Сімбіёз тэорыі і практыкі

Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Хімія” і “Біялогія” былі вызначаны ў Віцебску.

Правядзенне тэарэтычных тураў і пражыванне ўдзельнікаў былі арганізаваны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Практычныя туры праходзілі на базе Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта (па хіміі) і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава (па біялогіі). Як праінфармавала намеснік дырэктара ВДТК па вучэбнай рабоце Вольга Іванова, для правядзення заключнага этапу алімпіяды былі прадастаўлены 33 кабінеты ў двух вучэбных карпусах, уключаючы 8 кабінетаў з неабходнай камп’ютарнай і аргтэхнікай, былі задзейнічаны педагогі ўстановы адукацыі, забяспечана якаснае харчаванне. Месцам пражывання для ўсіх каманд стаў размешчаны ў крокавай даступнасці ўтульны інтэрнат каледжа, здадзены ў эксплуатацыю ў канцы мінулага года; там жа фіналістам былі прапанаваны пакоі для самападрыхтоўкі.

— У нас пражывалі 268 навучэнцаў у скла дзе каманд і 32 іх кіраўнікі, члены журы, — расказала Вольга Вячаславаўна. — Уразіла, як шчыра падтрымліваюць адзін аднаго ўдзельнікі, наколькі цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і дзеляцца вопытам педагогі, што суправаджаюць дзяцей. Кажучы мовай біялогіі, атрымаўся эфектыўнысімбіёз.

— Мы пастараліся не толькі строга выканаць абавязковыя патрабаванні, якія прадугледжваў чацвёрты этап алімпіяды, але і зрабіць усё для таго, каб нашы шаноўныя госці адчувалі сябе максімальна камфортна і бяспечна, каб маглі засяродзіцца на выкананні пастаўленых задач і пры гэтым не марнавалі час на вырашэнне нейкіх арганізацыйных ці бытавых пытанняў, — дапоўніў дырэктар кале джа Аляксандр Ласякін. — Алімпіяда заўсёды звязана з напружанай разумовай працай і высокімі эмацыянальнымі нагрузкамі. Каб эмацыянальна разгрузіць фіналістаў, кіраўнікоў каманд і членаў журы, мы запрасілі іх у нашы аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі — у нас дастаткова эфектыўна працуе вялікі спартыўны комплекс, і на час алімпіяды ён быў у значнай ступені пераарыентаваны на работу з удзельнікамі. У праграму таксама ўвайшла азнаямленчая экскурсія па Віцебску з наведваннем гістарычнай часткі горада і яго памятных мясцін. Акрамя таго, былі арганізаваны экскурсіі па індывідуальных запытах для малых груп, дзе ў ролі экскурсаводаў выступілі нашы валанцёры з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў.

Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Аляксеева акцэнтавала ўвагу на тым, што ў гэтым годзе Віцебская вобласць прымала фіналістаў рэспубліканскай алімпіяды па пяці вучэбных прадметах, і выказала падзяку за праведзеную работу галоўнаму ўпраўленню па адукацыі аблвыканкама, мясцовым аргкамітэтам і ўстановам адукацыі, на пляцоўках якіх адбываліся алімпіядныя туры і дзе пражывалі ўдзельнікі.

У заключным этапе алімпіяды па хіміі прынялі ўдзел 137 навучэнцаў 9—11 класаў. Старшыня журы, дацэнт кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ, кандыдат хімічных навук Наталля Бабарыка падкрэсліла, што хімію як навуку і вучэбны прадмет немагчыма ўявіць без практыкі, навыкаў работы ў лабараторыі са спецыяльным абсталяваннем і рэактывамі. Таму нават тэарэтычны тур утрымліваў практыка-арыентаваныя заданні.

— Калі чалавек на практыцы выконвае заданне, яго разуменне хіміі становіцца намнога глыбейшым і ён больш дакладна бачыць разнастайнасць рэчываў і з’яў, — выказала меркаванне Наталля Яўгенаўна. — Пры рашэнні тэставых заданняў і тэарэтычных задач першага тура навучэнцы паказалі дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі. Хацелася б вылучыць дзевяцікласніка з Гродзенскай вобласці Глеба Баравога. Зразумела, заданні на паралелях адрозніваліся па ўзроўні складанасці, але па колькасці балаў самы высокі вынік паказаў менавіта гэты ўдзельнік. У практычным туры дзевяцікласнікі пераважна добра разабраліся з вызначэннем якаснага саставу раствораў. У некаторых навучэнцаў 10 класа выявіліся складанасці з выкананнем комплекснага задання, дзе патрабавалася правесці якасны і колькасны аналіз прапанаваных рэчываў, устанавіць не толькі састаў, але і канцэнтрацыю аднаго з раствораў метадам фільтравання — але правалаў не было. Адзінаццацікласнікам прапаноўвалася правесці дастаткова складанае працаёмістае даследаванне, каб вызначыць канцэнтрацыю ўтрымання кафеіну ва ўзоры кавы. Работа ўключала многа стадый. Паспяхова справіліся з ёй алімпіяднікі, якія максімальна акуратна і дакладна выканалі ўсе адлюстраваныя ў методыцы дзеянні і пры гэтым прадэманстравалі грунтоўныя навыкі работы ва ўмовах лабараторыі. Але якраз тут узніклі пэўныя цяжкасці: па выніковым пратаколе можна прасачыць, што асобныя ўдзельнікі, якія мелі высокі бал у тэорыі, знізілі яго на практычным туры. Разам з тым парадавалі тыя навучэнцы, якія набралі за практычны тур на названай паралелі найвышэйшы бал.

