Сінтэз адукацыі і дзяржсаннагляду

- 15:27Навіны рэгіёнаў, Рознае

Аб выкананні ўстановамі адукацыі патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства ішла гаворка на сумесным пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і санітарна-эпідэміялагічнага савета пры галоўным дзяржаўным санітарным урачу вобласці.

Разам абмяркоўваць пытанні і вырашаць праблемы ўпершыню службы паспрабавалі ў мінулым годзе. Як заўважыў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын, пачатак быў няпростым: узнікала шмат пытанняў і спрэчак. Было зразумела, што неабходна наладжваць нейкі мост супрацоўніцтва, які павінен весці да разумення. Тады ж быў зацверджаны план па ўдасканаленні сістэмы кантролю за захаваннем здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. І цеснае ўзаемадзеянне на працягу года дало пэўныя вынікі.
Пытанняў адносна санітарных норм сапраўды заўсёды шмат: нагрузка на навучэнцаў, рассаджванне, харчаванне і іншыя — спектр даволі вялікі. А для адукацыйнай сферы ён памнажаецца ўдвая, бо для педагогаў захаванне здароўя дзяцей — гэта яшчэ і стварэнне бяспечных умоў знаходжання іх ва ўстанове адукацыі, прафілактыка захворванняў і шкодных звычак, арганізацыя спартыўна-масавай работы, прапаганда здаровага ладу жыцця. Сінтэз адукацыі і дзяржсаннагляду — справа няпростая. Кожная структура мае свае задачы і розны падыход да іх вырашэння. Але канчатковы вынік для абодвух бакоў аднолькавы — зберагчы здароўе і жыццё дзяцей. Так ці інакш на першы план выходзіць харчаванне. І нездарма. Здаровае і правільнае харчаванне мае важнае значэнне для разумовага і фізічнага развіцця арганізма. Гэта падкрэсліла на пасяджэнні і загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Гомельскага абласнога ЦГЭ іГЗ В.В.Шульга. Пры гэтым яна звярнула ўвагу прысутных на бяспечнасць ежы. Вострыя кішэчныя захворванні дашкалят і навучэнцаў пакуль што застаюцца праблемай.
— За дзевяць месяцаў бягучага года ў Гомельскай вобласці зарэгістравана больш за 900 вострых кішэчных захворванняў. Больш як 70 працэнтаў выпадкаў прыйшліся на дзяцей, — паведаміла Вольга Вячаславаўна. — На жаль, ёсць раёны, у якіх адзначаны рост гэтых захворванняў.
Што прыводзіць да такіх выпадкаў? Праблема заключана ў самым простым — у ігнараванні і адмаўленні работнікамі харчаблокаў прытрымлівацца санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, які пачынаецца з такіх звычайных рэчаў, як мыццё рук і спецадзенне. Далей ідуць прадукты харчавання са скончаным тэрмінам ці няправільным захоўваннем і тэхналогія прыгатавання кулінарных страў. Здавалася б, рашэнне ляжыць на паверхні. Аднак ні надзорным органам, ні кіраўнікам школ, ні вышэйстаячым службам адукацыйнай сферы не па сілах справіцца з адсутнасцю культуры пэўнага чалавека, які працуе ў сталовай. Вядома, культура гэтая закладваецца ў самым раннім узросце, і перш за ўсё ў сям’і. Вось і атрымліваецца карціна: пры правядзенні санэпідэмслужбамі планавых аператыўных праверак у 80 працэнтах устаноў з амаль сямісот аб’ектаў выяўлены парушэнні.
Яшчэ адна балючая тэма — матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. Санітарныя службы даюць прадпісанні замяніць састарэлае тэхналагічнае абсталяванне на сучаснае і патрабуюць выканаць гэта тут і цяпер. Зразумела, справа патрэбная. Хіба не марыць начальнік упраўлення адукацыі разам са сваімі падначаленымі аб мадэрнізацыі? Ды толькі пытанне грашовае. “Я кажу цвёрда і ўпэўнена: не зробім мы гэтага адразу і ўсюды”, — сказаў на сумеснай калегіі С.І.Парошын. Між тым звярнуў увагу прысутных на тое, што ён даў распараджэнне начальнікам раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму да 1 снежня правесці своеасаблівую рэвізію харчаблокаў устаноў адукацыі. Так стане вядома, у якім абсталяванні ёсць патрэба, у якой колькасці яно неабходна і якая прыблізна сума на гэта патрабуецца. Цяпер пытанне будзе вырашацца з дапамогай старшыні аблвыканкама У.А.Дворніка. Ён упэўнены, што праблемам, якія тычацца дзяцей, трэба ўдзяляць першачарговую ўвагу, а таму мае намер выдзеліць з абласнога бюджэту сродкі на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў. У першую чаргу старшыня аблвыканкама разглядае тыя ўстановы адукацыі, якія сваімі сіламі правялі касметычны рамонт харчаблокаў і сталовых.
