Скарбніцы памяці.Тэрыторыя сяброўства?

З музеямі і бібліятэкамі ў краязнаўцаў склаліся даўнія сяброўскія адносіны. А што наконт архіваў? Чаму гэтыя ўстановы (найбагацейшыя скарбніцы дакументальнай спадчыны нашага народа) і да сённяшняга часу застаюцца для некаторых даследчыкаў, у першую чаргу школьнікаў, своеасаблівай terra incognita? Няўжо сюды могуць наведвацца толькі прафесійныя навукоўцы? Канечне, не. Шляхі больш плённага супрацоўніцтва архіваў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала, які нядаўна прайшоў у фармаце анлайн на базе гістарычнага факультэта БДУ.

Калі вам, скажам, настаўніку-краязнаўцу, які працуе ў сельскай школе, для напісання даследчай работы па гісторыі малой радзімы спатрэбілася вывучыц­ь дакумент той ці іншай эпохі, то, акрамя інтэрнэту, вы ў першую чаргу звернецеся: а) у раённы краязнаўчы музей; б) у раённую бібліятэку. Калі пошук не будзе паспяховым, могуц­ь быць яшчэ пункты “в” (абласны музей), “г” (абласная бібліятэка) і нават “д” (Нацыянальная бібліятэка). Гэты шлях правільны і з верагоднасцю 90 працэнтаў прынясе плён. Аднак ён можа быць больш простым, калі пунктам “а” адразу выбраць занальны архіў альбо Нацыянальны гістарычны ці іншыя Rдзяржаўныя архівы. Што пера­шкаджае пайсці гэтым шляхам? Стэрэатыпы. К­шталту такога: “У архівах дазваляюць працаваць не ўсім, для гэтага варта мець навуковую ступень і званне”. Можа калісьці такое меркаванне і было слушным, аднак у нашы дні яно памылковае. Дзяржаўныя архівы адкрытыя і даступныя для ўсіх грамадзян, а не толькі для навукоўцаў.

Каб гэтыя адкрытасць і даступнасць былі не проста словамі, у чалавека яшчэ са школьных гадоў варта фарміраваць цікавасць да архіваў, архіўнае ўсведамленне. Так лічыць прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ Міхаіл Фёдаравіч Шумейка. Яго даклад пра фарміраванне архіўнага ўсведамлення ў школьнікаў не насіў строга навуковага характару, гэта былі хутчэй роздумы чалавека, які паўстагоддзя звязаны з дзейнасцю архіўных устаноў. Чым зацікавіць сучаснага школьніка, які прыйшоў на экскурсію ў архіў, у якога яшчэ няма ні жыццёвага вопыту, ні схільнасці да самарэфлексіі? Над гэтым пытаннем і прапанаваў паразважаць Міхаіл Фёдаравіч.

“Стандартныя фразы кшталту “Вось гэтыя дакументы да вас трымалі ў руках людзі, якія жылі многія стагоддзі назад” альбо паказ карцінак, на якіх супрацоўнік архіва, апрануты ў белыя пальчаткі, трымае старадаўнія граматы, абвешаныя дзясяткамі пячатак, не будуць эфектыўнымі. У лепшым выпадку вучні з ветлівасці пацікавяцца, як трапілі ў архіў гэтыя дакументы, а ў горшым — абыякава прамаўчаць. Што ж можа закрануць школьнікаў, прымусіць працаваць іх уяўленне? Гэта могуць быць прыклады, звязаныя з іх сённяшнім жыццём, жыццём родных, блізкіх. Нішто не выклікае ў вучняў такой цікавасці, як зварот да асабістай гісторыі, гісторыі свайго роду, сям’і”, — падзяліўся прафесар.

Да знаёмства дзяцей з дзей­насцю архіваў можна падысці нестандартна. Напрыклад, супрацоўнікі, якія займаюцца рэстаўрацыяй дакументаў, могуць расказац­ь пра выпадкі, калі са старадаўніх дакументаў літаральна сыпаўся пясок. Тлумачыцца гэта вельмі лёгка: у даўнія часы пясок выкарыстоўвалі для прасушвання запісаных чарнілам тэкстаў. Такія прыклады робяць знаёмства школьнікаў з архіўнай справай больш захапляльным. Эфектыўна фарміравац­ь архіўнае ўсведамленне можна праз зберажэнне матэрыялаў, якія наўрад ці стануць адзінкай захавання ў дзяржаўных архівах (напрыклад, школьных сшыткаў, дзённікаў, асобных фотадакументаў), але абавязкова зоймуць пачэснае месца ў школьных музеях і школьных архівах.

