Сіні: сугучнасць мар

Яе, гэтую выставу, сапраўды чакаеш. Чакаеш па добрай традыцыі. Чакаеш кожнай вясной. І асабліва сёлетняй вясной — такой кароткай, што быццам яе і не было. Але вось зазвінеў, зажурчэў, заіскрыўся вясновы ручаёк — сіняя напаўпразрыстая стужка скацілася па прыступках галерэі “Універсітэт культуры” ў Палацы Рэспублікі. Надоечы тут адкрылася VI Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-АКАДЭМІЯ”. Сёлетні колер экспазіцыі — сіні. Дэвіз выставы — “Сугучнасць мар”.

Нагадаем, што сіні — шосты колер “АРТ-АКАДЭМІІ”, якая штогод мяняецца ў сваёй афарбоўцы. Раней ужо былі зялёны (“выявы часу”), белы (“прарыў у бязмежнасць”), блакітны (“крылы памкненняў”), жоўты (“блікі шчасця”) і чырвоны (“апантаныя поспехам”). Студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна Наталля Андрыевіч дэманструе сваю фотаработу з серыі "Імгненні вясны". Арганізатарамі выставы выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. А ўдзельнікамі з’яўляюцца індывідуальныя аўтары і творчыя студэнцкія калектывы, студыі дызайну, фота, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, тэатры моды ўстаноў вышэйшай адукацыі.

У экспазіцыі прадстаўлены творы як пачынаючых прафесіяналаў (з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава), так і аматараў (з большасці вышэйшых навучальных устаноў краіны). Экспертная група “АРТ-АКАДЭМІІ” ў складзе вядомых прадстаўнікоў свету мастацтва яшчэ мусіць ацаніць прадстаўленыя творчыя работы і вызначыць пераможцаў у наступных намінацыях: “Захаванне беларускіх народных традыцый”, “Арыгінальнае раскрыццё тэмы”, “Канцэптуальнасць і творчае рашэнне”, “Дызайн і крэатыўная ідэя”, “Цэласнасць і змястоўнасць вобраза”, “Інавацыйная тэхніка”, “Творчая індывідуальнасць”.
Імёны пераможцаў можна будзе даведацца 31 мая падчас урачыстай цырымоніі іх узнагароджвання і закрыцця выставы. А ўвесь найбліжэйшы тыдзень, плануецца, у межах экспазіцыі будуць праводзіцца разнастайныя творчыя сустрэчы, майстар-класы, фэшн-паказы маладых дызайнераў.

Хрысціна Шкарадзёнак, Кастусь Лях (КІІ МНС). "Кветкавая рапсодыя". Увогуле, калі вярнуцца да колеру, у мастацтвазнаўстве і, у прыватнасці, у колеразнаўстве блакітны і сіні не прынята катэгарычна размяжоўваць. Па сутнасці, гаворка пра адзін колер (сіні) і яго светлае адценне (блакітны). Успомнім тую ж англійскую мову, у якой і сіні, і блакітны называюць адным словам (blue). Праўда, калі англічане хочуць падкрэсліць, што нешта цёмна-сіняга колеру, то скажуць, што яно не проста blue, а deep blue — даслоўна “глыбокі сіні”.
Між тым у гэтым deep, даруйце за білінгвальную таўталогію, і ёсць глыбокі сэнс. І таму арганізатараў выставы “АРТ-АКАДЭМІІ” можна вельмі добра зразумець: паспрабаваўшы аднойчы блакітнага, не ўстрымаешся і захочаш паглыбіцца, удумацца, засяродзіцца… словам, захочаш сіняга.
Блакітны — дзённае неба, сіні — неба начное. Блакітны — лёд, сіні — вада. Блакітны — лёгкі і бязважкі, сіні — грунтоўны і стрыманы. Блакітны — як быццам крыху разбэшчаны, сіні — аскетычны, строгі і правільны. А, магчыма, блакітны проста з часам становіцца сінім?..

“Сугучнасць мар” — вельмі ўдалы слоган сёлетняй выставы. Менавіта яна, гэтая сугучнасць (мар, захапленняў, інтарэсаў), шмат у чым і вызначае сутнасць “АРТ-АКАДЭМІІ” як маладзёжнага праекта, які ахоплівае ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны. З іншага боку, на гэтай выставе заўсёды цікава назіраць за амаль таемнай і дзіўнай сувяззю паміж творчымі работамі студэнтаў і іх асноўнай спецыялізацыяй, якую яны атрымліваюць у сваіх універсітэтах ды інстытутах.
Вольга Мяжуева (ГДУ імя Ф. Скарыны). "Белы конь".Вось, напрыклад, студэнтка псіхалагічна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Наталля Андрыевіч паказвае мне серыю сваіх фотаработ “Імгненні вясны” і гаворыць, што не ўяўляе свайго жыцця без фотаапарата, што фатаграфія для яе — гэта не проста хуткі малюнак, але і сродак для таго, каб разабрацца ва ўласным псіхалагічным стане. Наталля прызнаецца, што дастаткова цяжка перажывала першую палову сёлетняй халоднай вясны, але менавіта фотасправа і падтрымка сяброў дапамаглі ёй адолець дэпрэсію. Серыя яе фотаработ — адлюстраванне тых адчуванняў, адмысловая настальгія па глыбокім сінім колеры: “Мне тады так не хапала сіняга! Здавалася, ужо нават само неба павольна-павольна таяла, а шэры снег усё не хацеў сыходзіць”. “А вы не толькі псіхолаг, але яшчэ і паэт!” — з павагай заўважыў я.

