Сістэма адукацыі — рэгіянальныя ўніверсітэты: інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва

- 15:52Рознае, Суразмоўца

Дасягнуць якасна новага узроўню арганізацыі адукацыйнага працэсу можна толькі праз удасканаленне работы ўсіх яго суб’ектаў: ад дзіцячага садка і школы да ўніверсітэта. Што робіцца ў гэтым напрамку на Віцебшчыне? Напярэдадні Дня ведаў на пытанні нашага карэспандэнта адказаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.

— Іван Антонавіч, як выконваюцца сацыяльныя стандарты ў сістэме адукацыі Віцебшчыны?
— Мы ў поўным аб’ёме выканалі дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі, вынікова працавалі ўстановы адукацыі, значна пашырылася і палепшылася іх матэрыяльна-тэхнічная база. Паслядоўна і эфектыўна вырашаліся пытанні інфарматызацыі працэсаў навучання і кіравання адукацыяй, бесперапыннага павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Далейшае развіццё атрымала сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі рабочых кадраў і кадраў сярэдняга звяна. Праз факультатыўныя заняткі, гурткі і секцыі былі рэалізаваны адукацыйныя запыты дзяцей і іх бацькоў; захавалася характэрная для апошніх некалькіх гадоў станоўчая дынаміка вынікаў выпускных экзаменаў у 9 і 11 класах, цэнтралізаванага тэсціравання і рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

— Паспяховае авалоданне ведамі залежыць ад кожнага дзіцяці, яго сям’і, сацыяльнага асяроддзя. Але ці не найперш — ад настаўніка?
— У сувязі з гэтым сур’ёзная ўвага ўдзяляецца гімназіям, ліцэям і кадэцкім вучылішчам (такіх устаноў на Віцебшчыне 28), а таксама апорным школам па рабоце з адоранымі навучэнцамі ў кожным раёне. Навучальным установам новага тыпу неабходны кадры з павышаным узроўнем падрыхтоўкі — выпускнікі магістратуры і нават аспірантуры. Да гэтага мы імкнёмся і прыйдзем у бліжэйшай будучыні. Настаўнік — не проста дысцыплінаваны і адказны, мэтанакіраваны і кампетэнтны спецыяліст з дасканалым веданнем прадмета, псіхолага-педагагічнай і метадычнай падрыхтоўкай. У ліку абавязковых патрабаванняў да педагога варта асабліва вылучыць эрудыцыю і творчы падыход да працы, пастаянны пошук новых ідэй і рашэнняў у дачыненні да канкрэтнага ўрока, прадмета, установы адукацыі, а таксама ўстойлівую матывацыю да прафесійнага росту і развіцця асобы. Выкарыстанне сучасных ведаў і перадавога вопыту — пачатковая прыступка педагогікі; дасягнуць сапраўднага майстэрства можна толькі праз інавацыйнае пераўтварэнне наяўных методык.

