Скарбніца для аматараў геаграфіі

- 8:50Выбар прафесіі

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ сабрана ўнікальная калекцыя картаграфічных матэрыялаў і тапаграфічнага абсталявання.

Сучасная картаграфія — гэта лічбавыя тэхналогіі, метады касмічнага і геаінфармацыйнага картаграфавання, сістэмы глабальнага пазіцыянавання (GPS) і найноўшыя электронныя інструменты. Заканамерна, што традыцыйная для факультэта спецыяльнасць “Картаграфія” трансфармавалася ў “Касмааэракартаграфію” — кардынальна змяніўся змест падрыхтоўкі спецыялістаў па картографа-геадэзічнай дзейнасці.

Сённяшнія студэнты вучацца праектаваць і ствараць мультымедыйныя картаграфічныя творы, дэшыфраваць і апрацоўваць лічбавая матэрыялы аэракасмічнай здымкі, праводзіць тапографа-геадэзічныя пошукі з выкарыстаннем спадарожнікавых GPS/ГЛАНАСС-прыёмнікаў, электронных тахеометраў і лічбавых нівеліраў. І ўжо здаецца неверагодным, што зусім нядаўна геаграфічныя карты ствараліся літаральна ў полі, алоўкам на паперы. І яшчэ больш неверагодна тое, з якой высокай дакладнасцю рабілі гэта картографы “далічбавых” часоў.

Калекцыя картаграфічных матэрыялаў і тапаграфічнага абсталявання, размешчаная на базе факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, — гэта сапраўдная скарб­ніца для аматараў геаграфіі. Многія з іх прыйшлі ў гэтую навуку дзякуючы менавіта геаграфічным картам. Уменне чытаць знакі і распазнаваць рэльеф — горы, хрыбты, лагчыны, яры, а таксама добрае ўяўленне дазваляюць ім здзяйсняць цудоўныя падарожжы па ўсім свеце. Што там Google i Yandex! Пакуль існуюць карты, географу не можа быць сумна.

Студэнты працуюць з выданнямі.

Дарэчы, гэта адзіная комплексная экспазіцыя ў Беларусі такой тэматыкі. Тапографа-геадэзічнае абсталяванне і карта­графічныя матэрыялы сабраны калектывам кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі як з фонду факультэта, так і з асабістых калекцый супрацоўнікаў. Экспазіцыя дзейнічае пастаянна і выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы спецыялістаў па картографа-геа­дэзічнай дзейнасці.

На тапаграфічнай выставе прадстаўлена больш за 30 геадэзічных прыбораў: тэадаліты, тахеометры, нівеліры, кіпрэгелі і святлодальнамеры. Усе яны знаходзяцца ў рабочым стане і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні дысцыплін “Тапаграфія з асновамі геадэзіі” і “Геа­дэзічнае інструментазнаўства”. Дапаўняюць тапаграфічную экспазіцыю падручнікі па геадэзіі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, чарцёжныя інструменты і рукапісныя арыгіналы выканальніцкіх тапаграфічных здымак.

— Тут можна назі­раць эвалюцыю геадэзічнага абсталявання з пачатку XX стагоддзя, — расказвае загадчык кафедры геа­дэзіі і касмааэракартаграфіі Аляксандр Раманкевіч. — Прадстаўленыя прыборы ў розны час выкарыстоўваліся для тапаграфічнай здымкі пры складанні тапаграфічных планаў і карт. Самы стары экспанат — двухвернь­ерны тэадаліт з металічнымі лімбамі на адной апоры і бусоллю, выпушчаны на расійскай фірме ў пачатку ХХ стагоддзя (Расія, Масква, Ф.Швабе, выпускаўся ў 1900—1915 гг.). Прыбор выкарыстоўваўся для вымярэння гарызантальных і вертыкальных вуглоў, а таксама магнітных азімутаў напрамкаў на мясцовасці.

Аляксандр Раманкевіч гаворыць, што гэтае абсталяванне падняло тапагеадэзічныя здымкі на новы ўзровень з больш высокай дакладнасцю вымярэнняў і дазволіла паставіць картаграфічную вывучанасць нашай тэрыторыі на адзін узровень з перадавымі краінамі Еўропы.

Рарытэтны тэадаліт.

Картаграфічная выстава на­лічвае больш за 500 твораў і дэманструе развіццё гэтай галіны ў Беларусі за амаль векавы перыяд. Таксама тут можна азнаёміцца з картаграфічнымі выданнямі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя.

— Унікальнымі экспанатамі з’яўляюцца Andrees Handatlas (1899), “Вялікі сусветны настольны атлас Маркса” (СПб.: Выдавецтва А.Ф.Маркс, 1906), “Кліматычны атляс Беларусі” (1927), “Атлас офицера РККА” (1938), “Вялікі савецкі атлас свету” (1939), — старшы выкладчык кафедры геадэзіі і касмааэракартаграфіі Вячаслаў Пейхвасер з гордасцю дэманструе кожнае выданне.

Таксама прыцягваюць увагу “Атлас свету” (1954), “Атлас БССР” (1958), шматтомныя выданні “Марскога атласа” і “Атласа акіянаў”, нацыянальныя атласы Кубы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Арменіі, а таксама комплексныя атласы саюзных рэспублік СССР, сучасныя замежныя картаграфічныя выданні.

