакі вышэйшыя. Пасля 9 класа збіраецца паступаць у медыцынскі або ў педагагічны каледж у Мінску. У апошнім ужо вучыцца адна з маіх выхаванак — Жэня.

Што ж, трэба думаць, прыклад Таццяны Мацвееўны стаў для дзяўчат добрым стымулам у выбары педагагічнай прафесіі.

Пасля Дзіяны ў сям’ю з прытулку Мінскага раённага СПЦ у Бараўлянах прыйшла Насця. Таксама з няпростай сямейнай гісторыяй, з неабходнасцю ў лячэнні, з вялікай патрэбнасцю ў звычайных чалавечых зносінах — дзяўчынка нават не гаварыла. Сёлета яна перайшла ў 5 клас з сярэднім балам 6,9, зараз аздараўляецца ў санаторыі, а ўвогуле займаецца іпатэрапіяй, ходзіць у конны клуб.

Пазней да дружнай кампаніі далучыліся Жэня, якая сёлета скончыла 9 класаў, і яе сястра Ксенія. Малодшая дзяўчынка пакуль вызначаецца з будучай прафесіяй, але, як кажа Таццяна Мацвееўна, вельмі падобна на тое, што выбера Ксенія педагагічны каледж, як старэйшая сястра, потым, магчыма, будзе працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх — ёсць у дзяўчынкі і такія думкі.

— Убачыла сясцёр у прытулку СПЦ Заводскага раёна, — расказвае Т.М.Сапроненка. — Памятаю, як выкаціліся да мяне дзве такія вясёлыя каравокія балабушкі, як сонейкі. Я тады спыталася: “Адкуль такія вясёлыя дзеці?” Яны мне вельмі спадабаліся. Так і з’явіліся ў нас, хаця ведаю, што іх тата аднавіў бацькоўскія правы. Пабачым, што будзе.

Да родных бацькоў сваіх выхаванцаў Таццяна Мацвееўна ставіцца як мінімум добразычліва. Яна і сваім дзяўчаткам, і адзінаму хлопчыку гаворыць, што бацькі ў кожнага адны — родныя, радуецца, калі да яе выхаванцаў прыходзяць маці і таты або іншыя блізкія людзі. Калі дзеці даруюць бацькам, прымуць іх, якімі б тыя ні былі, ім будзе лягчэй, пераканана жанчына. Не ўсе SOS-маці гатовы да такой адкрытасці да блізкіх сваіх выхаванцаў, але ў маёй суразмоўніцы пазіцыя цвёрдая: родныя ёсць родныя.

Давялося Таццяне Мацвееўне ўзяць і адразу траіх выхаванцаў іншай SOS-маці, якая звольнілася, — Яну, яе сястру Карыну і Мікіту. Карына з таго часу і школу скончыла, і каледж мастацтваў, працуе, праўда, не па спецыяльнасці. Яна пакуль вучыцца ў школе, у 9 класе, сярэдні бал намячаецца нядрэнны, а прафесію дзяўчына пакуль выбірае. Мікіту ўжо 18, ён навучэнец гандлёвага каледжа, жыве ў інтэрнаце, але дом і сваю названую сям’ю ў Бараўлянах не забывае, наведвае часта.

— Дзеці мае няпростыя, але ўсе добрыя, нам з імі вельмі дапамагаюць тутэйшыя псіхолагі, — усміхаецца Таццяна Мацвееўна. — Я сваім дзецям гавару, што ў жыцці ўсялякае бывае, што склалася так, што яны жывуць у нашай вёсцы, а не ў сябе дома. “Галоўнае, — кажу, — каб вашы будучыя дзеці жылі ў нармальных сем’ях, каб вы былі добрымі бацькамі”. А дрэнных дзяцей няма, ёсць дрэнныя выхавальнікі, гэта несумненна.
Цяпер і, мяркуючы па ўсім, яшчэ на нямала гадоў у будучыні, Таццяна Мацвееўна Сапроненка не збіраецца мяняць свой статус SOS-маці, чакае новых выхаванцаў ва ўтульным чырвоным доміку.

— Мне і работа тут падабаецца, і педагогі, і псіхолагі, з якімі разам працуем. Усе яны — прафесіяналы, добразычлівыя людзі. Мы разам працуем, падтрымліваючы адно аднаго, і так, канечне, лягчэй дапамагаць дзецям. І ў школе да нашых дзяўчынак і хлопчыкаў добра ставяцца, ацэньваюць іх веды і паводзіны справядліва. Як педагог я, канечне, гэта бачу. Я сваіх дзяўчынак таксама вучу і не толькі з урокамі дапамагаю, мы многа размаўляем пра жыццё. Дзяцей трэба любіць і прымаць такімі, якія яны ёсць, з усімі іх асаблівасцямі, інакш не выхаваеш.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *