Сірынгарый, ліманарый, ружоўнік…

А ў вас ёсць любімы куточак у садзе садоў?

Мы прывыклі, што ён ёсць — Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску. Гэты сад садоў — з мноствам найцікавейшых калекцый, мнагалюдны ўлетку (асабліва на выхадных і ў святы), улагоджаны ў міжсезонне і вельмі прыгожы ў любую пару года. Без батанічнага саду наш горад быў бы іншым: менш было б вольнага паветра, менш салодкіх пахаў і яркіх колераў, менш рамантычных спатканняў. Калі б гэтага саду не было, яго трэба было б пасадзіць, бо райскія шаты ў цэнтры вялікага горада — гэта сапраўды крута! І ўсцешна, што сад з кожным годам прырастае хараством.

Яшчэ не адкрасаваў бэз, а ў батанічным садзе ўжо расцвілі рададэндраны. І так будзе да самай позняй восені: у рэжыме нон-стоп адны кветкі змяняюць другія. Півоні, ружы, лілеі, гладыёлусы, хрызантэмы… Аматары ведаюць, што ў час цвіцення самых выбітных калекцый можна не толькі палюбавацца шыкоўнымі кветкамі, але і су­стрэцца са спецыялістамі, паслу­хаць цікавыя лекцыі, атрымаць парады па вырошчванні раслін.

Цвіценне некаторых калекцый часта ператвараецца ў сапраўднае гарадское свята. Напрыклад, у мінулыя выхадныя, каб зайсці ў батанічны сад, трэба было адстаяць у чарзе: мінчане знарок ехалі ў сірынгарый (лац. syringa — “бэз”), каб заспець дружнае цвіценне і ап’янець ад галавакружнага водару дзівосных кветак. Экспазіцыя, дзе сабрана больш як 250 узораў бэзу, — гэта ўжо сталічная славутасць. І, здаецца, накшталт японскай традыцыі ханамі (любаванне сакурай) у нас нараджаецца свая традыцыя — любаванне бэзам.

Нам ёсць чым ганарыцца: Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук уваходзіць у спіс найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы. Гэта ўнікальны прыродны аб’ект садова-паркавага будаўніцтва, і ён штогод прырастае новымі раслінамі. Напрыклад, летась адзначаны шасціпрацэнтны рост калекцыйных фондаў батанічнага саду ў параўнанні з 2017 годам. Зараз яны налічваюць 15 196 узораў, якія прадстаўлены 5501 відам.

Дырэктар Цэнтральнага батанічнага саду член-карэспандэнт НАН Беларусі Ула­дзімір Ціток назваў яшчэ некалькі цікавых лічбаў. Так, зарэгістравана 40 калекцый рознага прызначэння. Яны размешчаны ў Мінску (92,8 га), а таксама ў Ганцавічах (44,3 га), дзе створана эксперыментальная база саду.

З 22 па 29 мая навуковыя арганізацыі Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі ўпершыню праводзяць тыдзень роднай прыроды. Мерапрыемствы прысвечаны Году малой радзімы і прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая).

На працягу тыдня вядучыя навукоўцы акадэмічных арганізацый выступяць перад грамадскасцю, прымуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах. Мэта — павысіць дасведчанасць людзей у пытаннях экалогіі, звярнуць іх увагу на праблему беззваротнага знікнення шматлікіх прадстаўнікоў флоры і фаўны.

— У нас ёсць вялікія планы па развіцці нетрадыцыйнага пладаводства, — расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — Летась у Ганцавічах была ўтворана галіновая лабараторыя нетрадыцыйных ягадных культур. Там бу­дзем удасканальваць тэхналогію прамысловага вырошчвання журавін буйнаплодных, буякоў высакарослых, сартавых брусніц, бружмелю. І нам ужо выдзелена 60 га зямлі недалёка ад Ганцавіч для стварэння ягаднай плантацыі.

У Цэнтральным батанічным садзе вя­дзецца вялікая работа ў сферы зялёнага будаўніцтва і дэкаратыўнага садаводства. Напрыклад, зараз плануецца ўключыць у дзяржаўны рэестр каля 30 гатункаў дэкаратыўных раслін уласнай селекцыі і не менш за 120 інтрадуцыраваных гатункаў (калі расліна не ўключана ў дзяржрэестр, то размнажаць яе і рэалізоўваць на тэрыторыі краіны незаконна). Стаіць задача фарміраваць устойлівыя і працяглыя дэкаратыўныя кампазіцыі з выкарыстаннем інтрадуцыраваных і мясцовых раслін для гарадскога азелянення.

У мінулым годзе ў батанічным са­дзе з’явіўся новы аб’ект ландшафтнай інфраструктуры — “Алея касманаўтаў”. Да яе стварэння спрычыніліся 85 касманаўтаў з 17 краін, якія наведалі Мінск падчас ХХХІ Міжнароднага кангрэса ўдзельнікаў касмічных палётаў. І яшчэ адна экспазіцыя — “Арэхавы сад” — была створана ў рамках святкавання 25-годдзя Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Дрэўцы ўжо падраслі, і нас запэўнілі, што гады праз тры можна будзе паласавацца грэцкімі арэхамі.

Знаходзячыся ў батанічным садзе разам са спецыялістамі, можна пераканацца: гэта не проста зялёная тэрыторыя, а жывы арганізм, які дыхае, сілкуецца, адпачывае, часам капрызіць і патрабуе клопату, нават любові. Тым, у каго ёсць хаця б маленькі агародчык, цяжка нават уявіць, як можна падтрымліваць ідэальны парадак амаль на сотні гектараў. 40 ка­лекцый — гэта фактычна 40 садоў (ёсць калекцыі лекавых раслін, духмяна-араматычных, меданосных, фарбавальных і інш.)! Пра кожную калекцыю можна пісаць асобны матэрыял, і кожная — гэта адданасць і любоў людзей, што яе даглядаюць.

