Сканцэнтраваць сумесныя намаганні на поўным устараненні бар’ераў, максімальным скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі 9 студзеня распаўсюдзіла зварот Прэзідэнта Беларусі Старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандра Лукашэнкі да кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сувязі са старшынствам Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2020 года ў органах ЕАЭС.

“Прапануем сканцэнтраваць сумесныя намаганні на поўным устараненні бар’ераў, максімальным скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на рынках ЕАЭС, прадухіленні магчымасці ўзнікнення новых відаў перашкод для стварэння свабоднага канкурэнтнага асяроддзя, — гаворыцца ў звароце Аляксандра Лукашэнкі. — Адзначаем на­дзённую неабходнасць удакладнення асобных паўнамоцтваў органаў ЕАЭС. Выступаем за сістэмнае вырашэнне пытання аб выканальніцкай дысцыпліне пры выкананні прынятых органамі саюза рашэнняў, захаванні права ЕАЭС. Лічым мэтазгодным павысіць эфектыўнасць работы органаў саюза, удасканаліць парадак прыняцця рашэнняў, аптымізаваць парадак дня пася­джэнняў Савета ЕЭК і Еўразійскага міжурадавага савета, дэлегаваўшы шэраг паўнамоцтваў Калегіі ЕЭК”.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ўдасканаліць інстытуцыянальную структуру саюза, прывесці ў адпаведнасць з сучаснымі і перспектыўнымі этапамі развіцця еўразійскай інтэграцыі кампетэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі і Суда ЕАЭС. У рэалізацыі інтэграцыйнага парадку дня неабходна пераходзіць на праграмна-мэтавы метад, які прадугледжвае вызначэнне індыкатараў па ключавых напрамках інтэграцыі, адказнасць за іх дасягненне і выкананне адпаведных мерапрыемстваў.

“Патрабуецца ўзмацненне наднацыянальнай кампетэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі, у першую чаргу ў сферах з найбольшай колькасцю бар’ераў і выключэнняў: тэхнічнае рэгуляванне, прымяненне санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер, ажыццяўленне дзяржаўных закупак, прадастаўленне субсідый, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Наспела неабходнасць устанаўлення дазвольнага парадку ўвядзення нацыянальных абмежавальных мер, што прадугледжвае іх папярэдні разгляд органамі саюза”.

У звароце пералічаны найважнейшыя задачы, з вырашэннем якіх Беларусь звязвае далейшае развіццё Еўразій­скага эканамічнага саюза. Перш за ўсё пераход да адзінай або агульнай палітыкі ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і інш. “Толькі ў такім выпадку будуць ліквідаваны перадумовы і ўмовы для прыняцця нацыянальных прававых актаў, якія ідуць у разрэз з мэтамі саюза і якія ствараюць перашкоды ва ўзаемным гандлі”, — адзначаецца ў дакуменце.

Найважнейшай задачай названа завяршэнне работы па фарміраванні агульных энергетычнага і транспартнага рынкаў ЕАЭС, што павінна быць звязана з забеспячэннем недыскрымінацыйных падыходаў у галіне цэна­ўтварэння, тарыфаў і доступу да паслуг натуральных манаполій. “Паэтапнае вырашэнне гэтай задачы павінна быць бачным, кожны год мець канкрэтныя вынікі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Трэба прыняць адзіную праграму імпартазамяшчэння саюза на аснове нацыянальных праграм, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Неабходны распрацоўка доўгатэрміновай стратэгічнай праграмы інавацыйнага развіцця, умацаванне супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. Усё гэта павінна рэалізоўвацца пад кіраўніцтвам органаў саюза”.

