Сінгапур: адукацыя як сакрэт поспеху краіны

- 12:09Паралелі

23 сакавіка пайшоў з жыцця адзін з самых аўтарытэтных палітыкаў, першы Прэм’ер-міністр Сінгапура, які кіраваў сваёй краінай звыш 30 гадоў, стваральнік “сінгапурскага эканамічнага цуду” Лі Куан Ю. Яго дасягненні сталі прадметам шматлікіх дыскусій у розных краінах свету. Шмат пісалася і гаварылася пра эканоміку, барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй, інавацыйную палітыку. Аднак ёсць і яшчэ адзін важны аспект поспеху Сінгапура, які застаўся па-за ўвагай большасці абмеркаванняў. Гэта развіццё адукацыі.

Паводле даных Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA), Сінгапур трывала займае вядучыя месцы сярод лепшых сістэм адукацыі, уваходзячы ў першую тройку. Больш за тое, хоць горад-дзяржава налічвае ўсяго толькі 5 млн 300 тысяч чалавек, Сінгапур ганарыцца сваімі двума ўніверсітэтамі, якія ўвайшлі ў ТОП-70 апошняга рэйтынга лепшых універсітэтаў свету па версіі Times Higher Education (Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура заняў 25-е, Наньянскі тэхналагічны ўніверсітэт — 61 месца). Нагадаем, што лепшая расійская УВА — Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава — у гэтым рэйтынгу апынуўся толькі на 196 месцы.
Чаму так адбылося? Якія эфектыўныя рашэнні прынялі Лі Куан Ю і яго спадкаемцы?
Для пачатку варта падкрэсліць, што сінгапурская сістэма адукацыі не была de novo распрацавана Лі Куан Ю і яго калегамі. Больш правільна сказаць, яна была пабудавана на грунтоўным падмурку, атрыманым у спадчыну ад брытанскага каланіяльнага мінулага Сінгапура. У адрозненне ад многіх сваіх сучаснікаў з ліку посткаланіяльных лідараў, Лі Куан Ю не пабаяўся задзейнічаць для дзяржаўнага будаўніцтва ўсе лепшыя элементы мінулага.
Найбольш яскрава гэты падыход праявіўся якраз у адукацыі. Вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны былі заснаваны задоўга да атрымання незалежнасці. Напрыклад, той жа Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура быў заснаваны ў 1905 годзе. Акрамя таго, вучэбная праграма для сярэдняй адукацыі пабудавана на ўзор брытанскага О-ўзроўню і А-ўзроўню кваліфікацыі (з некаторай адаптацыяй, улічваючы больш высокую сярэднюю паспяховасць вучняў Сінгапура). І хоць інфраструктурай ні ў якім разе не грэбуюць, усё ж асноўныя адукацыйныя інвестыцыі накіраваны на студэнтаў і выкладчыкаў.
Сам Лі Куан Ю неаднаразова заяўляў, што яго стратэгія заключаецца ў тым, каб “развіць адзіны прыродны рэсурс Сінгапура — яго народ”. Пацвярджэннем гэтага тэзіса з’яўляецца інвестыцыйная палітыка. Інвестыцыі ў адукацыю Сінгапура велізарныя — да 20% бюджэту краіны. Пры гэтым падтрымліваюцца дзяржаўныя навучальныя ўстановы, некаторым прыватным таксама выдзяляюцца субсідыі.
Адукацыя ў Сінгапуры знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства адукацыі, якое вызначае і рэалізоўвае адукацыйную палітыку. Яно кантралюе працэс развіцця і кіравання дзяржаўнымі школамі, а таксама выконвае кансультатыўную і кантралюючую ролю ў прыватных школах. Для прыватных і дзяржаўных школ існуюць адрозненні ва ўзроўні іх аўтаноміі, выбары вучэбных праграм, маштабах дзяржаўнай дапамогі і фінансавання, нагрузцы на вучняў, а таксама правілах прыёму навучэнцаў.
Школьная адукацыя ў Сінгапуры пачынаецца з 6 гадоў і падзяляецца на пачатковую (6 гадоў, у тым ліку 4 гады фундаментальнай і 2 спецыялізаванай падрыхтоўкі), сярэднюю (4 гады: спецыяльная адукацыя, экспрэс, стандартная, якая падраздзяляецца на акадэмічную і тэхнічную). Далей ідзе прафесійная і вышэйшая адукацыя (каледжы, палітэхнікумы, інстытуты, універсітэты).