— Большасць настаўнікаў у рэгіёне з’яўляюцца выпускнікамі ВДУ імя П.М.Машэрава. Як развіваецца супрацоўніцтва паміж заказчыкам і пастаўшчыком кадраў?
— Тое, што ў плане падрыхтоўкі педагагічных кадраў вобласць перайшла на самазабеспячэнне, з’яўляецца вынікам актыўнага супрацоўніцтва сістэмы адукацыі рэгіёна з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава і яго структурнымі падраздзяленнямі, педагагічнымі каледжамі ў Оршы і Полацку. Безумоўна, ВДУ тут належыць ключавая роля. Навучальная ўстанова была заснавана ў 1910 годзе як настаўніцкі інстытут і на працягу ўсёй сваёй гісторыі ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў сістэмы адукацыі. Сёння гэта класічны ўніверсітэт, аднак і на гэтым этапе развіцця ён рыхтуе кадры пераважна па педагагічных і навукова-педагагічных спецыяльнасцях. Відавочная наша ўзаемная зацікаўленасць у выкананні плана набору на гэтыя спецыяльнасці і якаснай падрыхтоўцы будучых педагогаў. На працягу апошніх гадоў мы праводзім мэтанакіраваную сумесную работу па фарміраванні парадку і вызначэнні кантрольных лічбаў прыёму з улікам рэальнай патрэбы ў кадрах, складаем прагнозы для асобных раёнаў, выконваем маркетынгавыя даследаванні. Паміж універсітэтам і ўсімі раённымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму вобласці дзейнічаюць дагаворы на падрыхтоўку кадраў, штогод яны карэкціруюцца. Значным дасягненнем і паказчыкам выніковасці супрацоўніцтва органаў кіравання адукацыяй, універсітэта і ўстаноў адукацыі я лічу павелічэнне колькасці абітурыентаў, якія паступаюць у ВДУ па мэтавым наборы. У 2013 годзе іх было залічана 48 — на 20% больш, чым у 2012-м; па выніках цяперашняй уступнай кампаніі — 56. У перспектыве перад намі пастаўлена задача забяспечыць мэтавы набор па максімальна высокіх паказчыках. Асабліва гэта датычыцца спецыяльнасцей матэматычнага цыкла, а таксама шэрага іншых найбольш запатрабаваных (“Дашкольная адукацыя” і “Рамана-германская філалогія”).

— Не сакрэт, што праблема дэфіцыту кваліфікаваных выхавальнікаў у рэспубліцы па-ранейшаму актуальная. У сувязі з гэтым як вы ў цэлым ацэньваеце сітуацыю ў сістэме дашкольнай адукацыі рэгіёна?
— У вобласці склалася многафункцыянальная сетка дашкольных устаноў, у якіх на высокім узроўні арганізавана адаптыўнае здароўезберагальнае асяроддзе, актыўна ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі і гуртковай работы, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база, павышаецца забяспечанасць неабходнай камп’ютарнай тэхнікай з сучаснымі праграмнымі сродкамі, абсталяваннем для гульняў, спорту і вучобы — прычым не толькі за кошт бюджэтных сродкаў, але і за кошт заробленых ўстановамі ў выніку аказання платных паслуг. Дзяржаўны сацыяльны стандарт забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі выкананы ў поўным аб’ёме. Тым не менш на ўзроўні дашкольнай адукацыі існуюць і складанасці — яны, трэба сказаць, актуальныя як для Віцебшчыны, так і для рэспублікі ў цэлым. Што датычыцца месцаў у дашкольных установах мікрараёнаў-новабудоўляў, то праблема паслядоўна вырашаецца ў частцы будаўніцтва новых дзіцячых садкоў, адкрыцця “сямейных аўтобусных маршрутаў” у гарадах, упарадкавання працэдуры па прадастаўленні месцаў, вываду першых класаў з устаноў дашкольнай адукацыі. Але ёсць пытанні і ў кадравым забеспячэнні: вобласці патрэбны выхавальнікі з профільнай вышэйшай (дашкольнай) адукацыяй. Адпаведны заказ на маладых спецыялістаў у гэтым годзе склаў 230 чалавек. Каб паскорыць вырашэнне праблемы, на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ імя П.М.Машэрава арганізавана перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. За 2012 год яе прайшло 39 чалавек, і яшчэ 104 зараз працягваюць навучанне.

— Гэта першы вопыт падобнага супрацоўніцтва?
— Хутчэй яго лагічны працяг. Першы станоўчы вопыт мы атрымалі, калі ў сувязі з адкрыццём сацыяльна-педагагічных цэнтраў, а ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — класаў інтэграванага навучання, у галіне сфарміравалася павышаная патрэба ў сацыяльных педагогах, псіхолагах, настаўніках-дэфектолагах. Пасля таго, як на базе ВДУ была арганізавана перападрыхтоўка па спецыяльнасцях “Псіхалогія” і “Лагапедыя”, праблему знялі, за апошнія тры гады падрыхтоўку па названых спецыяльнасцях прайшлі 79 чалавек, працягваюць навучанне яшчэ 74.

