Сітуацыі, з якімі мы справіліся

- 12:14Портфолио

Фарміраванне эмацыянальнай устойлівасці ў малодшых падлеткаў

Падлеткавы ўзрост лічыцца самым складаным у развіцці чалавека. Менавіта падлеткамі часцей за ўсё трапляюць у дэструктыўныя кампаніі, яны часцей пачынаюць канфлікты, часцей уступаюць у бойкі, у іх з’яўляюцца праблемы ў паводзінах ці пачынаецца развіццё дэпрэсіўных станаў — адбываецца разбурэнне асобы.

Задача школьнага псіхолага — падрыхтаваць падлеткаў да самастойнага знаходжання выхаду са складанай жыццёвай сітуацыі. Падрыхтаваць да кожнай жыццёвай сітуацыі, натуральна, немагчыма. Аднак неабходна развіць у падлеткаў уменні разбіраць складаныя сітуацыі, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі і выбіраць правільнае вырашэнне. Важна навучыць падлеткаў бачыць і прызнаваць свае памылкі, таму што часта менавіта іх уласныя дзеянні прыводзяць да развіцця і абвастрэння складаных сітуацый.

Эмоцыі, як вядома, адыгрываюць важную ролю ў жыцці чалавека, таму што яны дапамагаюць прыстасавацца да той ці іншай сітуацыі. Тыповыя адрозненні эмацыянальных асаблівасцей асобы чалавека могуць выяўляцца ў моцнай ці слабай эмацыянальнай узбудлівасці, і ад гэтага ў большай ці меншай ступені эмацыянальнай устойлівасці.

Эмацыянальная ўстойлівасць забяспечвае магчымасць чалавека супрацьдзейнічаць непажаданаму ўплыву асяроддзя. Дзіця авалодвае ўласцівасцю эмацыянальнай устойлівасці паступова, па меры фарміравання складаных эмоцый і ўтварэння функцыі эмацыянальнага адлюстравання, асэнсавання і кіравання дзейнасцю.

Падлеткавы ўзрост уяўляе сабой перыяд, калі ўплыў эмоцый на сацыяльнае жыццё найбольш відавочны. Сітуацыя сталення падлетка асаблівая, у гэты перыяд адбываецца пашырэнне жыццёвай прасторы дзіцяці як у геаграфічным сэнсе, так і ў сацыяльным асяроддзі. Падлетак не хоча больш належаць суполцы дзяцей і ў той жа час ведае, што ён яшчэ не дарослы. Характэрнымі рысамі паводзін такой асобы з’яўляюцца эмацыянальная няўстойлівасць і чуллівасць, сарамлівасць і агрэсіўнасць, эмацыянальная напружанасць і канфліктныя адносіны з навакольнымі, схільнасць да крайніх меркаванняў і ацэнак.

Сучасны свет часта ставіць падлетаў у складаныя для іх сітуацыі, справіцца з якімі ім не па сілах з-за недастатковага жыццёвага вопыту. Таму мной быў распрацаваны практыкум, накіраваны на фарміраванне ў падлеткаў навыкаў адэкватнага эмацыянальнага рэагавання ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Практыкум складаецца з 5 этапаў і арыентаваны на падлеткаў 11—12 гадоў, якіх трэба размеркаваць на групы па 6 (максімум 8) чалавек. На некаторыя этапы адводзіцца па некалькі заняткаў. Працягласць заняткаў — 45 мінут (ці 1 гадзіна 20 мінут з перапынкам 15 мінут).

Мэта практыкуму: сфарміраваць у навучэнцаў навыкі адэкватнага эмацыянальнага рэагавання ў складаных жыццёвых сітуацыях.

І этап. Уводзіны ў тэму, дыягностыка

Мэта: тэарэтычная падрыхтоўка навучэнцаў па выбранай тэме.

На гэтым этапе адбываецца знаёмства навучэнцаў з тэмай практыкуму, іх тэарэтычная падрыхтоўка для работы з тэмай, а таксама дыягностыка.

Дыягностыка праходзіць ананімна. Рыхтуюцца дзве скрынкі (у далейшым патрэбны для падвядзення вынікаў): “Нашы цяжкія сітуацыі” і “Сітуацыі, з якімі мы справіліся” (назвы ўмоўныя).

Навучэнцы запаўняюць міні-анкеты, ананімна. Анкета складаецца з 3 пытанняў, неабходна апісаць:

1. Цяжкую сітуацыю, якая адбылася з вамі (падрабязна).

2. Удзельнікаў гэтай сітуацыі (бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, сваякі, добрыя знаёмыя, незнаёмыя людзі, равеснікі, сябры ці інш.).

3. Эмоцыі, якія вы адчулі ў гэтай сітуацыі.

Каб заняткі былі найбольш прадукцыйнымі, навучэнцы апісваюць рэальныя сітуацыі, з якімі яны сутыкаліся. Задача педагогаў — развіць выбраную сітуацыю да вострага крызісу і паказаць усе магчымыя цяжкасці для далейшай практычнай іх адпрацоўкі.

ІІ этап. Стратэгіі паводзін

Мэта: паказаць навучэнцам адрозненні ў характарах людзей у цяжкіх сітуацыях і іх асобасныя змяненні з выкарыстаннем прыродных (камень, пясок, вада і інш.) і не прыродных (губка, пластылін, акварэль, гуаш і інш.) матэрыялаў.

