Сірыя разлічвае на ўдзел Беларусі ў эканамічным аднаўленні краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансурам Азамам.

Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў сірыйскага госця: “Добра, што вы прыехалі ў Беларусь, для нас гэта вельмі карысна, што называецца, з першых вуснаў даведацца, як жыве сёння паважаны намі сірыйскі народ, Прэзідэнт Сірыі і якая сітуацыя наогул у краіне”.

Мансур Азам падкрэсліў, што для яго вялікі гонар сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. “І гэта сведчанне тых цёплых адносін, якія звязваюць прэзідэнтаў дзвюх краін. Я хацеў бы перадаць вам пісьмо ад Башара Асада”, — адзначыў міністр.

Ён таксама расказаў аб цяперашняй няпростай сітуацыі ў Сірыі і тых вялікіх стратах, у першую чаргу чалавечых, якія панёс сірыйскі народ. Сірыйскі прадстаўнік таксама адзначыў вялікую ролю Прэзідэнта Сірыі, вакол якога з’ядноўваецца народ. Мансур Азам больш падрабязна сказаў аб сітуацыі ў раёне Дамаска, а таксама аб кроках, што прымаюцца краінай для мірнага развіцця.

Сірыйскі госць наведваў Беларусь 1—5 красавіка. Адбыліся яго сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай, міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, старшынёй Нясвіжскага райвыканкама Генадзем Салаўём. Мансур Азам таксама пабываў на МАЗе, у шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексе “Мінск-Арэна”, Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”.

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін развіваецца пры дамінаванні беларускага экспарту. У мінулым годзе тавараабарот склаў $44,3 млн: экспарт — $36,9 млн, імпарт — $7,4 млн. Экспарт у Сірыю фарміруецца пастаўкамі грузавых аўтамабіляў, сухога малака, сметанковага масла, лекавых сродкаў. Асноўныя артыкулы імпарту — баваўнянае валакно, фрукты.

Дзейнічае сумесная беларуска-сірыйская камісія па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве. Шостае яе пасяджэнне адбылося ў Мінску ў 2015 годзе, цяпер узгадняюцца месца і тэрміны правядзення сёмага пасяджэння.

Як патлумачыў пасля сустрэчы з беларускім лідарам міністр па справах палаца Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Мансур Азам, Сірыя разлічвае на ўдзел Беларусі ў эканамічным аднаўленні краіны.

Сірыйскі госць пазітыўна ацаніў свой візіт у Мінск і дасягнутыя дамоўленасці. “У час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам я перадаў яму асабістае пасланне Башара Асада, у якім выказана шчырая ўдзячнасць за пазіцыю вашай краіны адносна Сірыі і сірыйскага народа”, — адзначыў міністр.

“Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз пацвердзіў, што падтрымлівае сірыйскі народ у яго праведнай барацьбе супраць тэрарызму, — прадоўжыў Мансур Азам. — Аляксандр Лукашэнка сказаў, што беларускі бок прыкладзе намаганні для аднаўлення разбуранай інфраструктуры на сірыйскай тэрыторыі”.

Паводле слоў міністра, гэтая сустрэча з кіраўніком дзяржавы з’яўляецца зялёным сігналам для далейшага супрацоўніцтва і для таго, каб прыняць у гэтым напрамку канкрэтныя крокі ўрадам дзвюх краін.