Сінтэз ведаў і ўменняў

- 11:13Адукацыйная прастора

921 удзельнік, 18 прадметаў, пяць дзён напружанага марафону таленту, працаздольнасці, адказнасці — на Гродзеншчыне завяршыўся ІІІ этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Пераможцы алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

Алімпіяда праходзіла на базе 12 навучальных устаноў Гродна і Скідзеля. У ёй прынялі ўдзел навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, сярод удзельнікаў былі і сем прадстаўнікоў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці. У асноўным гэта навучэнцы 8—11-х класаў. Але былі і зусім юныя ўдзельнікі. Так, у алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” самым малодшым удзельнікам стаў навучэнец 5 класа гімназіі № 1 Ліды Мацвей Мальцаў і выдатна выступіў — атрымаў дыплом ІІІ ступені. Шасцікласніца сярэдняй школы № 34 Гродна Насця Караткевіч адзначана граматай па выніках удзелу ў алімпіядзе па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. З 69 удзельнікаў яна заняла 24-е месца. Былі сярод алімпіяднікаў і навучэнцы сёмых класаў.

Начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Мячына як упаўнаважаны прадстаўнік абласнога арганізацыйнага камітэта адзначае высокі ўзровень тых, хто ўдзельнічаў у алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. У мінулым го­дзе прадстаўнікі Гродзенскай вобласці добра выступілі на рэспубліканскім этапе па гэтым прадмеце, паказалі найлепшы вынік у агульнакамандным заліку: заваявалі сем дыпломаў рознай ступені і адзін пахвальны ліст. Абсалютнымі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды сталі навучэнцы сярэдняй школы № 2 г.п.Рось — дзесяцікласніца Аліна Агапітава і адзінаццацікласнік Вадзім Дарашкевіч.

— У гэтым годзе навучэнцы прадэманстравалі вельмі добрыя вынікі ў тэарэтычнай частцы алімпіяды, — адзначае Людміла Іванаўна. — З’явілася разуменне, што алімпіяда па фізічнай культуры — гэта не проста спартыўнае спаборніцтва, гэта сінтэз ведаў і спартыўных уменняў.

А свае спартыўныя якасці 33 хлопцы і 36 дзяўчат дэманстравалі ў практычным туры, які ўключаў плаванне, агульнафізічную падрыхтоўку, комплексныя практыкаванні па гульнявых відах спорту: футболе, валейболе, баскетболе і гандболе. Лік тут ішоў сапраўды на секунды і сантыметры.

Радавалася разам са сваёй навучэнкай Алінай Агапітавай і настаўніца прадмета “Фізічная культура і здароўе” сярэдняй школы № 2 г.п.Рось Ваўкавыскага раёна Алена Ціунчык. Як і ў мінулым годзе, у Аліны выдатны вынік — дыплом І ступені. Яна разам з Ангелінай Эйсмант з Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна, Палінай Духоўнік з сярэдняй школы № 37 Гродна, Антоніем Седзянеўскім з гімназіі № 1 Іўя, Максімам Сідарам з Бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна, Глебам Каладзейскім з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, якія таксама адзначаны дыпломамі вышэйшай ступені, будзе абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліканскім этапе алімпіяды.

Пераможцаў абласнога этапу алімпіяды па рускай мове і літаратуры павіншаваў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. У алімпіядзе па гэтым прадмеце ўдзельнічалі 70 чалавек, сем з іх атрымалі дыпломы І ступені: Аляксандра Дурэйка (гімназія Смаргоні), Паліна Каско, Настасся Скерсь, Марына Мухляда, Яўгенія Чылека (усе: з гімназіі № 1 Ліды), Арына Радзюк (гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна), Віялета Багушэвіч (сярэдняя школа № 1 Бярозаўкі Лідскага раёна).

Як адзначыла ўпаўнаважаны прадстаўнік ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Руская мова і літаратура” метадыст упраўлення па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі і кантролі якасці адукацыі ГрАІРА Святлана Шмурэй, навучэнцы Лідскага раёна выступілі па гэтым прадмеце выдатна: каманда ў складзе 16 чалавек адзначана 13 дыпломамі і 2 граматамі. Таксама высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы Ваўкавыскага, Слонімскага, Смаргонскага, Свіслацкага раёнаў і Кастрычніцкага раёна Гродна.

Больш за ўсё ўдзельнікаў — 96 чалавек — змагаліся за дыпломы па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. На наступным месцы — замежныя мовы. 12 навучэнцаў дэманстравалі валоданне кітайскай мовай. І тут яны паказалі добрыя перспектывы. Дыплом І ступені атрымаў навучэнец 7 класа гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна Дарый Кір’як.

Асаблівасцю правядзення алімпіяды гэтага года стала тое, што заданні распрацоўваліся і тыражаваліся Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. 13 студзеня яны прыбылі ў пункты правядзення алімпіяды, і 17 студзеня работы ўдзельнікаў адправіліся ў РІКВ. Акрамя таго, пасля кожнага тура алімпіядныя работы сканіраваліся і да пачатку праверкі накіроўваліся архівам па электроннай пошце ў РІКВ. Як адзначыла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская, гэта дазволіла забяспечыць максімальную канфідэнцыяльнасць алімпіядных заданняў, спрыяла празрыстай рабоце журы.

А вынікі абласнога этапу алімпіяды ў Гродзенскай вобласці такія: 413 навучэнцаў адзначаны дыпломамі, з іх І ступені — 80 чалавек, ІІ ступені — 124 чалавекі, ІІІ ступені — 209. Найлепшыя з лепшых пачалі падрыхтоўку да чарговага этапу — рэспубліканскага.

Акрамя алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у Гродзенскай вобласці пройдзе алімпіяда па грамадазнаўстве. Яе прыме Ліда.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.