Сімвал мужнасці, вернасці, служэння Айчыне

Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса ўзору 1844 года вярнуўся на гістарычную радзіму

Зацверджанае Мікалаем І у 1830 годзе “Палажэнне аб губернскіх кадэцкіх карпусах” абвяшчала аб стварэнні такога корпуса ў Полацку, хаця той не з’яўляўся губернскім цэнтрам. Установа адкрылася ў 1835 годзе і да 1917 года ажыццяўляла выхаванне, навучанне і падрыхтоўку да воінскай службы юных дваран Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай, Віленскай і Беластоцкай губерняў.

Ад іншых кадэцкіх карпусоў імперыі полацкі прыкметна адрозніваўся дэмакратызмам: тут усе, незалежна ад чыноў і заслуг, гаварылі паміж сабой на “ты”. У верасні 1914 года корпус эвакуіравалі з горада, кадэтаў размеркавалі паротна па Сімбірскім, Уладзікаўказскім і Адэскім карпусах, пры гэтым палачане захавалі сваю форму. У 1918 годзе быў аддадзены загад аб абавязковай здачы старых імператарскіх сцягоў для ўтылізацыі. Палкі розных гарнізонаў прадпісанае выканалі, іх сцягі былі знішчаны. Калі пра загад даведаліся палачане, кадэты 7 класа вырашылі выратаваць свой сцяг. Адцягваючы на сябе ўвагу, група кадэтаў учыніла бойку на вачах у каравула. Тым часам двое юнакоў праніклі ў царкву, дзе знаходзіўся сцяг, зрэзалі палотнішчы, абгарнулі вакол сябе пад формай, вынеслі і непрыкметна далучыліся да строю кадэтаў, які ішоў міма.

З рызыкай, у шэрагу выпадкаў — коштам жыцця, кадэты збераглі сваю святыню: вывезлі спачатку ў Сербію, дзе яна стала галоўным сцягам І рускага вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча кадэцкага корпуса ў горадзе Белая Царква (які аб’яднаў кадэтаў з розных карпусоў дарэвалюцыйнай Расіі, па сутнасці сцяг стаў агульна­расійскім), а ў гады Другой сусветнай вайны — у Злучаныя Штаты Амерыкі.

У 2010 годзе ў Полацку пачало працаваць кадэцкае вучылішча. Чатыры гады назад у верасні ўстанове адукацыі была ўрачыста перададзена дакладная копія рэліквіі з прымацаваным да палотнішча невялікім фрагментам арыгінала. Да нядаўняга часу славуты кадэцкі сцяг захоўваўся ў сінаідальным Знаменскім саборы Нью-Ёрка. У мінулую суботу падчас святкавання 175-годдзя сцяга Полацкага кадэц­кага корпуса адбылася перадача гістарычнага артэфакта Полацкаму кадэцкаму вучылішчу.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Мікалай Шаўчук, старшыня рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў палкоўнік запасу Сяргей Жыціхін, ганаровы старшыня Адкрытай садружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў Расіі генерал-маёр Аляксандр Уладзіміраў, старшыня праўлення Беларускага фонду міру дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максім Місько, начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, іншыя ганаровыя госці, а таксама прадстаўнікі педагагічных і навучэнскіх калектываў, грамадскіх арганізацый Полаччыны.

У фае цэнтра культуры “Полацк” навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча прадставілі выставачную экспазіцыю, прысвечаную Полацкаму кадэцкаму корпусу; агульную прыўзнята-святочную атмасферу падтрымліваў духавы аркестр вайсковай часці 5530. Палачане прэзентавалі яркую мастацкую рэтраспектыву з элементамі харэаграфіі і тэатралізацыі, праглядам дакументальных кінастужак. Перад вачыма прысутных паўстаў складаны шлях, пройдзены сцягам Полацкага кадэцкага корпуса, ажылі постаці падзвіжнікаў, дзякуючы якім у дзень свайго 175-годдзя рэліквія вярнулася на радзіму.

— Адбываецца знамянальная падзея не толькі для Полацкага кадэцкага вучылішча, устаноў адукацыі сістэмы кадэцкай адукацыі нашай рэспублікі, але і для ўсёй міжнароднай садружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў, — адзна­чыў Сяргей Жыціхін. — Святая святых кадэцкага братэрства, за 175 гадоў сцяг пражыў няпростае, трагічнае і велічнае жыццё, нямала павандраваў па свеце. У ім увасоблена крыштальна чыстая гісторыя самаадданасці, доблесці і вернасці. Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў пачаў займацца вяртаннем старэйшага воінскага сцяга Беларусі на радзіму ў 2012 годзе, потым да гэтай важнай справы далучыліся нашы браты з Расіі. У ходзе перагавораў у ЗША з захавальнікамі рэліквіі было прынята рашэнне зрабіць з яе копію, бо арыгінал ператварыўся ў вельмі крохкую субстанцыю. Новы сцяг вышывалі ўручную. Літаральна па сантыметры рэліквію ўдалося аднавіць у яе першапачатковым выглядзе. Для цырымоніі асвячэння ў палатно была ўманціравана невялікая кішэнь, у якую ўклалі часцінку арыгінала. У 2015 годзе сучасны сцяг быў перададзены Полацкаму кадэцкаму вучылішчу, менавіта ён цяпер з’яўляецца афіцыйным сімвалам установы адукацыі. Сёння вяртаннем гістарычнага сцяга мы падводзім вынік нашай вялікай сумеснай работы.

