Сістэма аплаты працы ў бюджэтнай сферы будзе мадэрнізавана

Тэмп росту рэальнай заработнай платы ў 2019 годзе ў параўнанні з 2018 годам, згодна з прагнозам, павінен скласці 103,8 працэнта.

Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

“Тэмп росту ў бюджэтнай сферы — 104,2 працэнта”, — сказала Ірына Касцевіч.

У мінулым годзе ў параўнанні з 2017 годам тэмп росту зарплаты дасягнуў 110,2 працэнта (у бюджэтнай сферы — 113,1 працэнта). Гэты паказчык расце з 2016 года — па выніках 2017 года рэальная заработная плата вырасла на 6,9 працэнта, а ў бюджэтнай сферы — на 4,6 працэнта.

Таксама Ірына Касцевіч адзначыла, што ў 2018 годзе міністэрства актыўна працавала над павышэннем аплаты працы ў бюджэтнай сферы, і нагадала аб падрыхтаваным праекце ўказа “Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый”. “Думаю, у найбліжэйшы час ён будзе прыняты, — сказала яна. — Але асноўная мэта — аптымізаваць, спрасціць сістэму налічэння зарплаты ў бюджэтнай сферы”.

Як растлумачыла міністр, у Беларусі за мінулыя гады сфарміравалася даволі архаічная сістэма аплаты працы бюджэтнікаў. Іх зарплата складаецца не толькі з акладу, але і з вялікай колькасці розных даплат і заахвочванняў, колькасць якіх часам перавышае два дзясяткі. Новы нарматыўна-прававы акт накіраваны на нармальную, зразумелую сістэму аплаты працы, каб стабільная частка акладу была на ўзроўні 50—60 працэнтаў, астатняе — стымулюючыя надбаўкі.

Гаворачы ў цэлым аб удасканаленні аплаты працы ў адпаведнасці з узроўнем кваліфікацыі, міністр расказала аб планах змяніць адзіную тарыфную сетку, якая складаецца цяпер з 27 тарыфных разрадаў. Іх колькасць зменшыцца да 18 — з размеркаваннем катэгорый работнікаў па прафесійна-кваліфікацыйных групах і дыяпазонах тарыфных разрадаў. Таксама тарыфную стаўку першага разраду плануецца замяніць базавай стаўкай. І будуць пашыраны правы кіраўнікоў дзяржорганаў і бюджэтных арганізацый па прымяненні найбольш эфектыўных метадаў стымулявання працы работнікаў.