Сістэма кантролю за якасцю аказання меддапамогі зменіцца

Міністэрства аховы здароўя ўзмоцніць кантроль за якасцю аказання меддапамогі, паведаміў міністр аховы здароўя Валерый Малашка пасля асабістага прыёму грамадзян у Савеце Міністраў.

“У гэтым годзе Міністэрства аховы здароўя аб’явіла курс на змяненне сістэмы кіравання якасцю аказання меддапамогі. Экспертыза якасці праводзіцца ва ўсіх лячэбных установах, але мы звярнулі ўвагу, што яна больш сканцэнтравана на аналізе медыцынскай дакументацыі, менш — на тых умовах, у якіх аказвалася меддапамога, узроўні яе аказання”, — сказаў Валерый Малашка. Сёння мяняецца нарматыўная дакументацыя, ствараецца вертыкаль кантролю за якасцю — ад Міністэрства аховы здароўя да рэгіянальных устаноў аховы здароўя.

Адпаведным пытанням у час прыёму грамадзян міністр удзяліў асаблівую ўвагу. Некаторыя людзі скардзіліся на якасць лячэння, дыягнастычных паслуг. Прычынай такіх нараканняў шмат у чым стаў арганізаваны не на належным узроўні кантакт урача і пацыента. Напрыклад, да міністра на прыём прыйшла жыхарка Гомельскай вобласці, незадаволеная ўзроўнем аказанай ёй дапамогі. Як растлумачылі прысутныя на прыёме спецыялісты, жанчына прайшла ўсе неабходныя абследаванні, у тым ліку МРТ, у яе ёсць узроставыя змяненні, хранічныя захворванні, якія патрабуюць назірання і лячэння амбулаторна. Міністр даручыў правесці з жанчынай размову і прапанаваў ёй прайсці дадатковае абследаванне ў РНПЦ у Гомелі.

На прыём да міністра аховы здароўя часта прыходзяць людзі са складанымі праблемамі са здароўем. “Зразумела, што за кожным зваротам стаіць лёс чалавека або цэлых сем’яў. Дастаткова складана разбірацца ў кожным звароце”, — адзначыў кіраўнік ведамства.

На прыём звярнулася і маладая сямейная пара, якая прасіла аб пераразмеркаванні мужа з Лоеўскай ЦРБ у Гомельскую абласную бальніцу. Жаданне маладых людзей працаваць у вялікіх гарадах зразумела, заўважыў Валерый Малашка. “Але, заключаючы мэтавыя дагаворы на навучанне, кожны малады чалавек свядома першапачаткова выбірае старт прафесіі ў невялікім населеным пункце”, — нагадаў ён. Міністэрства аховы здароўя ў гэтым плане паслядоўнае: у адпаведнасці з заканадаўствам, маладога чалавека неабходна накіраваць у той населены пункт, дзе быў заключаны мэтавы дагавор.