Як адзначыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Сеген, у заключным этапе алімпіяды па біялогіі сёлета ўдзельнічалі 132 навучэнцы 9—11 класаў. У цэлым яны на ўсіх паралелях выступілі годна і прадэманстравалі добрую падрыхтаванасць. Па словах старшыні журы, дацэнта кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ, кандыдата біялагічных навук, дацэнта Аксаны Несцеравай, у тэарэтычным і практычным турах не было задач, якія выклікалі б складанасці ва ўсіх навучэнцаў адразу — справіліся больш-менш роўна. Найлепшыя вынікі прадэманстравалі Хрысціна Карачун (9 клас, Мінск), Аліса Аляксеева (10 клас, Віцебская вобласць) і Станіслаў Усачоў (11 клас, ліцэй БДУ).

— У практычным туры на базе нашага ўніверсітэта дзевяцікласнікі традыцыйна выконвалі заданні па батаніцы, заалогіі і анатоміі чалавека, па 1,5 гадзіны ў кожным кабінеце, — пракаменціраваў намеснік старшыні журы, дацэнт кафедры заалогіі і батанікі факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук ВДУ імя П.М.Машэрава Леанард Мяржвінскі. — Авось у 10 класе, у адрозненне ад мінулых гадоў, змяніліся і асобныя тэсты, і практыка. Апошняя ўключала кабінеты экалогіі, агульнай батанікі і фізіялогіі чалавека. У 11 класе гэта былі хімія, малекулярная біялогія і фізіялогія раслін. Сярод прапанаваных заданняў сустракаліся даволі цікавыя, напрыклад, па анатоміі — вызначыць косткі ступні, выразаць з каляровай паперы неабходныя элементы і скласці ма дэль або па батаніцы — вызначыць расліны па кветках. У большасці выпадкаў навучэнцы прыемна здзівілі нас сваімі ведамі.

З ліку фіналістаў, якія прадэманстравалі самыя высокія вынікі, будуць вызначаны ўдзельнікі міжнародных алімпіяд. Спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны Давіду Мацкевічу (сярэдняя школа No 2 імя Ге рояў Дняпроўскай флатыліі Пінска) па хіміі і Івану Міхедаву (гімназія No 8 імя В.І.Казлова Жлобіна) па біялогіі. Дыпломамі І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ўзнагароджаны: па хіміі — Глеб Баравой (гімназія No 2 Бабруйска), Андрэй Мамаеў (сярэдняя школа No 4 Рагачова імя У.С.Вялічкі), Дзмітрый Міняйла (ліцэй No 2 Мінска), Уладзіслаў Бадзюкоў (гімназія No 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава), Уладзіслаў Глатанкоў і Мацвей Дакімовіч (ліцэй БДУ), Аляксей Бобрык (гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна), Канстанцін Ганчарык (гімназія No 29 г.Мінска), Аліна Тумашык (гімназія No 37 г.Мінска), Мацвей Баклажац (Гродзенская гарадская гімназія); па біялогіі — Станіслаў Усачоў (ліцэй БДУ), Ульяна Валчанкова (гімназія No 10 Мінска), Арцём Раманоўскі (сярэдняя школа No 67 Гомеля), Надзея Ушчапоўская (сярэдняя школа No 31 Гродна), Хрысціна Карачун (гімназія No 33 Мінска), Сцяпан Звяжынскі (гімназія No 41 г.Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Дзмітрый Волкаў (гімназія No 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава), Аліса Аляксеева (сярэдняя школа No 16 Полацка), Уладзіслаў Ачкоўскі (гімназія No 5 Баранавіч), Валерыя Мартыненка (гімназія No 10 Мінска) і Ксенія Сімукова (сярэдняя школа No 45 Магілёва).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алесі ДУБРОЎСКАЙ і Алены МІЦЬКАВЕЦ.