Сімбіёз працоўнага навучання і прафесійнай падрыхтоўкі

Гэты навучальны год азнаменаваны новаўвядзеннем для вучняў агульнаадукацыйных навучальных устаноў. Для тых, хто вучыцца ў 10 класах і ў каго няма профільнага навучання, у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” арганізавана прафесійная падрыхтоўка па той ці іншай рабочай прафесіі з прысваеннем адпаведнага кваліфікацыйнага разраду. Якая нарматыўная прававая база падрыхтавана для гэтага, якія вынікі дала папярэдне праведзеная эксперыментальная работа па апрабацыі гэтага кірунку, якія мадэлі прафесійнай падрыхтоўкі для старшакласнікаў сёння ўкараняюцца, якое змястоўнае насычэнне падрыхтоўкі і па якіх прафесіях — пра ўсё гэта сёння нашым чытачам расказвае Аляксандра ПЯТРОВА, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

— Аляксандра Мікалаеўна, якія ставяцца мэты пры ўвядзенні прафесійнай падрыхтоўкі ў школьнікаў старшых класаў?

— Увядзенне профільнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах агульнаадукацыйных устаноў нашай краіны прадугледжвае ў першую чаргу пашырэнне і ўдасканаленне прафарыентацыйнай работы ў старшакласнікаў, якія не заняты ў профільных класах і яшчэ не вызначыліся, чым будуць займацца пасля заканчэння школы. Менавіта прафесійная падрыхтоўка дазволіць ім зрабіць правільны асэнсаваны выбар, а таксама гарантуе працаўладкаванне, няхай і не на высокакваліфікаваную працу.

Увядзенне прафесійнай падрыхтоўкі ў старшакласнікаў з’яўляецца дзяржаўнай задачай, і наш урад прыняў змяненні ў палажэнне “Аб бесперапынным прафесійным навучанні па прафесіях рабочых”, у частцы, якая тычыцца нормы, што для базавых класаў школы ў рамках вывучэння прадмета “Працоўнае навучанне” прадугледжана прафесійная падрыхтоўка вучняў па прафесіях рабочых і служачых. Як толькі былі ўнесены гэтыя змяненні, пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі пачалася маштабная работа па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах агульнаадукацыйных устаноў.

— Да пачатку масавага ўкаранення прафесійная падрыхтоўка была апрабавана ў эксперыментальным рэжыме. Якія яе вынікі?

— Сапраўды, перад афіцыйным увядзеннем прафесійнай падрыхтоўкі для старшакласнікаў у некалькіх навучальных установах прафесійнай адукацыі нашай краіны праводзілася эксперыментальная работа. Эксперыментальнымі пляцоўкамі з’яўляюцца Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 1, Мінскі прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва, Мінскі ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7. Прафесійную падрыхтоўку ў эксперыментальным рэжыме прайшлі ў 2017 годзе некалькі тысяч школьнікаў. Па выніках навучання абсалютнай большасці навучэнцаў прысвоена кваліфікацыя. Варта падкрэсліць, што звыш 90% апытаных навучэнцаў устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце, і іх бацькоў станоўча ставяцца да арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі для навучэнцаў 10-11 класаў.

— Наколькі падрыхтавана нарматыўнае прававое забеспячэнне прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў?

— Пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы рэгіянальнымі ўпраўленнямі і аддзеламі адукацыі, непасрэдна навучальнымі ўстановамі адукацыі, пачалася распрацоўка нарматыўнай прававой базы для арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі, яе эканамічнага і фінансавага абгрунтавання. Быў праведзены шэраг сустрэч, семінараў на базе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі з удзелам спецыялістаў галіновага міністэрства, прадстаўнікоў рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, навучальных устаноў, метадычных служб. Пытанню рэалізацыі прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў была ўдзелена ўвага і ў навуковых колах.

У выніку напружанай работы да пачатку гэтага навучальнага года быў распрацаваны шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць правядзенне прафесійнай падрыхтоўкі для старшакласнікаў. У інструктыўна-метадычнае пісьмо “Аб арганізацыі ў 2018/2019 навучальным годзе адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў і правядзенні факультатыўных заняткаў пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі” быў укладзены дадатак № 23, які рэгламентуе арганізацыю працоўнага навучання ў 10—11 класах. У ім Міністэрства адукацыі адзначае, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 575 ад 2 жніўня 2018 года рэалізацыя адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” ў 10—11 класах можа ажыццяўляцца на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Зацверджаны тэматычны план па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, у рамках якога рэалізоўваецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) для вучняў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Зацверджаны новы тыпавы вучэбны план для агульнаадукацыйнай установы, дзе ў 10 класе прадугледжана арганізацыя вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. (Раней працоўнае навучанне вывучалі толькі на сярэдняй ступені школы).

