“Скандынаўскімі” сцяжынкамі па малой радзіме

- 12:13Спартыўныя падзеі

Малая радзіма ў кожнага свая. Гэта можа быць пасёлак, у якім жывеш, вучышся або працуеш, дом у глыбінцы, дзе нарадзіўся і вырас. Гэта можа быць раён горада, у якім пайшоў у школу, а, скончыўшы яе, зрабіў першыя крокі ў дарослае жыццё. Шаноўныя чытачы, хочацца прапанаваць вашай увазе тэму пра малую радзіму і пра скандынаўскую хадзьбу, пра тое, як можна злучыць іх у адно цэлае. Пра тое, што новага можна даведацца пра родны край, праходзячы па ім спартыўнымі “скандынаўскімі” сцяжынкамі.

За пяць дзён былі распрацаваны пяць маршрутаў для заняткаў скандынаўскай хадзьбой у адным з найпрыгажэйшых месцаў Першамайскага раёна Мінска, дзе ёсць лес і сквер, сажалка і вадаём, дзе ёсць значныя не толькі для раёна, але і для ўсёй краіны спартыўныя аб’екты (Палац барацьбы імя А.В.Мядзведзя, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы і Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву), дзе трэніруюцца будучыя чэмпіёны і прызёры спаборніцтваў сусветнага і еўрапейскага ўзроўню і, вядома, Алімпійскіх гульняў. Аўтар матэрыялу і дзяўчаты, аматары скандынаўскай хадзьбы, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы маршрутаў, упэўнена гавораць: “Вось гэта ўсё і ёсць наша малая радзіма!”

Маршрут першы. Стадыён сярэдняй школы № 70 імя Л.І.Гурцьева Мінска (кругавая бегавая дарожка даўжынёй 200 м). Пройдзена 2450 крокаў у хуткім тэмпе. Перавагі маршруту: блізкасць да дома, дакладнае вызначэнне пройдзенай дыстанцыі; займацца можна ў любы час — як раніцай так і познім вечарам, асабліва калі няма магчымасці для працяглых заняткаў.

Маршрут другі. Стадыён школы — Севастопальскі сквер — стадыён школы. Пройдзена 8050 крокаў за 1 гадзіну 20 мінут. Перавагі маршруту: прыгожая прырода, прахо­джанне дыстанцыі па перасечанай мясцовасці і атрыманне больш эфектыўнай трэніровачнай нагрузкі.

Маршрут трэці. Стадыён школы — сасновы лес (раён Працоўных рэзерваў) — стадыён. Пройдзена 10 050 крокаў за 1 гадзіну 45 мінут. Перавагі маршруту: чыстае паветра, прыгожы ландшафт, увесь шлях пераадольваецца пад спеў птушак.

Маршрут чацвёрты. Палац барацьбы — Сляпянскі канал — Палац барацьбы. Пройдзена 9500 крокаў у сярэднім тэмпе. Перавагі маршруту: знаёмства са спартыўным аб’ектам, названым у гонар трохразовага алімпійскага чэмпіёна ганаровага грамадзяніна Мінска Аляксандра Васільевіча Мядзведзя. На працягу ўсяго маршруту паветра насычана свежасцю і лёгкай прахалодай, а краканне качак дадае станоўчыя эмоцыі.

Маршрут пяты. Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву — сажалка Сляпянскай воднай сістэмы (10 200 крокаў). Перавагі маршруту: маршрут пабудаваны ў форме трэніровачных заняткаў, якія спрыяюць развіццю агульнай вынослівасці.

Маршрут шосты. Стадыён Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы (400 м — кругавая бегавая дарожка). Пройдзена 5000 крокаў у хуткім тэмпе. Перавагі маршруту: магчымасць прайсці па стадыёне, на якім трэніруюцца спартсмены-лёгкаатлеты.

Паважаныя чытачы! “Скандынаўскія” сцяжынкі малой радзімы ёсць у кожным раёне вашага горада, раённага цэнтра, усюды, дзе вы жывяце і працуеце. Распрацоўвайце новыя маршруты, даступныя, пазнавальныя як для вас, так і для вашых навучэнцаў. Далучайце да гэтай творча-спартыўнай работы  бацькоў, настаўнікаў — тады ўсе змогуць больш даведацца пра сваю малую радзіму, ідучы “скандынаўскімі” сцяжынкамі да здароўя, поспеху, даўгалецця.

Таццяна КАВУНОВА,
настаўнік-метадыст фізічнай культуры і здароўя
сярэдняй школы № 70 імя Л.І.Гурцьева Мінска.
Фота аўтара.