Сістэма адукацыі павінна развівацца і ўдасканальвацца ў інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

“Сістэма адукацыі павінна развівацца і ўдасканальвацца ў інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы. Менавіта такі падыход знайшоў сваё адлюстраванне ў асноўных напрамках пераўтварэння галіны, якія замацаваны ў праектах Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года”, — адзначыў падчас свайго выступлення на Рэспубліканскім педагагічным савеце міністр адукацыі Ігар Карпенка. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 800 чалавек. 150 прадстаўнікоў кіраўнічай сферы сістэмы адукацыі далучыліся да работы педагагічнага савета ў рэжыме анлайн.

Міністр акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў педсавета на некаторых навацыях у сістэме адукацыі, якія аб’яднаны ў некалькі блокаў прапаноў.   

Узмацненне ролі выхавання ў адукацыйным працэсе

“Работа па фарміраванні высокамаральнай асобы, якая валодае развітым пачуццём патрыятызму, адказнасці за свой лёс і лёс краіны, арганізавана ва ўсіх установах адукацыі, пачынаючы з дзіцячага сада. Аднак разам з традыцыйнымі яна патрабуе ўжо новых падыходаў”, — заўважыў кіраўнік галіновага ведамства. Сёння вельмі важна сачыць за тым, каб дзіця не было ўцягнута ў злачынную, экстрэмісцкую і іншую су­працьпраўную дзейнасць. Каб такога не дапускаць, трэба працаваць на апярэджанне. “У гэтым плане добра зарэкамендавалі сябе формы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з вайсковымі часцямі, структурамі МУС, установамі аховы здароўя, культуры і спорту, грамадскімі арганізацыямі”, — падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, будзе працягвацца ўдасканаленне работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, дзейнасць якіх накіравана на выяўленне дэвіяцый (нарказалежнасць, суіцыдальныя і супрацьпраўныя паводзіны, булінг, у тым ліку ў інтэрнэт-асяроддзі), папярэджанне іх негатыўных праяўленняў на аснове дыягностыкі і сістэмнага аналізу праблем. Такім чынам, будзе ўзмоцнена прафілактыка рознага роду залежнасцей і дэструктыўных паводзін навучэнцаў. Перагледжаны службовыя абавязкі псіхолагаў, унесены змяненні ў змест іх работы, аптымізаваны тыпавыя штаты і нарматывы.

Найважнейшая задача школы — умацаванне супрацоўніцтва з сям’ёй. Арганізуючым пачаткам сямейнага выхавання павінны выступаць установы адукацыі. Пакуль не ўсе бацькі разумеюць сваю адказнасць у выхаванні ўласных дзяцей. Каб вырашыць акрэсленую праблему, плануецца рэалізаваць праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Для ўзмацнення выхаваўчай работы з новага навучальнага года ў 5—6 класах будуць арганізаваны факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, якія падмацаваны адпаведным вучэбна-метадычным комплексам. А для якаснай арганізацыі ваенна-патрыятычнага выхавання, дапрызыўнай падрыхтоўкі і экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, захавання бяспекі дзяцей з верасня гэтага года ў школах уво­дзіцца новая пасада — “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”.

Ігар Карпенка паведаміў, што навукоўцы і педагогі-практыкі падключыліся да распрацоўкі Дзяржаўнай праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва. Сфарміраваны два аўтарскія калектывы, якія будуць працаваць над абнаўленнем вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для школ і ўніверсітэтаў. Змест дапаможнікаў будзе фарміравацца пры ўдзеле студэнтаў гістарычных факультэтаў рэгіянальных універсітэтаў і галоўнага педагагічнага ўніверсітэта краіны.