Лепшым студэнтам нацыянальная сістэма прадугледжвае шчодрыя стыпендыяльныя праграмы, якія дазваляюць ім атрымліваць адукацыю і ў вядучых замежных універсітэтах, пры тым што свае ўстановы вышэйшай адукацыі Сінгапур развівае да сусветнага ўзроўню. Акрамя таго, пачатковыя зарплаты, якія перавышаюць сярэднестатыстычны ўзровень па краіне (адзін з найвышэйшых у свеце), прыцягваюць маладых людзей да прафесіі настаўніка, развіваюць і ўтрымліваюць лепшых выпускнікоў.
Адным з базавых прынцыпаў адукацыйнай сістэмы Сінгапура з’яўляецца мерытакратыя — сістэма, пры якой становішча чалавека ў грамадстве вызначаецца яго здольнасцямі і заслугамі, а не паходжаннем. Паспяховасць у вучобе разглядаецца як найважнейшы фактар вызначэння будучых кар’ерных перспектыў і матэрыяльнага становішча. Акцэнт робіцца на выяўленні, развіцці талентаў і, што не менш важна, накіраванні іх у бок дзяржаўнай службы. Урадавыя стыпендыяты абавязаны адпрацаваць у дзяржаўным сектары пэўны тэрмін.
Той жа мерытакратычны падыход кіруе развіццём і заахвочваннем настаўнікаў. Тых, хто найлепш сябе праявіў, чакае кар’ерны рост, паўнамоцтвы кіраўніка, але без празмернай прывязкі да тэрміну займаемай пасады. Таксама наладжана бесперашкодная камунікацыя паміж Міністэрствам адукацыі, педагогамі і школьнай адміністрацыяй. Педагогі часта камандзіруюцца для выканання кіраўніцкай работы. Пры гэтым многія потым прымаюць рашэнне вярнуцца ў клас, і гэта не лічыцца чымсьці незвычайным ці тым больш ганебным.
Некаторыя крытыкуюць сістэму адукацыі Сінгапура як залішне спецыялізаваную, жорсткую і скіраваную на элітарнасць. Маўляў, практычна не стымулюецца развіццё крэатыўнага мыслення, у адрозненне ад адукацыі заходніх краін. Адказам на такія папрокі з’яўляюцца дасягненні як універсітэтаў, так і вучняў, пра якія гаварылася вышэй. На самай справе, якасная адукацыя даступная практычна для ўсіх — яе забяспечваюць сотні раённых школ, інстытутаў тэхнічнай адукацыі і політэхнічныя ўстановы вышэйшай адукацыі.
Дзеці з фізічнымі і разумовымі адхіленнямі маюць магчымасць наведваць спецыяльныя школы.
Двухмоўе з’яўляецца краевугольным каменем сістэмы адукацыі Сінгапура. Хоць англійская мова з’яўляецца першай мовай, якую пачынаюць выкладаць у школах, а таксама мовай, на якой ажыццяўляецца навучанне па іншых прадметах, ад большасці вучняў і студэнтаў патрабуецца вывучаць і родную мову, якой можа быць адна з трох афіцыйных моў: кітайская, малайская і тамільская. Экзамен па роднай мове з’яўляецца абавязковым кампанентам выпускнога экзамену пачатковай школы (PSLE), а таксама экзаменам на атрыманне сертыфікатаў O- і А-ўзроўню. Веданне роднай мовы на дастаткова высокім узроўні з’яўляецца неабходнай умовай для паступлення грамадзян ва ўніверсітэты Сінгапура.
Палітыка білінгвізму была ўпершыню зацверджана ў 1966 годзе. Адной з галоўных яе мэт з’яўляецца развіццё англійскай мовы як мовы зносін розных этнічных і культурных груп Сінгапура. Прызнанне англійскай мовы як “першай мовы” таксама паспрыяла інтэграцыі Сінгапура ў сусветную эканоміку і канкурэнтнаму поспеху краіны.
І тут зноў-такі варта адзначыць прадбачлівасць Лі Куан Ю, які істотна адрозніваўся ад іншых посткаланіяльных лідараў свайго пакалення. Замест патурання вузкім нацыяналістычным настроям і выбару мовы і культуры большасці, ён вырашыў прыняць глабальную мову дзеля глабальнага развіцця і поспеху.
Сістэма адукацыі Сінгапура заўсёды развівалася і развіваецца упоравень з часам. Так, зараз, нягледзячы на відавочныя поспехі, робяцца некаторыя крокі ў бок адмаўлення ад залішняй рэгламентаванасці, больш увагі ўдзяляецца творчасці, засваенню перадавога вопыту ў галіне гуманітарных навук, мастацтва і спорту.
Для заснавальніка Сінгапура адукацыя заўсёды выходзіла за рамкі фармальнай. У адной са сваіх прамоў ён сказаў: “Маё вызначэнне адукаванага чалавека заключаецца ў тым, што гэта чалавек, які ніколі не перастае вучыцца і хоча вучыцца”. Гэты тэзіс ў якасці жыццёвага прынцыпу, безумоўна, варты пераймання.