“Сіняя птушка” ў руках самых лепшых

- 15:19Актуально, Рознае

Сіняя птушка сімвалізуе ўдачу і шчасце. Але даецца яна ў рукі не кожнаму, а толькі выбраным. Такім як пяцёра таленавітых студэнтаў, якія сталі першымі лаўрэатамі новай праграмы падтрымкі адоранай моладзі “Сіняя птушка”.

Штомесячныя стыпендыі ў памеры адной мінімальнай заработнай платы (сёння гэта 1 мільён 660 тысяч рублёў) маладым, працавітым, адказным і таленавітым будзе выплачваць “Хоум Крэдыт Банк” ужо з гэтага месяца. Партнёрамі-заснавальнікамі выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускі саюз жанчын, які і стаў ініцыятарам праграмы. Прэтэндаваць на стыпендыю могуць адораныя студэнты з малазабяспечаных або няпоўных сем’яў, а таксама з ліку дзяцей-сірот.

Першая пяцёрка студэнтаў-першакурснікаў, якія прайшлі конкурсны адбор, складаецца з чатырох дзяўчат і аднаго хлопца. Гэта Вольга Баранава, першакурсніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова (факультэт славянскай філалогіі); Ганна Міронава, якая вучыцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў); Аліна Вайцянкова — біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Вікторыя Фаміна, якая прадстаўляе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці), і, нарэшце, Дзяніс Мацюшэўскі — студэнт фізічнага факультэта БДУ. Дарэчы, Дзяніс па выніках першай сесіі атрымаў сярэдні бал 10 (!). Як не адзначыць настолькі таленавітага хлопца!

Зрэшты, дзяўчаты таксама вылучаюцца паспяховасцю, бо абавязковая ўмова для маладых людзей, якія прэтэндуюць на “Сінюю птушку”, — сярэдні бал па выніках апошняй сесіі не ніжэй за 8. Да таго ж улічваюцца іншыя дасягненні першакурснікаў, якіх яны дабіліся, калі былі яшчэ школьнікамі, і ўжо тады, калі сталі студэнтамі. Так, будучы педагог Вольга Баранава была лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Байцы ратавалі Радзіму, а медыкі ратавалі байцоў”, абласнога конкурсу творчых работ па гісторыі, іншых творчых спаборніцтваў. Ганна Міронава, калі была школьніцай, атрымала дыплом ІІ ступені абласной алімпіяды па хіміі, ва ўніверсітэце заняла прызавое месца ў конкурсе па вышэйшай матэматыцы для першакурснікаў.

“Беларускі саюз жанчын клапоціцца пра тых, каму патрэбна дапамога, — заўважыла намеснік старшыні гэтай арганізацыі рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Уладзіміраўна Сітнікава. — Цяпер гаворка ідзе аб унікальным праекце. Тут прадстаўлена адораная моладзь — наша будучыня, перспектыва развіцця дзяржавы. Надзея Андрэеўна Ермакова, старшыня Беларускага саюза жанчын, і мы ўсе лічым неабходным падтрымліваць такіх маладых людзей. Яны паказалі сябе ў школе і, стаўшы студэнтамі, не страцілі цікавасці да творчасці, да навуковай дзейнасці. Прычым гэта дзеці з малазабяспечаных, няпоўных сем’яў, таму ім патрэбна асаблівая абарона. Такім чынам, таленавітую моладзь падтрымлівае не толькі дзяржава, але і грамадскія арганізацыі, банкаўскія структуры”. Па словах Святланы Уладзіміраўны, не выключана, што пазней да праекта далучацца і іншыя банкі.
Маладыя людзі, якія сталі першымі стыпендыятамі “Сіняй птушкі”, змогуць атрымліваць грашовую падтрымку на працягу ўсяго часу вучобы, калі, канечне, і далей пакажуць высокія вынікі ў вучобе, а таксама навуковыя або творчыя дасягненні. Па выніках сесій і дасягненняў у школе камісія з ліку заснавальнікаў праграмы будзе пастаянна вылучаць некалькі лепшых першакурснікаў. Менавіта першакурснікаў, бо, як падкрэсліла С.У.Сітнікава, адораныя студэнты старшых курсаў адзначаюцца іншымі праграмамі і грантамі, а першакурснікам у гэтым плане цяжэй. Таму “Сіняя птушка” — менавіта для іх. Вылучаюць сваіх лепшых студэнтаў-пачаткоўцаў установы вышэйшай адукацыі. У першы раз было каля 50-ці заявак. Міністэрства адукацыі адабрала дзесяць лепшых, а пазней была вызначана першая шчаслівая пяцёрка. Выбар рабіла спецыяльная камісія.

“Праграма дае магчымасць хлопцам і дзяўчатам усе сілы накіроўваць на сваё далейшае развіццё, на заняткі любімай справай, — адзначыла сакратар савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Юлія Ульянаўна Пашкевіч. — Не сакрэт, што першакурснікам бывае цяжка і матэрыяльна, і маральна, бо трэба прызвычаіцца да новага студэнцкага асяроддзя. І дапамога ім вельмі дарэчы. У нашай краіне такую падтрымку студэнтам у асноўным аказвае фонд, які я прадстаўляю. Падтрымка ідзе на ўзроўні гарадоў, раёнаў, абласцей, ёсць іншыя яе формы. Але важна, каб моладзь падтрымлівалі і іншыя арганізацыі. Згодна з сусветнай статыстыкай, дзяржаўная падтрымка адоранай моладзі складае толькі 20%, усё астатняе — арганізацыі, прадпрыемствы. Неабходна актывізавацца прадпрыемствам, бо сённяшнія студэнты — іх будучыя кадры”.

Старшыня праўлення ААТ “ХК Банк” Сяргей Барысавіч Шчарбакоў заўважыў, звяртаючыся да студэнтаў: “Калі мы ў камісіі выбіралі першых стыпендыятаў, то, канечне, радаваліся і вашым адзнакам, і вашым перамогам у конкурсах і алімпіядах. Вы сваёй працай, нягледзячы на жыццёвыя сітуацыі, у якія трапілі, даказваеце, што можна ў любым выпадку дасягаць найлепшых вынікаў. Спадзяёмся, што падтрымка, якую вы атрымалі, дапаможа набыць адукацыю і дасягнуць таго, аб чым марылі. Праграма толькі пачынаецца, таму вашы імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю “Сіняй птушкі”. Вы — першыя”.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.