Вядзецца распрацоўка метадычных рэкамендацый па арганізацыі адукацыйнага працэсу, вучэбна-праграмнай дакументацыі. Установы адукацыі, якія задзейнічаны ў гэтым працэсе, атрымалі метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы вучэбных праграм па прафесійнай падрыхтоўцы у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Вучэбна-метадычныя цэнтры рэгіёнаў — як самастойныя, так і ў складзе рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі — па рэкамендацыі Міністэрства адукацыі і пад эгідай РІПА арганізавалі распрацоўку вучэбных праграм па пэўных прафесіях. У далейшым паміж рэгіёнамі быў арганізаваны абмен гэтымі праграмамі, вялася каардынацыйная работа, і ў выніку фактычна кожная вобласць сёння мае па большасці прафесій прыкладныя вучэбныя праграмы. Чаму прыкладныя? Заканадаўчая база па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі мае на ўвазе зацвярджэнне вучэбных праграм у той арганізацыі, якая гэтую падрыхтоўку ажыццяўляе. (Дадзенае палажэнне зацверджана Кодэксам аб адукацыі.) Кожная ўстанова адукацыі, што рэалізоўвае праграму прафесійнай падрыхтоўкі, можа ўлічваць стан сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы, асаблівасці свайго рэгіёна, патрэбнасці прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна, і ўнесці свае змяненні ў гэтую прыкладную праграму. Таму ўстановы адукацыі могуць выкарыстаць згаданую праграму ў поўным аб’ёме, калі іх задавальняе яе якасць, альбо змяніць яе з улікам сваіх запытаў і ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі.

— Як вядома, былі прапанаваны тры мадэлі рэалізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў.

— Так. Мы маем тры мадэлі па рэалізацыі прафесійнай падрыхтоўкі вучняў 10—11 класаў. Яны, па сутнасці, умоўныя.

Першая мадэль: арганізацыя заняткаў непасрэдна ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўстановах спецыяльнай адукацыі. Другая мадэль прадугледжвае арганізацыю заняткаў для школьнікаў некалькіх агульнаадукацыйных устаноў на базе адной установы па прынцыпе міжшкольных факультатываў. Па трэцяй мадэлі заняткі арганізоўваюцца на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, а таксама ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых.

Дзве першыя мадэлі больш падыдуць для рэгіёнаў, асабліва там, дзе ўстановы прафесійнай адукацыі адсутнічаюць. Многім агульнаадукацыйным установам, установам ПТА была перададзена матэрыяльна-тэхнічная база вучэбна-вытворчых камбінатаў, якія не так даўно функцыянавалі ў сістэме адукацыі. Выйгрышнай, безумоўна, лічыцца трэцяя мадэль, калі прафесійная падрыхтоўка школьнікаў арганізавана на базе ПТНУ і ССНУ. Гэта тлумачыцца тым, што такія ўстановы першапачаткова нацэлены на атрыманне высокіх разрадаў па пэўных прафесіях, таму аснашчаны сучасным абсталяваннем, інструментам, маюць кваліфікаваных майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін.

І пазіцыя галіновага міністэрства зразумелая: арганізоўваць прафесійную падрыхтоўку школьнікаў у сетцы навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, асноўнае прызначэнне якіх — рыхтаваць кадры па прафесіях, і дзе ёсць усе ўмовы для гэтага і назапашаны пэўны вопыт. У Мінску ў некаторых установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі дадаткова створаны спецыяльныя аддзяленні прафесійнай падрыхтоўкі, улічваючы большую, чым у рэгіёнах, колькасць навучэнцаў 10—11 класаў.

— Цікава, якія прафесіі выбраны для падрыхтоўкі школьнікаў? Што вы ўлічвалі, калі складалі іх пералік?

