Сімуляцыя “чырвонай зоны”

- 12:00Адукацыйная прастора

Адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Беларусі — Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж — адзначыла 145­-годдзе. З нагоды юбілею ва ўрачыстай атмасферы была адкрыта лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў.

 У юбілейных мерапрыемствах прыняў удзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

Абсталяванне лабараторыі, прадугле­джанай рэспубліканскім праектам “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, пачалося яшчэ ў 2020 годзе, пад яе ў будынку каледжа было адведзена асобнае крыло. Усё неабходнае для лабараторыі атрымлівалі паэтапна і па меры паступлення ўключалі ў адукацыйны працэс.

У лабараторыі абсталявана дзе­сяць вучэбных кабінетаў. Тут ёсць усё неабходнае для заняткаў: высокатэхнічныя фантомы з маніторамі зваротнай сувязі, маніпуляцыйныя столікі, інтэрактыўныя дошкі, мікраскопы і многае іншае. Тут можна адпрацоўваць дзеянні па інтубацыі, штучнай вентыляцыі лёгкіх, непрамога масажу сэрца і іншыя маніпуляцыі. Ёсць усе магчымасці для таго, каб асвоіць працэдуры медыцынскага догляду, навучыцца аказваць неадкладную даўрачэбную дапамогу.

У лютым 2021 года ў каледжы таксама была абсталявана сімуляцыя “чырвонай зоны”. Такое абсталяванне дазваляе навучэнцам атрымаць уменні і навыкі для таго, каб працаваць у стацыянарах і прафесійна аказваць дапамогу.

— Лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў абсталявана больш як 80 фантомамі, якія заснаваны на прынцыпах зваротнай сувязі, светлавая або гукавая індыкацыя дазваляе ацаніць правільнасць выканання працэдуры, што адразу бачаць і навучэнец, і выкладчык. Такім чынам маніпуляцыя адпрацоўваецца да аўтаматызму, і ў гэтым праяўляецца практыка-арыентаванасць нашай установы адукацыі. Выпускнікі прыходзяць у сістэму аховы здароўя падрыхтаванымі спецыялістамі. Лабараторыя была нам вельмі неабходна, тут самае сучаснае высокатэхнічнае і высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе максімальна наблізіць сітуацыю да рэальнай у практычнай ахове здароўя, — расказаў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Валерый Пашук.

Гісторыя першай навучальнай установы для падрыхтоўкі сярэдніх медыцынскіх работнікаў на гродзенскай зямлі пачалася з павівальнай школы, адкрытай 1 кастрычніка 1876 года. З гадамі мяняліся назвы, установа была фельчарска-акушэрскай школай, фельчарска-акушэрскай і фармацэўтычнай школай, медыцынскім вучылішчам, а з 2003 года перайменавана ў медыцынскі каледж. Як адзначыў Валерый Пашук, задачы заўсёды былі адны — падрыхтаваць высокапрафесійных і канкурэнтаздольных спецыялістаў сярэдняга звяна для ўстаноў аховы здароўя. Усяго за перыяд з 1976 па 2021 год было падрыхтавана 11 306 маладых спецыялістаў.

Да гэтага года каледж рыхтаваў маладых людзей па чатырох спецыяльнасцях: “Сястрынская справа” (кваліфікацыя “медыцынская сястра”), “Лячэбная справа” (кваліфікацыі “фельчар-акушэр”, “памочнік ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе”), “Медыка-дыягнастычная справа” (“фельчар-лабарант”) і “Лячэбны масаж” (“тэхнік масажыст”). У 2021/2022 навучальным годзе адкрыта яшчэ адна спецыяльнасць — “Медыка-прафілактычная справа” з падрыхтоўкай фельчара-гігіеніста, эпідэміёлага.

Гродзенскі медыцынскі каледж адрозніваецца ад іншых падобных профільных устаноў адукацыі тым, што тут ёсць адзіная ў краіне спецыяльнасць для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (інвалідаў па зроку) — “Лячэбны масаж”, выпускнікі якой атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік масажыст”. За час функцыянавання спецыяльнасці з 1993 года падрыхтавана 566 спецыялістаў.

У каледжы вучацца маладыя людзі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Туркменістана, Азербайджана, Камеруна, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Ганы і іншых краін.

У 2021 годзе да працы прыступілі 313 маладых спецыялістаў. Абавязковае размеркаванне дазваляе маладым людзям гарантавана атрымаць першае працоўнае месца і ўжо на практыцы замацаваць і развіць навыкі, якія яны атрымалі падчас вучобы.

Матэрыялы Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.