Сёння ўжо недастаткова традыцыйных форм папулярызацыі архіўных дакументаў праз арганізацыю выстаў, нават з выкарыстаннем супердасканалых тэхнічных сродкаў. Школьнікі хочуць самі ўдзельні­чаць у пошукава-даследчай дзейнасці, выяўляць, у тым ліку з дапамогай архіваў, звесткі пра сваіх знакамітых землякоў, пра падзеі, якія адбываліся калісьці на іх малой радзіме. Задача і архівістаў, і педагогаў — дапамагчы навучэнцам  у метадычным, дакументацыйным забеспячэнні. У якасці прыкладу Міхаіл Фёдаравіч прывёў уласны вопыт узаемадзеяння з вучнямі-краязнаўцамі Шумілінскага раёна:

“Асновай стаў мой артыкул пра вядомага беларускага архівіста-археографа ўраджэнца вёскі Казьяны Шумілінскага раёна Дзмітрыя Іванавіча Даўгялу. На мой адрас прыйшоў ліст, напісаны дзіцячай рукой, у якім вучні паведамлялі, што збіралі звесткі пра свайго выбітнага земляка. “Мы разумеем, — пісалі дзеці, — што вы вельмі заняты чалавек і ў вас няма часу “гуляць у нашы гульні”, але Дзмітрый Іванавіч — наш зямляк. Наша школа размешчана каля вёскі Казьяны. Мы хочам, каб падрастаючае пакаленне магло ганарыцца сваім старажытным краем, яго цікавым мінулым, продкамі. Аднак магчымасці глыбінкі ў даследаванні ўсіх пытанняў вельмі абмежаваны. А паколькі вы рыхтуеце манаграфію, прысвечаную Даўгялу, то мы і звяртаемся да вас па дапамогу”.

Вучні накіроўвалі запыты ў архівы Санкт-Пецярбурга, Віцебска, Магілёва, адкуль, на жаль, не атрымалі адказу, і выказалі спадзяванне на дапамогу з майго боку. Зразумела, я не мог пакінуць без адказу такі ліст і напісаў школьнікам і іх настаўніцы. Даслаў таксама экзэмпляр часопіса з артыкулам пра Даўгялу. Падказаў, па якіх напрамках можна весці пошук звестак. Нашы кантакты працягнуліся. Дзеці напісалі, што, дзякуючы матэрыялам, якія я прадаставіў, яны змаглі аформіць школьны гісторыка-краязнаўчы музей, экспазіцыю, прысвечаную земляку. Упэўнены, што тагачасныя школьнікі, з якімі я перапісваўся, а сёння ўжо дарослыя людзі, не згубілі цікавасці да сваёй малой радзімы. І архівы ў гэтым выпадку ў значнай меры садзейнічалі гэтаму”.

У кожнага ўдзельніка круглага стала была магчымасць выказаць прапановы адносна развіцця су­працоўніцтва паміж архівамі і школамі. Па словах Міхаіла Фёдаравіча, калісьці архівы сумесна з установамі адукацыі выдавалі разнастайныя даведнікі для краязнаўцаў-аматараў. Аднаўленне практыкі (вядома, з улікам сённяшніх рэалій) выдання падобных даведнікаў, напісаных навукова-папулярнай мовай, насычаных яркімі прыкладамі, ілюстрацыйным матэрыялам і адрасаваных у першую чаргу школьнай аўдыторыі, можа стаць добрай формай распаўсюджання інфармацыі пра дзейнасць архіваў, падтрымліваць цікавасць моладзі да дакументальных крыніц.

Работнікі аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, па словах яго загадчыка старшыні Беларускага таварыст­ва архівістаў Міхаіла Мікалаевіча Скамарошчанкі, не толькі займаюцца падрыхтоўкай дакументальных зборнікаў, даведнікаў, артыкулаў, але і актыўна ўдзельнічаюць у выяўленні, апублікаванні архіўных матэрыялаў. Узаемадзеянне з установамі агульнай сярэдняй адукацыі не ўваходзіць у пералік афіцыйных ключавых напрамкаў дзейнасці, але перыядычна супрацоўнікам аддзела даводзіцца сутыкацца з гэтымі пытаннямі, і архівісты ўсведамляюць важнасць такой работы.