“Ключавой фігурай у выхаваўчай рабоце ў школе з’яўляецца класны кіраўнік. Ад якасці яго дзейнасці шмат у чым залежыць фарміраванне ўнутранага свету дзіцяці. Таму важна, каб на гэтую пасаду прыходзілі не выпадковыя людзі, а сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У выхаванні важны нефармальны падыход, а яго метады і формы трэба выбіраць зыходзячы з канкрэтных умоў работы ўстановы адукацыі і індыві­дуальных асаблівасцей навучэнца. Адпаведная метадычная база створана, змест павышэння кваліфікацыі выхаваўчых работнікаў вызначаны”, — падкрэсліў міністр.

Некаторыя змяненні ў адукацыйным працэсе і ў правілах атэстацыі

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі завершаны поўны пераход на новыя вучэбныя планы і праграмы. Для гэтага падрыхтавана ўсё неабходнае: падручнікі і дапаможнікі, прыборы і абсталяванне, інструктыўна-метадычнае забеспячэнне. “У ходзе практычнага прымянення вучэбныя матэрыялы старанна аналізуюцца, вывучаецца меркаванне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, ажыццяўляецца іх перагляд і дапрацоўка. Гэта неабходна, каб кожныя заняткі мелі не толькі вучэбнае, але і канкрэтнае ідэалагічнае, выхаваўчае напаўненне, фарміравалі светапогляд навучэнцаў”, — зазначыў міністр адукацыі.

У адпаведнасці з праектам Кодэкса аб адукацыі, у дапаўненне да традыцыйнай формы навучання будзе развівацца і дыстанцыйная. Распрацаваны адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які дазваляе арганізаваць вучэбны працэс у любых умовах, у тым ліку падчас пандэміі. Яго можна выкарыстоўваць для арганізацыі самастойных заняткаў вучня, заняткаў дома, навучання беларускіх дзяцей у пасольствах і консульствах нашай краіны за мяжой, для азнаямлення пачынаючых педагогаў з напрацоўкамі вопытных калег. З 1 верасня рэсурс працягне сваю работу. Яго матэрыялы будуць абнаўляцца, пачнецца распрацоўка беларускамоўнай версіі. Ідзе работа па лічбавізацыі сістэмы адукацыі. Да 2025 года плануецца стварыць рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, укараніць аўтаматызаваную сістэму кіравання ўстановай адукацыі, што будзе спрыяць аптымізацыі адміністрацыйных працэдур і далейшаму зніжэнню залішняга дакументаабароту, вырашыць праблемы неўласцівых функцый педагогаў.

Створана сур’ёзная база для арганізацыі профільнага навучання. Распрацаваны адзіныя падыходы да фарміравання профільных класаў, узмоцнены патрабаванні да залічэння ў іх. У профільным навучанні будзе шырока ўкараняцца міждысцыплінарны і прыкладны падыход, які дазволіць арыентаваць навучэнцаў на свядомы выбар інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. “Плануем у кожным раёне пры ўдзеле Парка высокіх тэхналогій адкрыць хаця б адзін STEM-цэнтр, які змогуць наведваць усе матываваныя школьнікі. Для навучэнцаў базавых 9—11 класаў у рамках працоўнага навучання арганізавана прафесійная падрыхтоўка з магчымасцю здаць кваліфікацыйны экзамен і атрымаць разрад. З наступнага навучальнага года ў базавых класах такі экзамен плануем зрабіць абавязковым”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Міністр паведаміў, што ў адпаведныя правілы ўносіцца норма аб выстаўленні адзнакі за чвэрць пры наяўнасці не менш як трох адзнак. Адзнака за год будзе выстаўляцца як сярэдняе арыфметычнае чацвяртных. Норма ўводзіцца з мэтай забеспячэння якасці бягучай атэстацыі вучняў. “Сёння асобныя вучні карыстаюцца тым, што за чвэрць можна атэставацца па адной адзнацы. А адсутнасць нездавальняючых адзнак і немагчымасць пакінуць нядбайнага вучня на другі год расхалоджвае і школьнікаў, і іх баць­коў”, — лічыць кіраўнік ведамства.

