Сіла ў тым, каб быць разам

15—16 верасня ў Мінску праходзіў рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў “Маладосць. Праца. Адзінства”, прысвечаны Дню народнага адзінства. У ім удзельнічала 700 прадстаўнікоў студатрадаўскага руху з усіх рэгіёнаў краіны.

У пачатку першага дня форуму студэнты пабывалі ў Парку высокіх тэхналогій, на прадпрыемствах “Атлант”, “БЕЛАЗ”, “МАЗ”, “Камунарка”, “Слодыч” і інш. Прадпрыемствы — патэнцыяльныя месцы працы, таму моладзь абмеркавала з кіраўніцтвам магчымасць сфарміраваць на іх студэнцкія атрады. 

Камандзіры, камісары студатрадаў і кіраўнікі працоўных праектаў БРСМ сустрэліся для адкрытага дыялогу з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігарам Луцкім. Ён адзначыў, што неабходна пашыраць магчымасці працы для моладзі. “Тыя льготы, якія дзяржава вызначыла для студатрадаўскага руху, беспрэцэдэнтныя. На постсавецкай тэрыторыі мы, напэўна, адзіная краіна, якая захавала гэты рух у такім маштабе”.

Традыцыйна ў праграму быў уключаны патрыятычны блок. Моладзь усклала кветкі да Памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі, да стэлы “Мінск — горад-герой”, высадзіла ў парку Перамогі 17  маладых
яблынь, якія ўвасабляюць мір, яднанне і сяброўства. 

У сярэдзіне дня прайшоў яшчэ адзін адкрыты дыялог. Гэтым разам ганаровым госцем стаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. “Зараз у трэндзе праца маладых людзей, якія вучацца. Было б добра, каб такую магчымасць мела як мага большая колькасць вашых равеснікаў, бо гэта афіцыйная праца з нядрэннай аплатай, — сказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Моладзь — наша будучыня. І мы разглядаем адзінства не толькі з таго пункта гледжання, што Беларусь — шматканфесійная, шматнацыянальныя краіна, а што павінна захоўвацца сувязь паміж рознымі ўзроставымі слаямі”.

На сустрэчы падвялі вынікі сёлетніх праектаў, абмеркавалі студатрадаўскія пытанні, праекты будучага года “МАЗ-2022”, “Зубраня-2022” і інш. Дарэчы, у гэтым годзе БРСМ рэалізаваў 5 рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. Больш за 28 тысяч чалавек атрымалі работу. 

Самым масавым мерапрыемствам форуму стаў Рэспубліканскі марафон студэнцкіх атрадаў, на якім сабралася каля 3 тысяч чалавек. Гала-канцэрт ператварыўся ў своеасаблівую вандроўку па Беларусі: прайшла пераклічка атрадаў, кожны прадставіў творчы нумар. Далей марафон паедзе па рэгіёнах і будзе праходзіць у фармаце свята студэнцкіх атрадаў. На ім падвядуць вынікі трэцяга працоўнага семестра, узнагародзяць лепшых удзельнікаў руху. 

Напрыканцы першага дня студэнты зрабілі светлавую інсталяцыю “Адзінства моладзі — сіла Беларусі”. 

16 верасня прайшоў адкрыты чэмпіянат “Ведаю Беларусь” па хуткаснай зборцы спілс-карт. 50 каманд стараліся за найменшы час правільна злучыць магнітныя пазлы, каб у выніку атрымалася карта Беларусі. Пераможцы і прызёры трапілі ў фінал рэспубліканскага чэмпіянату, які запланаваны на канец кастрычніка. 

Марыя ЯЦКЕВІЧ.
Фота аўтара.