Знаёмлюся з прарэктарам па вучэбнай рабоце і сацыяльных пытаннях Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандрам Аляксандравічам Хмылем. Перш чым падвесці мяне да работ студэнтаў БДУІР, ён паведамляе, што ва ўніверсітэце дзейнічаюць 44 творчыя калектывы, ёсць уласная створаная па ініцыятыве саміх студэнтаў выяўленчая студыя, на кожным факультэце штомесяц праводзяцца выставы студэнцкіх фотаработ з вызначэннем лепшых, багатая фотагалерэя змяшчаецца ў лакальнай камп’ютарнай сетцы інтэрната. “А цяпер я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тое, як праяўляюцца тыя ці іншыя атрыбуты спецыяльнасці ў работах нашых студэнтаў”, — хітра заўважае Аляксандр Аляксандравіч і паказвае на вельмі дзіўную рэч — вялікае пано пад назвай “Плынь”. Дар'я Кубар (Магілёўскі дзяржуніверсітэт харчавання). "Жар-птушка". Здалёк здаецца, што сапраўды — плынь з перацяканнем аднаго тону ў іншы, з бляскам жывой вады… Падышоўшы бліжэй, бачу, з чаго зроблены ўвесь гэты цуд. З камп’ютарных дыскаў! Гэта ж трэба было прыдумаць! Вось імёны тых, хто прыдумаў: студэнты БДУІР Яўген Сыса, Марына Царун і Андрэй Лагуцін (кіраўнік Настасся Святаславаўна Арайс).
А тым часам прарэктар вядзе мяне да цэлай галерэі студэнцкіх работ з бісеру: стылізаваныя кветкі, дрэва жыцця, марскія хвалі… Здавалася б, ну а як усё гэта звязваецца з інфарматыкай і радыёэлектронікай? Але Аляксандр Аляксандравіч Хмыль і тут знаходзіць бяспройгрышную асацыяцыю: “А вы паглядзіце, паглядзіце ўважлівей! З аднаго боку, — гэтыя маленькія часцінкі, мікраэлеменцікі, а з іншага — такая цудоўная аб’ёмная выява! Гэта ж нішто іншае, як нанаструктура, нанаматэрыялы!” Застаецца толькі верыць.

Яшчэ адна мая суразмоўца — кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Сузор’е” Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь Таццяна Ігараўна Парафянюк. Пытаюся ў яе наўпрост: “Пра пажарных звычайна кажуць, што гэта вельмі суровыя людзі. Наталля Новік (Баранавіцкі дзяржуніверсітэт). "Кентаўр".Якое месца, па вашых назіраннях, займае ў іх жыцці мастацкая творчасць?” — “Вельмі і вельмі значнае! Той, хто не ўмее цаніць прыгожае, не ўмее бачыць цудоўны міг жыцця, ніколі не змог бы ратаваць людзей, бо менавіта чалавек, жыццё чалавечае — гэта самае каштоўнае, самае прыгожае, што ёсць на свеце. І нашы курсанты гэта вельмі добра разумеюць і адчуваюць. У іх на самай справе вельмі напружаны графік вучобы, ужо на другім курсе яны выязджаюць на пажары… Але пры гэтым знаходзяць час займацца ў студыі, хадзіць у іншыя гурткі. Прычым, як дзяўчаты, так і хлопцы”.
На выставу “АРТ-АКАДЭМІЯ” курсанты КІІ прадставілі шэраг работ з аднаго з самых вогнетрывалых матэрыялаў — шкла. Гэта дэкаратыўныя бутэлькі, абцягнутыя скурай; макет глыбакаводнага басейна, што будзе будавацца на тэрыторыі інстытута. А, бадай, самыя цікавыя экспанаты з Камандна-інжынернага інстытута — дзве самапісныя кнігі, зробленыя курсанткай Настассяй Луферчык. Змест адной складаюць вытрымкі з Бібліі, што тычацца любові да бліжняга, да радзімы і наогул да ўсяго створанага Богам свету. Другая — зноў жа, з біблейскімі цытатамі, але прызначаная дзецям. На васьмі вялікіх ільняных старонках змешчаны аповед пра стварэнне свету, а на кожнай старонцы дзяцей чакае сюрпрыз у адмысловай кішэньцы — то кветачка, як увасабленне сонца, то лісток, як пазнака ўсяго жывога на зямлі… Яўген Зайцаў (МДУ імя А.А. Куляшова). "Сіняя ноч". А яшчэ ўсюды рыбы, рыбы, рыбы (сімвал першых хрысціян). Рукапіс, зроблены з такой любоўю, дакладна ніколі не згарыць.

21 мая на адкрыцці VI “АРТ-АКАДЭМІІ” мне давялося сустрэцца і з людзьмі, з якімі я пазнаёміўся ў мінулыя гады. У прыватнасці, падышоў да прарэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа Тамары Антонаўны Парафіяновіч (навучэнцы каледжа штогод прымаюць актыўны ўдзел у выставе). Наўмысна задаў ёй крыху правакацыйныя пытанні: “Тамара Антонаўна, вас і вашых навучэнцаў не бянтэжыць “колеравая” канцэпцыя “АРТ-АКАДЭМІІ”? Не сумна ім штогод “зацыклівацца” на нейкім адным колеры?”
“Што вы, гэта, наадварот, здорава. Пэўны зададзены колер як бы накіроўвае іх творчы палёт і, як ні дзіўна, пашырае фантазію! Убачыць у адным колеры свае мары, сваё жыццё, сваю радзіму — тут адкрываецца велізарная прастора для творчасці. І якраз у колеры ўвесь цымус! А галоўнае, што які б колер ні прапаноўваўся — ці зялёны, ці сіні, ці чырвоны, — у творчых работах маладых людзей ён становіцца светлым колерам”.
Яно праўда.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота аўтара.