Сітуацыя на глабальным рынку абавязвае невялікія краіны працаваць разам

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Малдова падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Цырымонія адбылася па выніках перагавораў у Кішынёве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

Урад Беларусі і камерцыйны банк Moldova Agroindbank заключылі дагавор аб умовах выдачы крэдытаў для набыцця ў Малдове беларускіх тавараў.

Пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Беларусі і Міністэрствам юстыцыі Малдовы, генеральнымі пракуратурамі, Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны Малдовы.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі і Бюро міжэтнічных адносін Малдовы падпісалі праграму мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве па забеспячэнні правоў нацыянальных меншасцей.

Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне энергаэфектыўнасці, аднаўляльнай энергіі і альтэрнатыўных відаў паліва заключылі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі і Фонд энергаэфектыўнасці Малдовы.

Дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве падпісаны паміж акадэміямі навук дзвюх краін.

Шэраг дакументаў падпісалі кіраўнікі рэгіёнаў. Гомельскі аблвыканкам будзе развіваць гандлёва-эканамічнае і культурнае ўзаемадзеянне з Выканаўчым камітэтам аўтаномна-тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія, Ганцавіцкі раён мае намер выбудоўваць адносіны з раёнам Леова па абмене групамі дзяцей для аздараўлення. Таксама заключылі пагадненне Жодзіна і Хынчэшць.

Як патлумачыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у час беларуска-малдаўскага форуму дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Кішынёве, які прайшоў у ходзе візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову, былі заключаны кантракты і пагадненні на $20 млн.

“Такія форумы надаюць імпульс супрацоўніцтву. У нейкай ступені гэта іміджавыя мерапрыемствы, паколькі можна паказаць сваю прадукцыю. Але галоўны вынік — гэта тое, што застаецца ў выглядзе кантрактаў. Падпісана 16 пагадненняў і кантрактаў на агульную суму (тое, што мы ведаем у канкрэтных лічбах) большую за $16 млн. Але ёсць кантракты, якія застаюцца камерцыйнай тайнай. Таму, паводле нашых ацэнак, мы планку $20 млн на гэтым форуме ўзялі”, — заявіў Уладзімір Улаховіч.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты таксама адзначыў, што краіны могуць з сумесна вырабленай прадукцыяй у далейшым выходзіць і на іншыя рынкі, у тым ліку такіх інтэграцыйных аб’яднанняў, як ЕС і Еўразійскі эканамічны саюз. Гэтаму садзейнічае, з аднаго боку, пагадненне аб асацыяцыі паміж Малдовай і ЕС, а з іншага — членства Беларусі ў ЕАЭС.

“У нас сапраўды вялікія і сур’ёзныя магчымасці. Сітуацыя на глабальным рынку проста абавязвае невялікія краіны працаваць разам. І ў гэтым наша будучыня”, — рэзюмаваў старшыня БелГПП.