Прадстаўлены і выданні сённяшняга флагмана картаграфіі — РУП “Белкартаграфія”, якое адзначыла 20-годдзе сваёй дзейнасці: “Нацыянальны атлас Беларусі”, “Геаграфічны атлас настаўніка” і “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” ў чатырох тамах у паліграфічным і электронным варыянтах, а таксама многія дзясяткі іншых выданняў, выдзеленых на асобных стэндах выставы.

Галоўны акцэнт — на картах і атласах, распрацаваных і аддрукаваных у Беларусі. Вячаслаў Мікалаевіч расказаў, што айчынная картографа-геадэзічная вытвор­часць вя­дзе адлік з 1923 года, ад стварэння Заходняй геадэзічнай акругі (пазней Беларускае геадэзічнае ўпраўленне) у мястэчку Навабеліца (сёння мікрараён Гомеля). Менавіта з яго ў 1934 годзе была вы­дзелена Беларуская карта­графічная фабрыка. Першыя яе выданні захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, кафедра мае іх копіі і некалькі арыгіналаў. Ужо ў 1936 го­дзе картаграфічная фабрыка пераведзена ў сталіцу ў Дом працы па вуліцы Энгельса, 2 (цяпер плошча Свабоды) — былы будынак базыльянскага кляштара якраз вызваліўся ад Друкарні імя Сталіна (цяпер выдавецтва “Беларускі Дом друку”).

Уменне чытаць знакі і распазнаваць рэльеф — горы, хрыб­ты, лагчыны, яры, а таксама добрае ўяўленне дазваляюць  географам здзяйсняць цудоўныя падарожжы па ўсім свеце. Што там Google i Yandex! Пакуль існуюць карты, географу не можа быць сумна.

З пераводам фабрыкі ў Мінск пачаліся работы над першым комплексным атласам саюзнай рэспублікі — “Атласам БССР”. Галоўным рэдактарам ад Акадэміі навук БССР стаў прафесар Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ) Я.Г.Ракаў. Атлас быў цалкам складзены і падрыхтаваны да друку, част­ка тыражу надрукавана, але вайна перапыніла гэтую работу, і ён не паспеў выйсці ў свет.

Вячаслаў Пейхвасер дэманструе рарытэтны атлас.

Час не захаваў цалкам работу картографаў, толькі асобныя старонкі з атласа цяпер захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі. На кафедры ёсць іх копіі.

За старонкамі кожнага атласа, прадстаўленага на стэндах, — гісторыя станаўлення картаграфічнай вытворчасці ў Беларусі. У пасляваенны перыяд у картографа-геадэзічнай галіне завяршылася работа над стварэннем шматстаронкавай дзяржаўнай тапаграфічнай карты СССР у маштабе 1:1 000 000, а ўслед за ёй ажыццёўлена дзяржаўная здымка ў маштабе 1:100 000.

— Вынік геаграфічнага вывучэння краіны быў прадстаўлены ў першым фундаментальным агульнагеаграфічным “Атласе свету” (1954), — працягвае аповед Вячаслаў Мікалаевіч. — Ён быў спраектаваны і складзены Навукова-рэдакцыйнай картаграфічнай часткай (Масква) у кааперацыі з Омскай картаграфічнай фабрыкай. Друк і пераплёт самага адказнага заказу картаграфічнай галіны ў верасні 1952 года даручаецца Мінскай картаграфічнай фабрыцы. У 1959 годзе за высокую якасць паліграфічнага выканання агульнагеаграфічны “Атлас свету” атрымлівае залаты медаль на Міжнароднай кніжнай выставе ў Лейпцыгу.

З 1954 года сярод картаграфічнай прадукцыі, якая ўбачыла свет у Мінску, вылучаюцца фундаментальныя сусветныя агульнагеаграфічныя, нацыянальныя і агульнадзяржаўныя атласы. Многія з іх прадстаўлены на стэндах выставы. Гэта першы комплексны атлас рэспублікі — “Атлас БССР” (1958), першыя ў свеце “Атлас Арктыкі” (1966) і “Атлас Антарктыкі” (1985).

У 1982 годзе мінскімі картографамі быў складзены і выда­дзены першы мініяцюрны атлас “Геаграфічны атлас СССР” памерам 7х9,5 см. Ён адкрыў серыю з больш як дзесяці мініяцюрных атласаў, што выпускаліся на Мінскай картаграфічнай фабрыцы (тады “Фабрыка № 2 Галоўнага ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР”).

Самы маленькі і самы вялікі атласы свету.

— Дзясяткі картаграфічных твораў — дасягненні савецкай картаграфіі — выдаваліся на Мінскай картаграфічнай фабрыцы, — гаворыць Вячаслаў Мікалаевіч. — Чвэрць агульнага аб’ёму карта­графічнай прадукцыі ў былым СССР, амаль чатыры тысячы выданняў 918 найменняў, тыражавалася ў Мінску, і трэць з іх складалася з непасрэдным удзе­лам мінскіх картографаў.

Такім чынам, калекцыя дэманструе не толькі высокія дасягненні картаграфічнай галіны, але і значны ўклад беларускіх спецыя­лістаў у гэтую справу. Наша картаграфічная школа вельмі моц­ная і прызнана ва ўсім свеце. Невыпадкова студэнты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі так любяць адарвацца ад сваіх камп’ютараў і пагартаць папяровыя атласы. Так можна ад­чуць сябе падарожнікам не толькі па свеце, але і ў часе.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.