Як паведаміў Уладзімір Ціток, летась Цэнтральны батанічны сад наведалі 172 тысячы гасцей. Сёлета будзе, напэўна, яшчэ болей: у разгар цвіцення бэзу штодня білеты набывалі да 10 тысяч чалавек.

Тыя, хто хоча, але яшчэ не даехаў да нашай славутасці, могуць ажыццявіць віртуальны тур па батанічным садзе. На сайце ўстановы змешчана вэб-карта, створаная з выкарыстаннем гіс-тэхналогій, і можна крыху пагуляць па цяністых прысадах, палюбавацца квітнеючымі калекцыямі. Канечне, вы не адчуеце дзівосных пахаў саду, але паслухаеце птушак і атрымаеце агульнае ўяўленне пра гэты неверагодны аб’ект беларускай сталіцы.

У батанічнага саду вялікія планы. Зараз тут закладваюцца новыя экспазіцыі — “Сад камянёў” і “Сад ценевынослівых раслін”. Удасканальваецца экспазіцыя “Казачны лес” ля сажалкі. Сапраўдным падарункам для мінчан стане будучы альпінарый.

Уладзімір Ціток расказаў, што гэта будзе сістэмная кампазіцыя горнай флоры, прадстаўленая шасцю батаніка-геаграфічнымі зонамі. Тут наведвальнікі змогуць убачыць расліны Крыма і Каўказа, Альпаў, Сярэдняй Азіі (напрыклад, будзе створаны куточак Таджыкістана), горныя ландшафты ЗША і Канады. Плануецца, што ў альпінарыі будзе высаджана звыш 200 відаў раслін.

Цэнтрам кампазіцыі стануць сажалка і водны каскад, вакол якіх размесціцца невялікая зона прыбярэжных раслін Далёкага Усходу. Для зручнасці гасцей будуць абсталяваны некалькі краявідных пляцовак. Максімальная вышыня альпінарыя — 4,5 метра.

Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, што ўся праектная дакументацыя ўжо на руках. Як толькі будзе прынята канчатковае рашэнне — адразу пачнецца будаўніцтва. Згодна з планам, яно зойме 12—14 месяцаў. Ландшафтныя дызайнеры не сумняваюцца, што праз год-два альпінарый стане адным з любімых куточкаў батанічнага саду.

У планах таксама стварэнне экспазіцыі “Домік для пчол”. У батанічным садзе ёсць пчальнік (цяпер схаваны ад людзей на перыферыі). Але тут разважылі, што ён можа служыць не толькі для апылення раслін, але і як турыстычны аб’ект. Абмяркоўваюцца розныя варыянты. Прапаноўваецца, напрыклад, зрабіць вуллі са шклянымі сценкамі, каб наведвальнікі маглі назіраць за жыццём пчол. Ёсць ідэя абсталяваць месца для адпачынку, дзе можна выпіць гарбаты з лекавых зёлак, паласавацца мёдам. Спецыяльная агароджа абароніць гасцей ад пчальніка. Тэрыторыя будзе практычна бяспечнай, верагоднасць сутыкнуцца з пчалой будзе тут не большай, чым у іншых куточках саду.

У апошні час Цэнтральны батанічны сад стаў сапраўдным культурным асяродкам сталіцы. Тут праводзяцца фестывалі, канцэрты, пленэры, сямейныя святы — каля двух з паловай дзясяткаў мерапрыемстваў на год. (Улічваючы, што зімой жыццё ў садзе амаль заціхае, летам тут амаль кожныя выхадныя адбываецца штосьці цікавае.)

У мінулым верасні ў батанічным садзе адбыўся першы фестываль навукі — такі падарунак дзецям і моладзі на пачатак навучальнага года. Мерапрыемствы, якія праходзілі з раніцы да вечара на некалькіх пляцоўках, наведала больш як 5 тысяч чалавек. Многія тады пыталіся, ці будзе фестываль праводзіцца яшчэ. Дырэктар батанічнага саду запэўніў: будзе! І, улічваючы цікавасць наведвальнікаў у мінулым годзе, сёлета плануецца праводзіць фестываль на працягу двух дзён. Так што чакаем верасня.

Я спытала, ці не церпіць сад ад такой колькасці наведвальнікаў. Спецыялісты заўважылі, што іх госці — выхаваныя людзі. Яны разумеюць, што знаходзяцца ў жывым асяроддзі, і з далікатнасцю адносяцца да раслін. Нават малыя дзеці ведаюць, што кветкамі трэба любавацца, а не рваць іх. Менавіта тут, у атачэнні прыроднай прыгажосці, як нідзе, выхоўваецца экалагічнае мысленне і жаданне абараніць, захаваць, прымножыць.

Нездарма многія людзі пасля прагулкі па батанічным садзе адразу накіроўваюцца ў краму на выхадзе. Вось і зараз, наведаўшы бэзавыя прысады, скупілі ўсе саджанцы, што былі. Як жа здорава вырасціць у сваім двары сапраўдны сірынгарый! Каб кожны раз, калі прыйдзе новая вясна, карункавыя суквецці пазіралі ў вокны, тонкі водар кружыў галаву і думалася абавязкова пра штосьці вельмі добрае.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.