Сіла — у кампетэнтнасці, праўда — ва ўзаемаразуменні

Тое, што сярод беларускіх педагогаў большая частка — жанчыны, бачна, як кажуць, няўзброеным вокам. Гэты паказчык складае 81%. Не ведаю, якія суадносіны мужчын і жанчын сярод сацыяльных педагогаў, ва ўсякім разе, прадстаўнікоў моцнага полу сярод іх нямала. Менш чым за 2 гады напісала пра трох такіх сталічных педагогаў і аднаго дзяржынскага, і кожны з іх — неардынарная асоба. Гэта радуе, бо многім сучасным дзецям не хапае добрага мужчынскага прыкладу перад вачыма, асабліва калі гаворка ідзе пра няпоўную ці нядобранадзейную сям’ю, пра складаную жыццёвую сітуацыю. Зрэшты, такі добры прыклад ні для каго не лішні.

Cацыяльны педагог займаецца як з малодшымі, так і са старэйшымі вучнямі.

Ключавыя моманты

Прадстаўлю яшчэ аднаго сацыяльнага педагога са сталіцы — Артура Артуравіча Варанцова з гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С.Акрэсціна. Зараз А.А.Варанцоў, дарэчы, не толькі педагог, але і аспірант Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе раней атрымаў спецыяльнасць “Сацыяльная педагогіка, выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі”. Будучая дысертацыя, як разлічвае мой суразмоўнік, стане працягам работы, якую ён вёў, калі быў магістрантам і займаўся тэмай сацыяльна-асобасных кампетэнцый, іх развіцця і сацыяльна-педагагічнага суправаджэння. Цяпер увага А.А.Варанцова больш скіравана на медыякампетэнтнасць. Ён працуе пад кіраўніцтвам свайго любімага педагога, кандыдата педагагічных навук, дактаранта Ганны Уладзіміраўны Пішчовай, як і падчас напісання курсавых, дыпломнай работы, падчас навучання ў магістратуры.

Некалькі гадоў назад Артур Артуравіч удзельнічаў у гарадскім  конкурсу прафесійнага майстэр­ства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” (у раёне перамог з праектам па прававых ведах, прафілактыцы супрацьпраўных паво­дзін). На той час ён зусім няшмат папрацаваў у гімназіі, куды прыйшоў пасля размеркавання, а яшчэ пасля заканчэння… Беларускага медыцынскага каледжа і работы ў адной з медустаноў горада ў аддзяленні рэанімацыі. Кажа, што там было цяжка, затое цяпер можа любому падлетку даходліва растлумачыць, чаму нельга “апус­каць рукі” ў складанай сітуацыі, чаму тое, што здаецца неадольным, можна пераадолець, бо галоўнае — жыццё працягваецца.

— Калі мне хтосьці з дзяцей скардзіцца на цяжкасці, я гавару: “Ты не хворы, я ўпэўнены, што ты справішся”. Зразумела, сам стараюся дапамагчы, падыходжу, калі трэба, да іншых педагогаў, класнага кіраўніка. У рэшце рэшт, мая прафесія прадугледжвае падтрымку і дапамогу, у тым ліку неабход­насць данесці пункт погляду падлетка да настаўніка, калі напрамую ў яго гэта не атрымліваецца.

 Ды і тэмы, што тычацца здароўя, педагог прапрацоўвае з гімназістамі з пункту гледжання не толькі педагогікі, але і медыцыны.

У педуніверсітэт А.А.Варанцоў у свой час вырашыў паступаць не раптоўна: даведаўся пра тое, што, магчыма, праз пэўны час да работы з цяжкахворымі дзецьмі будуць далучаць спецыялістаў, якія маюць і медыцынскую, і педагагічную адукацыю. Ды і маці, таксама педагог, раіла паступаць ва ўніверсітэт. Ідэю аб рабоце з хворымі дзецьмі медыкі рэалізавалі ў рэшце рэшт сваімі сіламі, але студэнт Артур Варанцоў паспеў захапіцца новай прафесіяй, прычым яго зацягнула ўсур’ёз і, відаць, надоўга.