Працягнецца практыка міністэрскіх кантрольных работ і зрэзаў, а таксама ўдзел у міжнародным даследаванні PISA. Іх вынікі будуць улічвацца пры акрэдытацыі школ. Для змяншэння нагрузкі на выпускнікоў, выключэння суб’ектыўнасці пры ацэньванні, а таксама для павышэння якасці школьнага атэстата з 2023 года ў 11 класе прапануецца ўвядзенне Нацыянальнага дзяржаўнага экзамену. Гэта прадугледжвае правядзенне выпускных экзаменаў па матэматыцы і адной з дзяржаўных моў (па выбары) у фармаце цэнтралізаванага тэсціравання. Анкетаванне паказала, што прапанову Міністэрства адукацыі падтрымліваюць 70% настаўнікаў і больш як 60% вучняў і бацькоў.

Сацыяльная функцыя адукацыі

“Навучанне і выхаванне дзяцей заўсёды і ўсюды знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы. Зараз з-за адсутнасці ліцэнзавання любы жадаючы можа зарэгістра­ваць дзіцячы сад або школу, прычым без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і нават без педагогаў. Дастаткова толькі падаць заяву, прынесці статут і дакумент аб аплаце дзяржпошліны. Але праблема нават не ў гэтым. Задача беларускай сацыяльна арыентаванай дзяржавы — даць якасную адукацыю кожнаму незалежна ад яго сацыяльнага статусу і месца пражывання. А навязванне рыначных механізмаў у сістэме адукацыі, платных паслуг і сэрвісаў фактычна вядзе да са­цыяльнага расслаення насельніцтва, выбудоўвання каналаў знешняга негатыўнага ўплыву на сістэму адукацыі, дзяцей і бацькоў. У праекце Кодэкса аб адукацыі мы ўстанавілі забарону на выкарыстанне ў назвах юрыдычных асоб, якія не з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, слоў “дзіцячы сад”, “школа”, “гімназія”, “акадэмія”, “універсітэт”. Але гэтага недастаткова. Вырашэнне пытання бачыцца ў замацаванні ў праекце Закона “Аб ліцэнзаванні” адпаведнай нормы. Гэтая прапанова падтрымана, у найбліжэйшы час урад унясе праект у Палату прадстаўнікоў”, — сказаў міністр адукацыі.

Аб змяненнях у правядзенні ўступнай кампаніі

Ігар Карпенка зазначыў, што цэнтралізаванае тэсціраванне павінна быць захавана, бо даказала сваю эфектыўнасць і станоўча ўспрымаецца грамадствам. Каб за тэстамі бачыць абітурыента, забяспечваць кадрамі перш за ўсё нацыянальную эканоміку, паменшыць адток моладзі для навучання за мяжу, прапануецца істотна пашырыць магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Для гэтага ў праекце Кодэкса аб адукацыі ўжо прадугледжана зняцце тэрытарыяльных абмежаванняў на месца­знаходжанне заказчыка мэтавай падрыхтоўкі. Плануецца правядзенне ва УВА ўнутранага ўступнага экзамену па профільным прадмеце пры адборы на мэтавую падрыхтоўку, а таксама на шэраг асобных спецыяльнасцей з улікам сярэдняга бала атэстата і абавязковай наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі або працоўнага калектыву. Пры гэтым захаваюцца традыцыйныя ўнутраныя ўступныя выпрабаванні на творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, фізкультуры і спорту і іншыя, а таксама на скарочаную форму навучання для выпускнікоў каледжаў.

“Плануем прадастаўленне льгот пры паступленні ва ўніверсітэты як пераможцам, так і ўдзельнікам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Для адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў прапануем праводзіць унутрыўніверсітэцкія алімпіяды ў вядучых УВА, пераможцы якіх будуць таксама паступаць на льготных умовах. Гэтую прапанову падтрымліваюць больш за 80% апытаных настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Лічым, што падобныя падыходы неабходна распаўсюдзіць і на тых, хто паспяхова завяршыў навучанне ў Нацыя­нальным дзіцячым тэхнапарку і атрымаў рэкамендацыю назіральнага савета гэтай установы”, — паведаміў міністр адукацыі.