— З чаго, на вашу думку, пачынаецца якасць адукацыі?
— З канкрэтнага чалавека, яго асабістага ўкладу ў вырашэнне задач, пастаўленых перад сістэмай адукацыі. Адным з эфектыўных напрамкаў павышэння якасці адукацыі, прафесійнага ўзроўню як асобнага настаўніка, так і педагагічнага калектыву з’яўляецца інавацыйная дзейнасць. Тут мы маем нядрэнны вопыт і рэсурсы для далейшага развіцця. Так, у мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі дзейнічалі 4 эксперыментальныя пляцоўкі рэспубліканскага ўзроўню і 44 творчыя (даследчыя) праекты абласнога ўзроўню. Найбольш вынікова былі рэалізаваны эксперыменты і творчыя інавацыйныя праекты ў Наваполацку, Аршанскім, Лепельскім, Верхнядзвінскім раёнах і ў Першамайскім раёне Віцебска. Не менш значны напрамак доўгатэрміновага навукова-даследчага і вучэбна-метадычнага супрацоўніцтва ўяўляюць сабой вучэбныя навукова-кансультацыйныя цэнтры ВДУ ў школах, гімназіях Віцебска і Віцебскага раёна. Усяго ў вобласці функцыянуюць 15 такіх цэнтраў — арганізацыйных структур 27 філіялаў кафедр універсітэта. Характарызуючы супрацоўніцтва прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта з суб’ектамі сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, нельга абысці ўвагай яго віртуальны інфармацыйны кампанент — перш за ўсё гаворка ідзе аб рэсурсе school.vsu.by, арганізаваным з мэтай функцыянавання сістэмы “Школа — ВНУ” анлайн, а таксама аб практыцы правядзення вэбінараў.

— Лепшае сведчанне прафесіяналізму настаўніка — устойлівая матывацыя да вывучэння прадмета і дасягненні навучэнцаў…
— У рэгіёне створаны спрыяльныя ўмовы для далучэння адораных і таленавітых дзяцей да інтэлектуальнай і творчай дзейнасці. Толькі за мінулы год праведзена звыш 100 мерапрыемстваў рэспубліканскага і абласнога значэння, сярод якіх алімпіяды, конкурсы (у тым ліку дыстанцыйныя), турніры, канферэнцыі, фестывалі, выставы, спартакіяда школьнікаў, іншыя спартыўныя спаборніцтвы. Шэраг цікавых праектаў з’яўляецца вынікам супрацоўніцтва ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і ВДУ імя П.М.Машэрава. У адпаведнасці з праграмай “Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў Віцебскай вобласці” штогод мы праводзім конкурс навуковых праектаў “Першы крок у навуку”, канферэнцыю сярод малодшых школьнікаў, семінары для кіраўнікоў навуковых аб’яднанняў. Абагульняе вопыт і падводзіць вынікі даследчай дзейнасці школьнікаў на працягу навучальнага года навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “Эўрыка”. Дарэчы, яе пераможцы паспяхова прэзентуюць свае работы на рэспубліканскіх і міжнародных форумах. Напрыклад, прадстаўнік гімназіі № 1 Віцебска Раман Палякоў бліскуча пацвердзіў свой абласны дыплом І ступені на Навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair — 2014, а затым удзельнічаў у вядомым Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе ў Лос-Анджэлесе, ЗША.