У тэорыі і на практыцы

Праблемы камунікацыі, зносін, сацыяльных кампетэнцый па зразумелых прычынах асабліва цікавяць сацыяльнага педагога.

— У сучасных дзяцей і падлеткаў з гэтым ёсць пэўныя цяжкасці, — гаворыць Артур Артуравіч. — Інтэрнэт дае ім дэмакратычную сістэму зносін: тут усе на роўных, можна гаварыць усё, што думаеш, нікога не абавязаны называць на “вы”, і ў гэтай сістэме многія школьнікі сацыялізаваны. А вось у непасрэдных зносінах падлеткам цяжка гава­рыць так, каб дарослыя лю­дзі іх да канца зразумелі. Часта даводзіцца разбіраць такія сітуацыі, бо розніца паміж пакаленнямі ў наш час намнога больш значная, чым было раней, і гэта тычыцца, канечне, і бацькоў. Для таго каб змякчаць гэтую сітуацыю, і працуем мы, спецыялісты службы СППС. Праўда, нярэдка аказваецца, што сучасныя настаўнікі ся­дзяць у камп’ютары не менш, чым іх вучні, але гэта не заўсёды дапамагае наладзіць плённыя зносіны.

Вырашаючы на практыцы камунікатыўныя і іншыя праблемы, мой суразмоўнік абапіраецца як на вопыт — свой і сваіх калег, так і на тэарэтычныя веды. Бо пры­трымліваецца пастулата пра тое, што тэорыя без практыкі мёртвая, а практыка без тэорыі — небяспечная. Добрая тэарэтычная база, на думку сацыяльнага педагога, — гэта своеасаблівыя акуляры, якія дазваляюць з іншага боку паглядзець на пэўную сітуацыю. А сваю будучую дысертацыю педагог збіраецца пісаць на аснове ўласнай практыкі.

Практыка ж для яго пачынаецца з самых простых дзеянняў, першае з якіх — назіранне за вучнямі. Па­стаяць побач з дзецьмі, пагля­дзець, як яны гуляюць, як паво­дзяць сябе на перапынках, як размаўляюць адно з адным —гэта ўжо спосаб збору інфармацыі для аналізу, для рэфлексіўнай ацэнкі. Такім чынам можна, напрыклад, выявіць, хто дамінуе ў пэўнай групе, і працаваць з дзецьмі, грунтуючыся на гэтых даных.

Немалаважныя, канечне, і зносіны з дзецьмі. У гімназіі, напрыклад, з вучнямі, якія па медыцынскіх паказаннях часова ці пастаянна не наведваюць урокі фізкультуры, займаюцца спецыялісты службы СППС, у тым ліку А.А.Варанцоў. Педагогі выкарыстоўваюць такую магчымасць, каб пагаварыць з дзецьмі на тэмы прафілактыкі правапарушэнняў, адносін у калектыве і г.д. Потым гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца своеасаблівымі праваднікамі, распаўсюджвальнікамі інфармацыі у сваіх класах, сярод равеснікаў. І калі сацыяльны педагог прыхо­дзіць у пэўны клас на інфармацыйную або класную гадзіну, то ўжо ведае, што тут ёсць дзеці, да якіх ён можа звяртацца ў першую чаргу, каб наладзіць кантакт з усімі астатнімі.

Не патрабаваць таго, чаго не можаш сам

Цікавай мне здаецца і такая форма работы сацыяльнага педагога, як арганізацыя сустрэч, гутарак, заняткаў для дзяцей па запытах саміх гімназістаў. Напрыклад, такая работа праводзілася па праблеме кібернебяспекі, якая зараз хвалюе вельмі многіх. Малады педагог дамовіўся з супрацоўнікамі цэнтра “Ювентус”, дружалюбнага да падлеткаў, які размя­шчаецца недалёка ад гімназіі — у 17-й дзіцячай паліклініцы. Але адной сустрэчай у цэнтры распрацоўка тэмы не абмежавалася. Педагог палічыў неабходным пра­працаваць яе з падлеткамі ў гімназіі і дагэтуль час ад часу звяртаецца да яе.