Акрамя таго, прапануецца праводзіць залічэнне ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па выніках конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі без сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Пералічаныя прапановы замацаваны ў праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які тычыцца правіл паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Дакумент падрыхтаваны і ў выпадку падтрымкі прапанаваных падыходаў у самыя кароткія тэрміны будзе дапрацаваны і ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы.

Развіццё прафесійнай адукацыі

Для вырашэння перспектыўных задач эканамічнага росту зараз рэалізуецца праект “Універсітэт 3.0”. Пачалася мадэрнізацыя шэрага вядучых універсітэтаў, падчас якой будзе створана больш за 120 самых сучасных лабараторый. “Рэалізацыя праекта паказала, што УВА могуць вырашаць не толькі адукацыйныя і навуковыя, але і камерцыйныя задачы, ствараючы новы прадукт і атрымліваючы ад гэтага прыбытак. Гэты праект павінен стаць стартавай пляцоўкай для пераходу да наступнай мадэлі — “Універсітэт 4.0”, якая прадугледжвае новую місію ўніверсітэта — фарміраванне інавацыйных галін і тэхналогій для мэт устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краіны”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Распрацавана стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, створаны сектаральныя саветы пры міністэр­ствах і ведамствах. Іх прызначэнне — сфармуляваць патрабаванні рынку працы да працоўных функцый спецыялістаў. Пачалася падрыхтоўка наступнага пакалення адукацыйных стандартаў. Запланаваны пераход да новага класіфікатара спецыяльнасцей.

“У адукацыйных стандартах асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню грамадзянскіх і патрыятычных кампетэнцый спецыялістаў, што прадугледжвае абнаўленне зместу вучэбных дысцыплін, і перш за ўсё сацыяльна-гуманітарнага цыкла”, — зазначыў міністр адукацыі.

Шырокае распаўсюджванне атрымае сеткавая форма ўзаемадзеяння. Навучэнцы адной установы адукацыі змогуць засвойваць змест часткі адукацыйнай праграмы з выкарыстаннем рэсурснага забеспячэння іншай установы. Для гэтага ў краіне створаны 51 цэнтр кампетэнцый па 9 відах эканамічнай дзейнасці, з якіх 19 ужо аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. У сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе функцыянаваць адзін від установы — прафесійны каледж.

Статус педагога і павышэнне якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў

“Настаўнік, як і раней, застаўся апорай дзяржаўнай улады і суверэнітэту краіны, таму палітыка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па абароне настаўнікаў, іх сацыяльнай падтрымцы, умацаванні станоўчага іміджу педагога і школы заўсёды атрымлівае станоўчы водгук у педагагічнай грамадскасці. У сваю чаргу гэта накладае і пэўную адказнасць на педагога за якасць і вынік яго дзейнасці. У сувязі з гэтым разгорнута мэтанакіраваная работа па павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Яна пачынаецца ўжо ў школе ў педагагічных класах. Там мы адбіраем здольных, добра паспяваючых у вучобе і, самае галоўнае, матываваных на педагагічную працу абітурыентаў. Перагледжаны праграмы псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, з 1 курса ўведзена педагагічная практыка”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Плануецца развіваць інстытут настаўніцтва для маладых педагогаў. Распрацаваны Правілы педагагічнай этыкі. Да пачатку навучальнага года іх замацуюць юрыдычна. Унесены змяненні ў Правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў, што таксама ўмацуе дысцыпліну і парадак у школе. Праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі рыхтуецца да прыняцця ў другім чытанні. Праект Канцэпцыі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года пасля дапрацоўкі плануецца да зацвярджэння пастановай Савета Міністраў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.