— Адразу прыгадваецца поспех навучэнкі той жа гімназіі Барбары Кусковай на 26-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Тайбэі (Тайвань) — упершыню ў гісторыі нацыянальнага алімпіяднага руху медалём міжнародных спаборніцтваў па інфарматыцы была адзначана дзяўчына (бронзавы медаль). А якая падтрымка аказваецца адоранай і таленавітай моладзі?
— Рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах — асобны напрамак у рабоце з адоранымі дзецьмі. Нашымі традыцыйнымі партнёрамі ў яе падрыхтоўцы і правядзенні з’яўляюцца рэгіянальныя ВНУ і Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Тут працуе большасць трэнераў абласных каманд, якія займаюцца з дзецьмі на зборах, у летніх школах, на профільных зменах. Важная роля ў выяўленні і падрыхтоўцы адораных навучэнцаў, павышэнні якасці навукова-метадычнага забеспячэння і псіхолага-педагагічнага суправаджэння выкладання вучэбных прадметаў належыць вучэбным навукова-кансультацыйным цэнтрам ВДУ, а таксама міжшкольным факультатывам, якія вядуць вопытныя педагогі. Вялікае значэнне надаецца падтрымцы юных талентаў. Так, на ўсіх узроўнях — ад ўстановы адукацыі да мясцовых выканаўчых камітэтаў і Віцебскага аблвыканкама — прыняты рашэнні аб заахвочванні пераможцаў алімпіяды па вучэбных прадметах і іх настаўнікаў; на гэтыя мэты аблвыканкамам летась было выдзелена каля 208 мільёнаў рублёў. Па выніках заключнага этапу алімпіяды нашы навучэнцы заваявалі 91 дыплом — на 10 больш, чым у папярэднім навучальным годзе. У прыватнасці, мы палепшылі свае пазіцыі па біялогіі, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, рускай мове. Выдатна выступіла каманда па беларускай мове, заваяваўшы 13 дыпломаў з 16 магчымых. Прыемна адзначыць, што кожны год выдатнае веданне прадметаў дэманструюць як гарадскія, так і сельскія школьнікі. Сёння ёсць падставы гаварыць пра эфектыўную рэгіянальную сістэму работы з адоранай моладдзю, але разам з тым лічу, што 3 месца ў рэспубліцы — не для Віцебшчыны. Нашай задачай на бліжэйшы год будзе вярнуць лідарства ў алімпіядным руху: на працягу шэрага гадоў мы былі лепшымі сярод абласцей краіны. І будзем — рэзервы ёсць. Што датычыцца арганізацыі навучальнага працэсу, то я глыбока перакананы: галоўным фактарам паляпшэння якасці адукацыі з’яўляецца дыферэнцыяцыя ў навучанні. Сістэма профільнага навучання здольная і павінна стаць стабільным падмуркам падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для народнай гаспадаркі.

— Час дыктуе новыя падыходы да арганізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі. Якія змяненні адбываюцца на Віцебшчыне?
— У кантэксце супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі нельга абысці ўвагай аптымізацыю сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі. Летась да 4 дзяржаўных каледжаў, якія знаходзяцца ў структуры УВА, далучыліся Віцебскі тэхналагічны і Полацкі лясны. Сёлета структурным падраздзяленнем ВДТУ стаў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж; Аршанскі каледж чыгуначнага транспарту перададзены ў падпарадкаванне галіновага ўніверсітэта. У 2015 годзе плануецца пераўтварэнне ў каледжы ПДУ яшчэ 2 устаноў ССА. Органамі кіравання адукацыяй сумесна з камітэтамі эканомікі, па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, а таксама архітэктуры і будаўніцтва аблвыканкама, профільнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі, прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў і іншымі зацікаўленымі суб’ектамі праведзены шэраг мерапрыемстваў па каардынацыі падрыхтоўкі спецыялістаў усіх узроўняў. Зараз у вобласці вядзецца актыўная работа па фарміраванні галіновых адукацыйных структур — адукацыйных кластараў, якія аб’ядноўваюць профільную УВА і яе каледж, а таксама каледжы і прафесійныя ліцэі. Гэта дапаможа ўвязаць структуру падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў з запытамі наймальнікаў, зрабіць яе больш адраснай. Упэўнены, што гэта адзіны правільны падыход, які дазволіць захаваць і ўдасканаліць падрыхтоўку рабочых кадраў, кадраў сярэдняга звяна, спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

— Многае зроблена…
— Але і наперадзе чакае вялікая праца. У новым навучальным годзе мы павінны многае зрабіць — больш і лепш, чым у папярэднім.

Таццяна БОНДАРАВА.