Сіла — у сяброўстве

- 9:30Адукацыйная прастора

ІІ Расійска-Беларускі форум дзяцей і моладзі прайшоў у Смаленску

У вялікай размове прадстаўнікоў Расійскага саюза моладзі, Расійскага руху школьнікаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі прынялі ўдзел больш за 500 чалавек: гэта самая буйная анлайн-сустрэча лідараў навучэнскай і студэнцкай моладзі памежных рэгіёнаў абедзвюх краін.

— Удзельнікі падзяліліся сваімі паспяховымі практыкамі, якія мо­гуць быць карысныя замежным сябрам, прадэманстравалі вынікі праектнай дзейнасці за бягучы год, а таксама абмяняліся эфектыўным вопытам работы з дзецьмі і моладдзю, — паведаміла старшыня Віцебскага абласнога Савета БРПА Ірына Яленская. — Прапанаваныя членамі нашай маладзёжнай палаты праекты атрымалі высокую экспертную ацэнку. Напрыклад, адразу аб некалькіх адметных праектах расказалі піянеры з Верхнядзвінска, у тым ліку аб краязнаўчым “Аб малой радзіме па-піянерску!” і экалагічным з патрыятычнай накіраванасцю “Дрэва сяброўства”. Навапалачане пазнаёмілі з праектам “Піянер­скае жаданне”: тут аб’яднаны шэраг дзіцячых ініцыятыў, прычым сёлета ўсе яны паступова пачалі рэалізоўвацца. Полацк прэзентаваў даследчы патрыятычны праект “Дружына імя земляка”, дабрачынны “З верай у сілу дабра” і знакамітую “Піянерскую суботу”. Мы дамовіліся аб некалькіх сумесных акцыях і праектах, адзін з іх плануем запусціць анлайн ужо ў лістападзе.

Старт форуму быў дадзены ў рэгіянальным рэсурсным цэнтры па падтрымцы добраахвотніцтва (валанцёрства), на базе якога ў Instagram быў арганізаваны адкрыты дыялог з кіраўнікамі і актывістамі дзіцячых і маладзёжных арганізацый Смаленскай і Віцебскай абласцей. Затым у рэжыме zoom-канферэнцыі адбыліся круглы стол “Прэзентацыя дзіцячых сацыяльных ініцыятыў грамадскіх арганізацый Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь” і семінар “Сацыяльнае праектаванне. Метады і формы падтрымкі ідэй школьнікаў”.

— Падобныя мерапрыемствы сёння вельмі актуальныя і запатрабаваныя, — выказаў меркаванне першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Важная кожная камунікацыя, калі яна становіцца мостам супрацоўніцтва паміж нашымі дзіцячымі, маладзёжнымі арганізацыямі, а форум якраз і з’яўляецца ў першую чаргу маштабнай камунікацыйнай пляцоўкай, дзе магчымасці ўдзельнікаў значна пашыраюцца. Прагучала шмат цікавых ідэй. У аснову многіх праектаў і праграм закладзены сі­стэмны падыход у рэалізацыі ініцыятыў. Упэўнены: агульнымі намаганнямі ўсё задуманае абавязкова спраў­дзіцца. І, безумоўна, трэцяму форуму быць!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены Віцебскім абласным Саветам БРПА.