Адзін з сучаснікаў, які стаіць ля вытокаў вяртання артэфакта, — Максім Місько, на той час першы намеснік старшыні рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў. Віншуючы прысутных са святам, Максім Уладзіміравіч выканаў прыжыццёвую волю аднаго з захавальнікаў сцяга на чужыне — Валянціна Мантуліна — і перадаў моладзі тры галоўныя запаветы старшага кадэта: “Берагчы гонар мундзіра”, “Да кожнай жанчыны адносіцца, як да роднай маці”, “Самае галоўнае для кадэта — служэнне Радзіме”.

— Кадэты — наш нацыянальны набытак. У 1701 годзе Пётр І напісаў указ аб адкрыцці першай установы кадэцкай адукацыі, Навігацкай школы ў Маскве. Першы кадэцкі корпус стварыла ў 1732 годзе Ганна Іаанаўна, потым іх колькасць значна вырасла. Затым успыхнула грамадзянская вайна — і іх нібыта не стала, — расказаў Аляксандр Уладзіміраў. — Але яны жылі. Аказалася, што гэтая пераемнасць служэння Айчыне ніколі не перарывалася. І ўвасоблена яна менавіта ў полацкім сцягу. Кадэцкі рух паспяхова развіваецца ў Беларусі, яму аказваецца маштабная дзяржаўная падтрымка. У 2017 годзе ў Нью-Ёрку была ажыццёўлена перадача святынь імператарскіх палкоў і кадэцкіх карпусоў у Расію згодна з рашэннем рускіх кадэцкіх аб’яднанняў за мяжой. Захавальнікам гэтых рэліквій да канца жыцця быў князь Уладзімір Галіцын, які з годнасцю выканаў свой абавязак, перадаў нам сцягі, але, на жаль, практычна праз тыдзень яго не стала. Сцягі былі спецыяльна ўпакаваны і праз тры дні дыпламатычнай поштай дастаўлены ў Маск­ву, дзе іх прыняў мой сувораўскі брат Ігар Іваноў. Мы падтрымалі ідэю перадац­ь полацкі артэфакт на радзіму. На да­дзены момант у Расіі 300 тысяч чалавек штодня садзяцца за парты ў кадэцкіх карпусах, школах, класах. Усе мы — юныя кадэты, іх выкладчыкі, больш за 200 тысяч ветэранаў кадэцкага руху — сёння дзякуем Богу за магчымасць выканаць гэты пачэсны абавязак. Перадача мае два асноўныя сэнсы: першы — гістарычная справядлівасць, другі — развіццё, крок наперад. Ад імя ветэранскіх аб’яднанняў, выпускнікоў і калектываў сувораўскіх, нахімаўскіх вучылішчаў і кадэцкіх карпусоў Расіі я ўпаўнаважаны звярнуцца да нашых вярхоўных галоўнакамандуючых Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна з прапановай стварыць на аснове Полацкага кадэцкага вучылішча на тэрыторыі Беларусі Полацкі кадэцкі корпус Саюзнай дзяржавы, зрабіць Полацк агульным цэнтрам нашага кадэцкага руху.

Пад сцягамі кадэцкіх вучылі­шчаў, спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі Адкрытай са­дружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў Расіі ўручылі гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса Мікалаю Шаўчуку і дырэктару Полацкага кадэцкага вучылішча палкоўніку Станіславу Красоўскаму. Артэфакт змешчаны ў спецыяльны футляр, які забяспечвае аптымальныя ўмовы захоўвання. Так склаліся абставіны, што сцяг вярнуўся на радзіму праз 105 гадоў.

— Атрыманне бясцэннай рэліквіі — знак асаблівага гонару для палачан, — падкрэсліў Мікалай Шаўчук. — Подзвіг некалькіх пакаленняў захавальнікаў сцяга будзе жыць у нашых сэрцах і памяці. Падрастае новае пакаленне кадэтаў, якія перанялі ад сваіх старэйшых таварышаў пачуццё воінскага гонару, сяброўства, братэрства, годнасці і гарачае імкненне служыц­ь Радзіме. Мы ўпэўнены, што ў кадэцкай сістэмы адукацыі — вялікая будучыня. Гэта моцны духоўны і маральны арыенцір для моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.