Вопытным шляхам праецыруюцца змяненні ўласцівасцей прадметаў пад уплывам якіх-небудзь дзеянняў навучэнцаў на змяненні характару і паводзін чалавека ў нейкай цяжкай сітуацыі.

Навучэнцы ўздзейнічаюць на матэрыялы, вывучаюць іх уласцівасці, спрабуюць знайсці падобнае з рысамі людзей і вызначыць залежнасць тыпу характару чалавека і стратэгіі паводзін, якая выбіраецца, у складаных сітуацыях.

Акрамя таго, на занятках адбываецца зняцце псіхічнага напружання ў працэсе ўзаемадзеяння з рознымі матэрыяламі.

ІІІ этап. Разбор сітуацый

Мэта: вывучэнне прычын і вынікаў узнікнення цяжкіх сітуацый.

Разбор сітуацый адбываецца па наступным плане:

1. Прыметы складанай сітуацыі.

2. Прычыны ўзнікнення складанай сітуацыі.

3. Якія і чые дзеянні прывялі да гэтай сітуацыі.

4. Якія і чые дзеянні ўзмацнілі гэтую сітуацыю.

5. Якія былі зроблены дзеянні да выхаду з сітуацыі.

Атрыманыя даныя сцісла выкладаюцца навучэнцамі ў выглядзе схемы і размяшчаюцца на дошцы.

Потым малюецца схема выхаду з гэтай сітуацыі, прыводзіцца некалькі спосабаў. Педагог дапаўняе сітуацыю новымі акалічнасцямі, якія могуць у корані змяніць далейшае развіццё падзей. Гэта неабходна для разгляду ўсіх магчымых стратэгій паводзін.

На дошцы размяшчаецца інфармацыя пра кожны спосаб (апісваецца, якія дзеянні павінен зрабіць кожны ўдзельнік складанай сітуацыі). Падчас дыскусіі навучэнцы выбіраюць аптымальны (але не адзіны) спосаб выхаду са складанай сітуацыі.

З улікам атрыманай інфармацыі на ІІ этапе навучэнцы вызначаюць, які спосаб выхаду з сітуацыі найлепшы для іх.

ІV этап. Практычная адпрацоўка атрыманай інфармацыі

Мэта: адпрацоўка стратэгій выхаду са складаных сітуацый.

Заняткі праводзяцца ў актавай зале з выкарыстаннем сцэны і акцёрскага рэквізіту, акцёры — самі навучэнцы.

Педагог рыхтуе сцэнарый складанай сітуацыі, зыходзячы з праведзенай дыягностыкі. Але сцэнарый не завершаны: моманты-рэакцыі ўдзельнікаў сітуацыі застаюцца пустымі. Навучэнцы павінны самі вызначыць, якія дзеянні прывядуць да вырашэння складанай сітуацыі, і прайграць іх.

Акцёрскі рэквізіт выкарыстоўваецца для надання сітуацыі большай рэальнасці, атрымання імпульсіўнай (не прадуманай) шчырай рэакцыі навучэнцаў.

Сітуацыі прайграюцца некалькі разоў рознымі навучэнцамі, адбываецца пошук аптымальнага выхаду з сітуацыі для кожнага з улікам яго асобасных рыс.

V этап. Падвядзенне вынікаў (рэфлексія)

Мэта: замацаванне атрыманай інфармацыі і практычных навыкаў навучэнцамі, атрыманне зваротнай сувязі, вывучэнне ўзроўню сфарміраванасці эмацыянальнай устойлівасці навучэнцаў.

На заключных занятках навучэнцамі ствараецца агульны алгарытм выхаду са складаных сітуацый. Алгарытм падзелены на 3 блокі, якія запаўняюцца навучэнцамі з улікам інфармацыі, атрыманай на папярэдніх этапах:

1. Як захаваць эмацыянальны спакой?

2. Да каго можна звярнуцца па дапамогу?

3. З якіх дзеянняў неабходна пачаць вырашаць складаную сітуацыю?

Для падвядзення вынікаў заняткаў адпрацаваныя сітуацыі перамяшчаюцца ў скрыню “Сітуацыі, з якімі мы справіліся”.

Апрабацыя практыкуму праводзілася з навучэнцамі 7 класа (12 гадоў) сярэдняй школы № 2 Зэльвы Гродзенскай вобласці. Варта адзначыць, што навучэнцы праяўлялі цікавасць на кожным этапе практыкуму, пераносілі атрыманыя веды на свае паводзіны і сітуацыі з іх жыцця.

Формы практыкуму падабраны так, каб не перагружаць навучэнцаў інфармацыяй, а падносіць яе схематычна, што больш зразумела для ўспрымання і лягчэй для запамінання.

Практыкум арыентаваны на развіццё ў падлеткаў умення хутка рэагаваць, калі апынуліся ў складанай сітуацыі. Аднак падчас практыкуму дасягаюцца і іншыя мэты: развіццё камунікацыйных здольнасцей, фарміраванне адэкватнай самаацэнкі, зняцце псіхаэмацыянальнага напружання, а таксама развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў.

Формы заняткаў падыходзяць малодшаму падлеткаваму ўзросту. Тэарэтычны матэрыял падаецца ў сціслай, схематычнай форме, даступнай для разумення і запамінання.

Практыкум таксама падыходзіць і для падлеткаў старэйшага ўзросту, аднак у формы заняткаў рэкамендуецца ўносіць змяненні, дабаўляючы тэарэтычны і практычны матэрыял, які адпавядае ўзросту.

Караліна БАГДАНОВІЧ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Зэльвы Гродзенскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.