“Сіняя стужка” за дзяцінства без насілля і жорсткасці

Ва ўстановах адукацыі Гродна праходзіць акцыя “Сіняя стужка” пад дэвізам “Дзяцінства без жорсткасці і насілля”, якая пачалася 10 красавіка і будзе доўжыцца па 22 мая. Ініцыятарам акцыі выступіў Гродзенскі дзяржаўны гарадскі сацыяльна-педагагічны цэнтр.

У многіх краінах свету штогод красавік аб’яўляецца месяцам па прадухіленні насілля над дзецьмі, калі право­дзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку жорсткага абыходжання з дзецьмі. Акцыя “Сіняя стужка” стартавала ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 58 Гродна з вучэбнага семінара для педагогаў. Як вынік, кожны педагог цэнтра павязаў сінія стужкі сабе на руку ў знак далучэння да акцыі. Такім чынам кожны ўзяў свайго роду абавязацельствы ніколі не прымяняць насілля супраць дзяцей, а таксама не мірыцца з ім, не маўчаць і не шукаць апраўданняў для тых, хто яго чыніць.

“У рамках гэтай акцыі адбылася пазнавальная сустрэча для нашых дашкольнікаў — віктарына “Па дарозе дзяцінства”, арганізаваная спецыялістамі Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, — расказала намеснік загадчыка ДЦРД № 58 Гродна Наталля Генрыкаўна Казлоўская. — Казачныя героі Джэк Верабей, Свінка Пэпі і Скай расказалі дзецям пра бяспечныя паводзіны, растлумачылі, чаму нельга размаўляць з незнаёмымі людзьмі, абмеркавалі, як правільна паклікаць на дапамогу, паўтарылі, па якім нумары тэлефанаваць, калі патрэбна дапамога. Дзеці з радасцю адказвалі на пытанні пра бяспечныя паводзіны і атрымлівалі памятныя падарункі ад казачных персанажаў. Да акцыі “Сіняя стужка” далучыліся бацькі нашых выхаванцаў. Для кожнага з іх дзеці — гэта будучыня, увасабленне і рэалізацыя жаданняў і надзей, якія, магчыма, яны самі не ажыццявілі. Але, на жаль, у апошні час бацькі часта забываюцца пра гэта і адносяцца да сваіх дзяцей, як да тых, хто абцяжарвае, замінае іх жыццю. І гэта становіцца нормай і вялікай праблемай у сучасным грамадстве”.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 53, 16 мая 2019 года.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.