Скарбніца вопыту

Эфектыўныя формы метадычнай работы ў дашкольнай адукацыі Віцебшчыны прадставілі ўдзельнікі XXXVI пасяджэння абласнога педагагічнага клуба “Праблемы. Пошукі. Знаходкі”.

Па традыцыі сустрэча прахо­дзіла на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і другі раз — у дыстанцыйным рэжыме. Як паведаміла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі ВАІРА Аксана Астапюк, новы фармат унёс пэўныя канструктыўныя карэктывы ў змест і форму работы клуба. Да пасяджэння далучыліся як пастаянныя члены аб’яднання — метадысты раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў і кіраўнікі вядучых устаноў дашкольнай адукацыі рэгіёна, так і запрошаныя педагагічныя работнікі, у тым ліку выхавальнікі і спецыялісты дашкольнай адукацыі, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў.

— Найбольш дзейснымі ў міжкурсавы перыяд формамі работы з педагагічнымі кадрамі з’яўляюцца тыя, што арганізуюцца і праводзяцца сістэмна, на пастаяннай аснове, — падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна. — Такі падыход дае магчымасць педагогам максімальна рэаліза­ваць свой патэнцыял, стымуляваць іх на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці і педагагічнага майстэрства, павышэнне якасці і выніковасці працы. Стратэгія кіравання гэтым працэсам нацэлена на стварэнне ўмоў для творчага станаўлення, прафесійнай актыўнасці работніка і дазваляе хутка распаўсюдзіць перспектыўны вопыт, сучасныя педагагічныя практыкі. Адным з рэсурсаў іх трансляцыі і шырокага ўкаранення выступае абласны педагагічны клуб работнікаў дашкольнай адукацыі “Праблемы. Пошукі. Знаходкі”, гісторыя якога налічвае больш за тры дзесяцігоддзі. З моманту заснавання аб’яднання ў 1988 годзе праведзена 36 пасяджэнняў; звычайна яны адбываюцца адзін раз на год на пачатку чэрвеня і прысвечаны Дню абароны дзяцей. Сёлета ў рамках анлайн-пасяджэння клуба быў прадстаўлены вопыт метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў Верхнядзвінскага, Шумілінскага раёнаў, Чыгуначнага раёна Віцебска, Наваполацка, якія курыруюць дашкольную адукацыю. У рамках пасяджэння прайшоў абласны этап Рэспубліканскага кірмашу метадычных ідэй “Эфектыўныя формы метадычнай работы з кадрамі”. Па яго выніках варта адзначыць Кастрычніцкі раён Віцебска за самы актыўны ўдзел, высокую якасць, арыгінальнасць, запатрабаванасць прапанаваных матэрыялаў і асобна ролю метадыстаў ВМК Ганны Міхалчонак і Вольгі Селязнёвай як галоўнай арганізую­чай сілы, куратараў, кансультантаў і натхняльнікаў працэсу падрыхтоўкі педагогаў-удзельнікаў. Шырокі рэзананс у педагагічнай грамадскасці рэгіёна выклікала віртуальная майстэрня па стварэнні інтэрактыўных гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту, прэзентаваная метадычнымі службамі Наваполацка і Полацка. Цікавыя распрацоўкі і майстар-класы падрыхтавалі прадстаўнікі Верхнядзвінскага, Віцебскага, Лепельскага, Ушацкага раёнаў. 

Дасланыя ўдзельнікамі работы былі даступны ўсім членам клуба для вывучэння і абмеркавання, на сайце клуба “Праблемы. Пошукі. Знаходкі” зафіксавана звыш 250 праглядаў за перыяд адкрытага доступу да матэрыялаў, з лепшымі з іх можна азнаёміцца па спасылцы https://yadi.sk/d/wLtWJvlMg3FBnA. Віцебскую вобласць на заключным этапе Рэспубліканскага кірмашу метадычных ідэй прадставяць метадысты ВМК Віцебскага райвыканкама Ксенія Осіпава, Наваполацкага гарадскога ВМК Ганна Аўсюк і Полацкага ВМК Ірына Бабуліна, намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Верхнядзвінска Святлана Мядзелец, ясляў-сада № 99 Віцебска Святлана Вінаградава, ясляў-сада № 70 “Светлячок” Віцебска Вікторыя Волкава, ясляў-сада № 79 Віцебска Наталля Дробыш, ясляў-сада № 81 Віцебска Таццяна Гек і ясляў-сада № 69 Віцебска Галіна Масько, Кіраўскага ясляў-сада Віцебскага раёна Святлана Батурына, ясляў-сада № 62 Віцебска Зоя Шлык, ясляў-сада № 59 Віцебска Жанна Шпакава, ясляў-сада № 83 Віцебска Юлія Шабашова і ясляў-сада № 55 Віцебска Вольга Бацвіна, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Смірнова і выхавальніца дашкольнай адукацыі Анжэ­ла Аляксеева (Ноўкінскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці), загадчык Святлана Шкіндзер і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Лісічонак (яслі-сад № 9 Лепеля), загадчык ясляў-сада № 89 Віцебска Таццяна Духнова і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 17 імя К.М.Самойлавай Віцебска Ларыса Макаранка, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Банеўская і выхавальніца дашкольнай адукацыі Алена Грышчанка (яслі-сад № 2 Ушачаў).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.