Важным пытаннем з’яўляецца выраўноўванне ўмоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, стварэнне агульнага і празрыстага канкурэнтнага асяроддзя на ўнутранай пра­сторы саюза. “Еўразійскай эканамічнай камісіі трэба звярнуць увагу на пытанні субсідзіравання, змяніўшы фармат сваёй работы з наглядальніка на заканадаўца і прыняўшы меры для ліквідацыі дысбалансаў на ўнутраным рынку прамысловай прадукцыі з-за аказання мер дзяржаўнай падтрымкі, — адзначыў беларускі лідар. — Пры неабходнасці трэба пашырыць функцыі камісіі ў галіне прымянення спецыфічных субсідый”.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць фарміраванню збалансаванага аграрнага рынку саюза, заснаванага на сучаснай сістэме прагназавання развіцця аграпрамысловага комплексу ЕАЭС і паглыбленай міждзяржаўнай кааперацыі з прымяненнем эфектыўных сістэм пашырэння сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання, у тым ліку на рынкі трэціх краін. Па важных сельскагаспадарчых таварах неабходна распрацоўка міждзяржаўных праграм развіцця, уключаючы пытанні спецыялізацыі аграпрамысловых вытворчасцей у ЕАЭС на аснове выкарыстання канкурэнтных пераваг.

У звароце адзначаецца, што беларускі бок падтрымлівае далейшае ўзаемадзеянне краін ЕАЭС у пытаннях лічбавага парадку дня.

“Трэба актывізаваць спалучэнне інтэ­грацыйных працэсаў у ЕАЭС і СНД, зрабіць захады па павышэнні прывабнасці членства ў саюзе для нашых партнёраў па Садружнасці, — гаворыцца далей у дакуменце. — Важна прадоўжыць работу па інкарпараванні ЕАЭС у сістэму міжнародных адносін, актывізацыі супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і аб’яднаннямі, уключаючы ШАС, АСЕАН, Еўрапейскі саюз, МЕРКАСУР, СГА, АЭСР, а таксама па спалучэнні інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. Бу­дуць дабаўлены перагаворныя трэкі па лібералізацыі гандлёвых рэжымаў з трэцімі краінамі, у першую чаргу з такімі вялікімі, як краіны БРІКС, Інданезія і іншыя. Трэба запусціць сумесныя праекты па вывядзенні тавараў і паслуг ЕАЭС на замежныя рынкі. Варта актывізаваць намаганні па сумесным развіцці транспартна-лагістычнай інфраструктуры, уключаючы эфектыўны ўдзел у праектах ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў таксама прыняць дадатковыя меры па сусветным і рэгіянальным пазіцыянаванні ЕАЭС з выхадам на распрацоўку і рэалізацыю агульнай (адзінай) інфармацыйнай палітыкі. Трэба распрацаваць канцэпцыю агульнай інфармацыйнай палітыкі, стратэгію яе рэалізацыі і планы дзеянняў па іх выкананні.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў упэўненасць, што прыняцце і выкананне стратэгічных напрамкаў еўразійскай інтэграцыі да 2025 года будуць садзейнічаць рэалізацыі мэт, задач і абавязацельстваў, замацаваных у Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама ўключэнню ў інтэграцыйную арбіту дадатковых сфер супрацоўніцтва. У прыватнасці гэта датычыцца ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай сферы з забеспячэннем інавацыйнага прарыву эканомік дзяржаў-членаў, рэалізацыі значных інфраструктурных і прамысловых праектаў, стварэння еўразійскіх транснацыянальных кампаній і павышэння канкурэнтаздольнасці еўразійскай прадукцыі на сусветных рынках.

“Самае важнае — забяспечыць шырокую падтрымку еўразійскай інтэграцыі грамадзянамі нашых дзяржаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэн­ка. — Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць сацыяльным аспектам, павышэнню эфектыўнай занятасці і абароненасці працоўных, су­працоўніцтву ў галіне адукацыі, аховы здароўя, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, шырокаму ўключэнню моладзі ў працэсы еўразійскай інтэграцыі, узаемадзеянню ў іншых гуманітарных галінах”.

“Спадзяюся, што выкладзеныя ініцыятывы і напрамкі работы будуць падтрыманы дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза, а іх рэалізацыя забяспечыць далейшае паступальнае развіццё нашага саюза на аснове ўзаемнага даверу, павагі і адкрытасці”, — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.