Тэму тэхналагічнага абсталявання і ўвогуле абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі закранула ў сваім выступленні і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч. Яна адзначыла, што пры дэфіцыце грошай, які ёсць у галіне, на працягу года было зроблена шмат. Ва ўстановах адукацыі праводзіліся работы па асвятленні, набывалася бытавая і вучнёўская мэбля, халадзільнае і іншае абсталяванне для харчаблокаў, а таксама праводзіўся рамонт і падрыхтоўка ўстаноў да новага навучальнага года. Жанна Анатольеўна заўважыла, што амаль палова затрат на рамонтныя работы — гэта пазабюджэтныя сродкі. Пры гэтым пошукам грошай справа не заканчваецца, бо бягучы рамонт кладзецца на плечы педагогаў і работнікаў школ, дарэчы, нярэдка ў час іх летняга адпачынку.
— Таму вельмі просім вас, — звярнулася да кіраўнікоў санэпідэмслужбаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, — выпісваючы прадпісанні, звязаныя з заменай састарэлага абсталявання, улічваць рэаліі фінансавання і вялікую работу тых, хто знаходзіць магчымасці вырашаць гэтыя задачы без прыцягнення бюджэтных сродкаў.
Безумоўна, застаюцца асобныя раёны ці ўстановы, да якіх і ва ўпраўлення адукацыі ёсць пытанні. Аб гэтым таксама гаварылася на пасяджэнні калегіі. Яшчэ горш, што недапрацоўкі, якія назвала Жанна Анатольеўна, не патрабуюць ніякіх сродкаў.
— Сёння нельга лічыць выкананым мінулагодняе рашэнне калегіі адносна забеспячэння ў кожнай установе штодзённага адміністратыўнага кантролю за стварэннем здароўезберагальных умоў, — канстатавала Ж.А.Ждановіч. — Групы кантролю створаны ўсюды, але іх работа пакідае жадаць лепшага.
У пацвярджэнне ўдзельнікам пасяджэння былі прадэманстраваны фотафакты, падрыхтаваныя спецыялістамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама падчас праведзенага ў верасні і кастрычніку маніторынгу ўстаноў адукацыі. На падлозе перад сталовай — горы вучнёўскіх партфеляў, нядбайна сервіраваныя сталы, трыманне ў адным халадзільніку сырых і прыгатаваных прадуктаў, адходаў, траўманебяспечныя месцы на тэрыторыі школ, якія кіраўніцтва быццам не заўважае, і шэраг іншых фактараў. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, дастаткова толькі адказна аднесціся да справы.
Наяўнасць такіх парушэнняў становіцца асновай для прыняцця рашэння пасяджэння калегіі. Ёсць недапрацоўкі, а таму мэтазгодна пакінуць у сіле прынятае раней рашэнне аб сумесным кантролі за забеспячэннем здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, дапоўніўшы яго шэрагам новых пунктаў. Сярод новаўвядзенняў — правядзенне семінара-вучобы з кіраўнікамі ўстаноў з мэтай распаўсюджвання найлепшага вопыту работы школ у плане здароўезберажэння.
На пасяджэнні калегіі быў прадстаўлены і найлепшы вопыт работы ў гэтым кірунку. Аб узаемадзеянні адукацыі і санітарнай службы ў Добрушскім раёне паведаміла начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Шкаруба. Вопытам та кой работы ў Рагачоўскім раёне падзялілася галоўны санітарны ўрач раёна А.У.Кахно.
Удзел у пасяджэнні калегіі прымаў і галоўны санітарны ўрач Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя В.В.Грынь. Падводзячы вынікі, Валерый Віктаравіч адзначыў, што такое міжведамаснае ўзаемадзеянне, якое пабудавана паміж упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскім абласным ЦГЭіГЗ, вельмі правільны і, несумненна, паспяховы шлях вырашэння пытанняў, якія ўзнікаюць у рабоце дзвюх структур. “Я прымаў удзел у многіх мерапрыемствах такога характару ў розных рэгіёнах, але павінен зазначыць, што вопыт Гомельшчыны пакуль найлепшы”, — сказаў галоўны санітарны ўрач краіны.

Наталля ЛУТЧАНКА.