Падчас удзелу ў VI Міжнароднай Scratch-алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці паказалі выдатны вынік і занялі 1-е месца ў рэйтынгу сярод рэгіёнаў краіны.
Фінал мерапрыемства прайшоў у фармаце завочнага конкурсу, у якім змагаліся 277 удзельнікаў, 57 з іх — з нашай краіны.
Сёлета Scratch-алімпіяда праводзілася 6-ы раз і сабрала будучых распрацоўшчыкаў і інаватараў з усіх куткоў свету. Што тычыцца беларускага нацыянальнага адборачнага этапу, то ён праводзіцца з мэтай падтрымкі ініцыятыў навучэнцаў і педагогаў у вывучэнні крэатыўнага праграмавання на візуальнай мове Scratch.
“Школьнікі з усіх куткоў краіны на працягу года працавалі над праектамі ў асяроддзі праграмавання Scratch і Robboscratch, каб паўдзельнічаць у нацыянальным адборачным этапе Scratch Olympiad, які праходзіў у дыстанцыйным фармаце, — тлумачыць начальнік аддзела ўкаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лізавета Аляксееўна Вятошка. — Удзельнікі спаборнічалі ў стварэнні анімаваных гісторый, камп’ютарных гульняў, робатаў, віртуальных разумных дамоў, а таксама электронных адукацыйных рэсурсаў па вывучэнні візуальнай мовы праграмавання Scratch і Robboscratch. Безумоўна, ступень складанасці задання залежала ад узроставай катэгорыі і выбранай дысцыпліны”.
Асноўная задача мерапрыемства — стварыць глабальнае кам’юніці дзяцей і іх настаўнікаў, неабыякавых да перадавых тэхналогій і вынаходніцтва. А ўдзел у алімпіядзе — гэта цудоўная магчымасць для дзяцей далучыцца да распрацоўкі інавацыйных інжынерных праектаў.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 28 кастрычніка 2022 года.