Сістэма працуе рытмічна

Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка падзякаваў студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за іх карпатлівую і старанную працу па вырабе ахоўных экранаў для медыцынскіх работнікаў.

У навукова-тэхналагічным парку ГрДУ з выкарыстаннем тэхналогій лазернай рэзкі і 3D-друку выпускаюць гэтае абсталяванне, але не абыходзіцца і без ручной зборкі. Студэнты, занятыя ў працэсе зборкі ахоўных экранаў, расказалі міністру аб працэсе работы, а таксама прапанавалі Ігару Васільевічу паспрабаваць самому зборку такога патрэбнага зараз медыцынскім работнікам абсталявання.

Візіт міністра адукацыі ў Гродна быў вельмі насычаным. І.В.Карпенка пабываў у гімназіі № 10, Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну, навукова-тэхналагічным парку і на будаўніцтве другой яго чаргі, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і на будаўніцтве новага інтэрната ГрДУ. З кіраўніцтвам сістэмы адукацыі Гро­дзенскай вобласці, кіраўнікамі навучальных устаноў, выкладчыкамі і настаўнікамі, студэнтамі і навучэнцамі абмяркоўвалі шмат пытанняў, а ўдзельнікі сустрэч мелі магчымасць задаць пытанні міністру, але адным з самых галоўных было — як сёння ідзе вучэбны працэс на ўсіх ступенях адукацыі: агульнай сярэдняй, прафесійнай, вышэйшай.

Першая сустрэча адбылася ў гімназіі № 10 Гродна. Гэтая навучальная ўстанова мае шматгадовыя добрыя традыцыі якаснага навучання і выхавання, па выніках мінулага года стала пераможцай гарадскога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродна. Як паведаміла дырэктар гімназіі Алена Андрэеўна Зінчук, па выніках гэтага навучальнага года 25 працэнтаў навучэнцаў 11-х класаў з’яўляюцца прэтэндэнтамі на ўзнагароджанне залатым альбо сярэбраным медалём, 26 працэнтаў выпускнікоў 9-х класаў — на атрыманне пасведчання аб базавай адукацыі асаблівага ўзору. Таму вельмі важным лічаць у гімназіі стварыць умовы для якаснага і бяспечнага навучання дзяцей у сучасных умовах і даць магчымасць настаўнікам працаваць эфектыўна. І.В.Капренку былі прадстаўлены распрацаваныя ў гімназіі мадэлі навучання, у тым ліку з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, сістэмы работы ў чацвёртай чвэрці, меры па выкананні неабходных санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў. Настаўнікі гімназіі прадставілі свае адукацыйныя распрацоўкі, расказалі, як працуюць сёння.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык і начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Антонавіч Сяманчык прадставілі работу, якую праводзілі настаўнікі, кіраўніцтва сістэмы адукацыі вобласці падчас вясновых канікул з мэтай пашырэння метадаў работы ва ўмовах чацвёртай чвэрці, а таксама як працуе сістэма адукацыі вобласці сёння.

— У Гродне даволі высокі працэнт наведвальнасці школ — каля 42% навучэнцаў сёння знаходзяцца на занятках. Працэс навучання арганізаваны добра: частка дзяцей наведвае ўстановы адукацыі, частка вывучае вучэбную праграму індывідуальна. Як і было пазначана раней, мы не плануем працягваць навучальны год. Ён скончыцца як звычайна, — адзначыў І.В.Карпенка.

Калі міністр адукацыі зайшоў у 11 клас гімназіі, то выпускнікі задалі хвалюючае іх пытанне аб тым, як будзе адбывацца цэнтралізаванае тэсціраванне, як будзе арганізавана заканчэнне навучальнага года. І пачулі ад Ігара Васільевіча пацвярджэнне, што ніякіх змен не будзе, ён пажадаў выпускнікам 2020 года поспехаў і ўпэўненасці ў сваіх ведах і настаўніках.

— Улічваючы сітуацыю, а таксама скарачэнне чацвёртай чвэрці, мы адкарэкціравалі каляндарна-тэматычнае планаванне па ўсіх вучэбных прадметах па выкананні вучэбных праграм у 1—11 класах. Безумоўна, асаблівая ўвага — выпускным класам. Ніякіх змен ва ўступнай кампаніі ў гэтым годзе не плануецца, — адзначыў міністр адукацыі.

Некалькі алгарытмаў работы з навучэнцамі распрацавалі ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну. І.В.Карпенка пабываў на ўроку матэматыкі, спецдысцыпліны “Тэсціраванне і адладка праграмнага забеспячэння”. Кожны выкладчык працуе адначасова як з навучэнцамі ў аўдыторыі, так і з тымі, хто па стане здароўя ці іншых прычынах знаходзіцца дома — сучасныя ІКТ дапамагаюць зрабіць гэты працэс зручным як для навучэнцаў, так і для выкладчыкаў. Адукацыйны працэс арганізаваны з выкарыстаннем Zoom и Google-класаў, а таксама ўласнай платфоры для навучання па індывідуальнай праграме ў рэжыме анлайн.