— Загадам міністра адукацыі № 669 “Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у 10—11 класах устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе” вызначаны пералік прафесій для падрыхтоўкі школьнікаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне” для 10—11 класаў. Хачу адзначыць, што папярэдне на ўсіх узроўнях органаў кіравання адукацыяй, непасрэдна ў агульнаадукацыйных установах, з заказчыкамі кадраў вывучалася пытанне, якія прафесіі павінны ўвайсці ў гэты пералік. Былі вывучаны запыты школьнікаў, іх цікавасць да засваення той ці іншай прафесіі. Акрамя таго, было прааналізавана, наколькі рэгіёны і сталіца маюць патрэбу ў пэўных прафесіях. Мы цесна ўзаемадзейнічалі з рэгіянальнымі рынкамі працы, непасрэдна са службамі занятасці, каб гэты пералік не быў, так бы мовіць, фармальны, а адпавядаў менавіта патрэбнасцям рэгіёнаў у кадрах. Па кожным з прапанаваных відаў дзейнасці аналізавалася бяспека працы, умовы навучання для непаўналетніх школьнікаў. У рэшце быў складзены самы аптымальны пералік прафесій, які будзе не дагматычным, а мабільным і які можна будзе карэкціраваць з улікам прапаноў і згодна з рэаліямі жыцця. На сённяшні дзень ён разнастайны і ахоплівае многія галіны эканомікі і сацыяльнай сферы. У спіс увайшло каля 80 прафесій. Сярод іх візажыст, пакаёўка, муляр, бетоншчык, маляр, агароднік, садавод, фрэзероўшчык, прадавец, цырульнік, тынкоўшчык, швачка, электраманцёр, фатограф, рэзчык па дрэве, рабочы зялёнага будаўніцтва, кухар, пекар, пячнік, афіцыянт. Як бачна, выбар прафесій — на любы густ і з улікам высокай запатрабаванасці іх на рынку працы. Але пералік усё ж такі абмежаваны. У рамках прадмета “Працоўнае навучанне”, якому адводзіцца каля 420 гадзін, вельмі цяжка засвоіць якую-небудзь складаную прафесію, напрыклад, звязаную з наладкай і эксплуатацыяй абсталявання з праграмным кіраваннем. Такія кадры рыхтуюць не ў школе і не ў рамках прафесійнай падрыхтоўкі, а ў спецыялізаваных прафесійных установах, дзе навучэнцы могуць атрымаць больш высокую кваліфікацыю.

— Якія нявырашаныя пытанні выявіліся у арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся навучальныя ўстановы?

— Агульнаадукацыйным установам складана выконваць у поўным аб’ёме патрабаванні тарыфна-кваліфікацыйных і кваліфікацыйных характарыстык па пэўных прафесіях. Пакуль ёсць праблемы ў арганізацыі практычнага навучання, вытворчай практыкі, у аснашчэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Але спадзяёмся, што з цягам часу гэтыя праблемы будуць вырашаны. Што тычыцца ўстаноў прафесійнай адукацыі, то там таксама ёсць свае нюансы, з якімі мы сутыкнуліся першы раз. Правядзенне прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” прадугледжвае пэўныя патрабаванні па атэстацыі навучэнцаў, па запаўненні вучэбна-плануючай дакументацыі, якія навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі раней не ажыццяўлялі, таму што вучэбныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі маюць сваю дакументацыю. Але не зважаючы на цяжкасці, сімбіёз прадмета “Працоўнае навучанне” і прафесійнай падрыхтоўкі дае вялікія магчымасці для далейшага развіцця як агульнаадукацыйных устаноў, так і ўстаноў прафесійнай адукацыі. Усе пытанні, што ўзнікаюць у ходзе гэтай работы, можна вырашаць кансалідавана, арганізоўваючы сумесныя нарады і семінары.

Паралельна з арганізацыяй прафесійнай падрыхтоўкі працягваецца метанакіраваная работа (пад кіраўніцтвам супрацоўніка РІПА М.В.Ільіна) па праграмна-метадычным забеспячэнні гэтага працэсу, рэалізуецца інавацыйны праект на базе ўстаноў ПТА Мінска, Магілёва, Гомельскай і Гродзенскай абласцей.

— А на якім узроўні знаходзіцца сёння дапрафесійная падрыхтоўка школьнікаў? Чым яна адрозніваецца ад прафесійнай?

— Дапрафесійная падрыхтоўка прызначана для навучэнцаў 8—11 класаў і рэалізоўваецца падчас факультатыўных заняткаў па асновах выбару прафесіі. Ужо адпрацаваны механізмы яе арганізацыі. Некаторыя вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў па дапрафесійнай падрыхтоўцы прайшлі экспертызу РІПА, НІА і зацверджаны Міністэрствам адукацыі праграмы факультатыўных заняткаў. Дапрафесійная падрыхтоўка дазваляе заняць навучэнцаў як карыснай працай, так і падрыхтаваць іх да будучай прафесіі. Яна дае магчымасць вучням паспрабаваць свае сілы ў розных відах прафесійнай дзейнасці, каб яны маглі сарыентавацца, што ім больш падабаецца. Калі прафесійная падрыхтоўка больш накіравана на атрыманне рабочай прафесіі, гатоўнасці да выканання канкрэтных вытворчых функцый, то дапрафесійная падрыхтоўка — на прафарыентацыю, каб пасля 9 альбо 11 класа школьнік быў больш матываваны, а не выпадкова выбіраў сваю адукацыйную траекторыю.

На сайце РІПА створаны раздзел “Дапрафесійная, прафесійная падрыхтоўка школьнікаў”, дзе сканцэнтраваны ў тым ліку метадычныя рэкамендацыі, нарматыўнае прававое забеспячэнне па прафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне”. Там можна знайсці і пералік прафесій, па якіх рыхтуюць школьнікаў. У далейшым на сайце мы плануем стварыць банк вучэбна-праграмнай дакументацыі, які будзе даступны для ўсіх катэгорый работнікаў сістэмы адукацыі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.