Сімбіёз далікатнасці і патрабавальнасці

Шчаслівы той чалавек, які раніцай з радасцю спяшаецца на работу, а вечарам з добрым настроем вяртаецца дадому. Такім чалавекам з’яўляецца Жанна Уладзіміраўна Гардзіеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна.

Вырасла Жанна Уладзіміраўна ў вялікай дружнай сям’і. Бацькі з ранняга дзяцінства прывівалі ёй і дзвюм сёстрам любоў да ведаў. На выбар жыццёвага шляху паўплывала настаўніца матэматыкі Галіна Уладзіміраўна Варабей, якая першай заўважыла цікавасць дзяўчынкі да прадмета і пачала развіваць яе матэматычныя здольнасці. Вынікам іх сумеснай працы сталі перамогі на раённай алімпіяде, а пазней — паступленне на матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У сярэднюю школу № 35 Жанна Уладзіміраўна прыйшла працаваць у 1995 годзе. Будучы настаўніцай матэматыкі, давала шмат адкрытых урокаў для калег, настаўнікаў Кастрычніцкага раёна Гродна, слухачоў Гродзенскага ІРА. Некалькі гадоў Ж.У.Гардзіеўская з’яўлялася кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі нашай школы. Па словах яе калег, кожнае пасяджэнне было дасканала падрыхтавана, заўсёды ўзнімаліся і вырашаліся актуальныя пытанні павышэння якасці выкладання матэматыкі. Жанна Уладзіміраўна заўсёды была прыкладам для сваіх калег. Яна падрыхтавала шэраг пераможцаў другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Пэўны час настаўніца сумяшчала выкладанне матэматыкі з класным кіраўніцтвам. А гэта, як вядома, мора абавязкаў! Адказнасці — яшчэ больш, бо ў класнай сям’і жывуць каля 30 маленькіх людзей, кожны са сваімі праблемамі, характарам, хай невялікім, але вопытам. Як ахапіць неабсяжнае? Як стаць для кожнага дзіцяці ў класе старэйшым сябрам, да якога звернуцца і з радасцю, і з горам? Жанне Уладзіміраўне гэта заўсёды ўдавалася. На вечарах сустрэч яе выпускнікі ўспамінаюць не столькі няправільна разлічаныя алгарытмы, колькі тое, як Жанна Уладзіміраўна дапамагала ім у цяжкую хвіліну, як выхоўвала патрэбу спазнаваць нешта новае, не пакідаць зробленае на паўдарозе, як умела суперажываць, спачуваць, як не лічылася з асабістым часам, хадзіла з дзецьмі ў паходы, праводзіла незабыўныя вечары.

Сёння ў Жанны Уладзіміраўны іншыя вучні. Дзеці, як і раней, чакаюць на ўрок сваю настаўніцу — патрабавальную, але справядлівую, уважлівую, з пачуццём гумару, творчую і гатовую аказаць дапамогу. У ёй гарманічна спалучаюцца сапраўдны прафесіяналізм і высокія чалавечыя якасці. Ж.У.Гардзіеўская пераканана: матэматыка — важны прадмет, але яшчэ важнейшая душа дзіцяці. Гэта вечная філасофія самай вялікай прафесіі на зямлі!   

Меў рацыю дырэктар школы Ігар Валянцінавіч Патэнга, калі ў 2009 годзе прапанаваў Жанне Уладзіміраўне пасаду свайго намесніка. Пяшчотная, далікатная жанчына з моцным унутраным стрыжнем і на гэтай пасадзе працуе творча і самааддана. Яна каардынуе работу ўсяго калектыву па выкананні дзяржаўных адукацыйных стандартаў, накіроўвае намаганні на павышэнне якасці ведаў вучняў і ўзроўню іх развіцця.

Сёння ў школе працуе 6 метадычных аб’яднанняў па прадметах, дзейнасць якіх кантралюе і накіроўвае ў патрэбным напрамку Жанна Уладзіміраўна. Самым вялікім з’яўляецца метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежных моў. Вось што яны сказалі пра нашага завуча: “Жанна Уладзіміраўна — чалавек арганізаваны і мэтанакіраваны. Гэтыя якасці дазваляюць ёй лёгка пераадольваць цяжкасці, знаходзіць незвычайныя рашэнні дзеля атрымання запланаванага выніку, падахвочваць людзей рухацца наперад”.

На працягу многіх гадоў зацікаўленасць Жанны Уладзіміраўны стымулюе педагогаў працаваць эфектыўна. Супрацоўнічаць з ёй камфортна, бо заўсёды ёсць план і выразна сфармуляваная задача, якая разам лёгка вырашаецца.

Пры падрыхтоўцы да педсавета Жанна Уладзіміраўна праводзіць вялікую работу, для таго каб рашэнні прынеслі карысць у навучанні і выхаванні вучняў. Як правіла, спачатку яна праводзіць анкетаванне па праблеме, якая будзе абмяркоўвацца, і толькі пасля яго аналізу ставіць перад кіраўнікамі школьных метадычных аб’яднанняў задачы, якія вырашаюцца ўсім калектывам. Сваімі знаходкамі абавязкова дзеляцца перадавыя педагогі, якія дасягнулі добрых вынікаў па тэме педсавета.

Жанна Уладзіміраўна вельмі зацікаўлена ў павышэнні кваліфікацыі сваіх калег. Кожнага настаўніка яна падштурхоўвае да атрымання больш высокай катэгорыі, наведвае ўрокі педагогаў, якія збіраюцца прайсці атэстацыю, дапамагае ім абагульніць вопыт работы.

У гэтым навучальным годзе каля чвэрці нашых педагогаў — маладыя спецыялісты, якім штодня патрабуецца дапамога завуча. Жанна Уладзіміраўна імкнецца, каб кожнаму з іх у школе было камфортна і ўтульна. За кожным маладым спецыялістам яна замацавала настаўніка-трэнера. У нас дзейнічае школа маладога настаўніка і школа павышэння метадычнага майстэрства настаўнікаў. У канцы кожнай чвэрці праходзяць пасяджэнні гэтых аб’яднанняў, настаўнікі дзеляцца вопытам работы з маладымі педагогамі, арганізуюцца кірмашы педагагічных знаходак.

Шмат гадоў Жанна Уладзіміраўна ставіла добрыя адзнакі сваім вучням. Настаў час, і жыццё ставіць такія ж адзнакі ёй самой — за добрае сэрца і ясны розум, за выдатнае веданне сваёй справы, за метадычнае майстэрства і эрудыцыю. Яе педагагічны талент — сапраўдны маяк для ўсіх нас, прыклад для пераймання.

Таццяна ЧАРНЕЦКАЯ,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна.
Фота Міхаіла ХАМЯКА.