У каледжы наладзілі выраб масак з тканіны. Як паведаміла дырэктар каледжа Святлана Сяргееўна Шока, працуюць па заказах прадпрыемстваў і арганізацый. У дзень шыюць ад 1000 да 1500 масак. У дзень наведвання міністра адукацыі пачалі выпуск новага вырабу — ахоўных халатаў для медыцынскіх работнікаў.

Не засталося без увагі І.В.Карпенка будаўніцтва новай чаргі навукова-тэхналагічнага парка і інтэрната ГрДУ.

Патрэба ў новым інтэрнаце на 1030 месцаў для ўніверсітэта вельмі вялікая. Яго ўвод дазволіць забяспечыць жыллём да 85 працэнтаў іншагародніх студэнтаў. І.В.Капренка пабываў на будаўнічай пляцоўцы, агледзеў пакоі і аўдыторыі самападрыхтоўкі. Пасля размовы з будаўнікамі, знаёмства з ходам работ выпрацаваны новыя алгарытмы дзеяння — з’явілася ўпэўненасць, што ўвод аб’екта магчымы раней запланаванага першапачаткова тэрміну.

Увод другой чаргі навукова-тэхналагічнага парка адкрывае для яго развіцця новыя магчымасці. Сёння статус рэзідэнта маюць дзесяць кампаній, якія адносяцца да малых інавацыйных прадпрыемстваў. У другой чарзе тэхнапарка з’явіцца 16 новых вытворчых памяшканняў. Тут размесцяцца як офісныя, так і вытворчыя памяшканні.

На важнасць прасоўвання інавацыйных распрацовак, стварэнне інавацыйнай інфраструктуры звярнуў увагу і міністр.

— Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з’яўляецца рэгіянальным драйверам у рэалізацыі праекта “Універсітэт 3.0”. Галоўная задача ўніверсітэта цяпер заключаецца ў тым, каб падцягнуць сюды іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі, — падкрэсліў І.В.Карпенка. — Акрамя таго, важна вызначыцца з перспектыўнымі напрамкамі прыкладных даследаванняў, якія могуць легчы ў аснову стварэння інавацыйных прадуктаў, з прапрацоўкай кан’юнктуры рынку, маркетынгавых даследаванняў і выбудаванай лагістыкай. Менавіта такія задачы і павінны стаяць перад тэхнапаркамі.

А тое, як сёння працуе тэхнапарк на патрэбы рэгіёна, прадэманстравалі міністру адукацыі на прыкладзе вырабу абсталявання медыцынскага прызначэння. Дарэчы, тут ужо выпусцілі каля 700 ахоўных экранаў, заключаны дагаворы на выраб яшчэ 2000 штук. Для навукова-тэхналагічнага парка гэта сацыяльны праект — універсальныя ахоўныя экраны рэалізуюцца па сабекошце. Вядуцца работы і па стварэнні іншага абсталявання медыцынскага прызначэння — на апрабацыю медыкам перададзены новы элемент апарата ШВЛ, які дазваляе падключаць да аднаго апарата адначасова некалькіх пацыентаў.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае вялікі і шматгадовы вопыт па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. А ў гэтым го­дзе ўпершыню было праведзена анлайн-размеркаванне выпускнікоў. З 20 красавіка па 8 мая адукацыйны працэс ва ўніверсітэце з мэтай захавання бяспечных умоў перанесены ў віртуальную прастору. Адукацыйны партал ГрДУ імя Янкі Купалы функцыянуе ўжо больш за дзесяць гадоў. І сёння гэта не толькі сховішча інфармацыі, дзе сканцэнтраваны ўсе вучэбна-метадычныя комплексы па кожнай дысцыпліне, але і зручная пляцоўка для зносін паміж выкладчыкамі і студэнтамі.

— Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае ўнікальны вопыт па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, — адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка. — Мы стварылі ўсе ўмовы для правядзення заняткаў у рэжыме анлайн, захаваўшы пры гэтым якасць адукацыйнага працэсу.

Штодзень больш як 900 заняткаў прахо­дзіць у анлайн-рэжыме, для зручнасці работы выкладчыкаў тут арганізавалі 165 памяшканняў. Паколькі другі семестр — гэта час падрыхтоўкі курсавых і дыпломных работ, у вучэбным раскладзе таксама прадугледжана правядзенне кансультацый як у анлайн-, так і ў афлайн-рэжыме.

Міністру адукацыі былі прадстаўлены адны з такіх анлайн-заняткаў. Потым І.В.Карпенка абмеркаваў з кіраўніцтвам універсітэта далейшыя шляхі развіцця вышэйшай адукацыі.

І.В.Карпенка ў час рабочага візіту ў Гродна сустрэўся са старшынёй Гродзенскага абл­выканкама Уладзімірам Васільевічам Краўцовым. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні дзейнасці і развіцця навукова-тэхналагічнага парка, рэсурсных цэнтраў, перспектывы стварэння філіялаў кафедраў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Лідзе.

НА ЗДЫМКАХ: міністр адукацыі ў Гро­дзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогіі і дызайну; у навукова-тэхналагічным парку ГрДУ.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.