Расказаў Артур Артуравіч і пра тое, як падлеткі зацікавіліся тэмай прафілактыкі ВІЧ, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Што ж, тэма вельмі важная, і тут, канечне, педагогу дапамагла медыцынская адукацыя. Да таго ж ён зноў звярнуўся ў цэнтр “Ювентус”, дзе для падлеткаў правялі некалькі заняткаў, у тым ліку па тэме кантрацэпцыі. Пры­ходзілі невялікімі групамі, каб размова была больш даверлівай і можна было ахапіць значную коль­касць гімназістаў.

Уздымаў педагог (на гэты раз па ўласнай ініцыятыве) і праблему снюсаў (аднаго з відаў жавальнага тытуню), бо лічыць яе актуальнай, ведае, што гэтыя рэчывы могуць выклікаць змяненні свядомасці. Сам сацыяльны педагог не курыць, не ўжывае алкаголю, займаецца спортам, да чаго далучае і дзяцей. А калі неяк спазніўся на заняткі, папрасіў у гімназістаў прабачэння і пасля таго выпадку больш не спазняецца.

Разам з сацыяльным педагогам старшакласнікі рыхтавалі таксама праект па ўжыванні кафеі­наўтрымліваючых напіткаў, праводзілі цэлае сацыялагічнае даследаванне на гэтую тэму і высветлілі, што не толькі падлеткі, але і малодшыя дзеці часта ўжываюць занадта многа такіх напіткаў з магчымай шкодай для здароўя.

— Я не хачу, каб вучні ўспрымалі мяне толькі праз прызму сі­стэмы пакаранняў і заахвочванняў, хачу, каб у іх быў погляд на педагога і праз ідэю навукі, даследаванняў, — тлумачыць свой падыход А.А.Варанцоў.

Бывае, што сацыяльныя заказы паступаюць да спецыялістаў СППС гімназіі і ад бацькоў — напрыклад, па адаптацыі дзіцяці ў пэўным сацыяльным асяроддзі. Праўда, калі спецыялісты выяўляюць у навучэнца пачатковай школы пэўныя асаблівасці псіхафізічнага развіцця і рэкамендуюць звярнуцца, напрыклад, да дэфектолага, не ўсе бацькі пагаджаюцца на гэта, баяцца, што на малым паставяць кляймо. Шкада, бо пазней сітуацыю, можа, і не атрымаецца выправіць.

Зразумела, педагог і яго калегі не пакідаюць без увагі мнага-­дзетныя і апякунскія сем’і, сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. А вось дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, зараз у гімназіі няма. Ёсць падлеткі, якія стаяць на індывідуальным прафілактычным уліку. У любым выпадку супрацоўніцтва з інспектарам па справах непаўналетніх неабходна ў плане прафілактыкі.

— Я разумею, што кожны ча­лавек можа спатыкнуцца, важна дапамагчы яму вярнуцца назад, — кажа мой суразмоўнік. — Мой кабінет заўсёды адкрыты для любога вучня, пры гэтым, канечне, важна вызначыць правільную дыстанцыю ў зносінах, бо дрэнныя як цалкам зарэгламентаваныя адносіны, так і залішняе панібрацтва. Пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце, бо паспрабаваў і тое, і другое — эксперыментаваў. Сацыяльная педагогіка шмат у чым пытанне эксперымента: на кожны клас, на кожнага вучня важна ўздзейнічаць правільна, зыходзячы з яго асаблівасцей. Камусьці дастаткова сказаць, што патэлефаную бацькам, а для кагосьці гэта няважна. Дакладна ведаю, што ўжо нават мой нізкі “пагрозлівы” голас аказвае пэўнае ўздзеянне на вучняў, бо яны прывыклі бачыць мяне вясёлым і пазітыўным.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва гімназіі № 30 Мінска.