“Мы традыцыйна актыўна адгукаемся на ініцыятывы супрацоўніцтва, намі накоплены вялікі практычны вопыт такога ўзаемадзеяння. Размова ідзе пра семінары, лекцыі, школьныя канферэнцыі, злёты краязнаўцаў, аказваюцца кансультацыі і дапамога ў афармленні школьных музеяў. Супрацоўніцтва вядзецца як з навучэнцамі, так і з педагогамі. Асабістыя зносіны са школьнікамі ў рамках спецыяльна арганізаваных выступленняў, заняткаў патрабуюць ад архівістаў навыкаў педагога, лектара-папулярызатара. Няправільна выбраная мадэль або манера выкладання матэрыялу можа не толькі не запомніцца навучэнцам, але і адыграць адмоўную ролю і сфарміраваць негатыўны вобраз архіва, архіўнага работніка”, — падзяліўся Міхаіл Мікалаевіч.

Не ўсе архівісты станоўча ставяцца да ідэі масавага наведвання чытальных зал школьнікамі. І гэта зразумела, бо пры такім раскладзе існуе пагроза нанясення ўрону арыгіналам архіўных матэрыялаў. Да таго ж не ва ўсіх навучэнцаў хопіць навыкаў для паўнацэннага ўспрымання і разумення першакрыніц. Каб пачарпнуць дадатковыя веды з тэкставых дакументаў, неабходна часам пераадолець цяжкасці, зразумелыя толькі спецыялісту: трэба разабрацца з тэрміналогіяй, зразумець глыбінную мову дакументаў, кантэкст. Дакументы, больш зразумелыя для навучэнцаў, носяць пераважна дапаможны характар.

“Нельга гаварыць пра масавае наведванне школьнікамі архіваў, далучэнне іх да работы з масівам першакрыніц. Апраўданай такая работа з’яўляецца для падрыхтаваных, зацікаўленых навучэнцаў. Гэта могуць быць удзельнікі розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, краязнаўчых, пошукавых гурткоў, людзі, якія валодаюць пэўнымі навыкамі, але самае галоўнае, якія зацікаўлены ў такой рабоце. У індывідуальным парадку пры наяўнасці абгрунтаванняў і ўважлівай прычыны навучэнец можа дапускацца да работы ў чытальнай зале ў суправаджэнні дарослых (бацькоў або педагогаў)”, — лічыць Міхаіл Мікалаевіч.

Архіўныя дакументы можна і неабходна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Сучасныя тэхналогіі даюць шырокія магчымасці для педагогаў і навучэнцаў выкарыстоўваць на занятках архіўныя матэрыялы без непасрэднага звароту ў архіў. Напрыклад, на сайце Нацыя­нальнага архіва ладзіцца шмат выстаў, прысвечаных ключавым, знакавым датам гісторыі нашай краіны, выбітным дзеячам мінулага, размяшчаюцца лічбавыя копіі дакументаў. Актыўная работа вядзецца і ў сацыяльных сетках. Напрыклад, у афіцыйнай групе архіва ў Facebook змяшчаюцца пасты, якія суправа­джаюцца копіямі дакументаў. Яшчэ адным напрамкам выставачнай работы Нацыянальнага архіва, які непасрэдна звязаны з узаемадзеяннем з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўляецца арганізацыя перасовачных выстаў, калі на спецыяльных планшэтах змяшчаюцца лічбавыя копіі дакументаў са спецыяльным дызайнерскім афармленнем, су­праваджальным тэкстам. Калі гаварыць пра традыцыйныя выставы дакументаў, то тут найбольшую цікавасць у навучэнцаў выкліка­юць дакумент або комплекс архіўных дакументаў у акружэнні музейных прадметаў.

Не кожны педагог, нават настаўнік гісторыі, можа кампетэнт­на працаваць з першакрыніцай у выглядзе архіўнага дакумента. Кіраўнікам школьных краязнаўчых, пошукавых гурткоў тут дапамогуц­ь дакументальныя выданні Нацыя­нальнага архіва. Штогод архівам выдаюцца зборнікі, даведнікі дакументаў па розных тэмах айчыннай гісторыі ХХ стагоддзя. Дакументальныя выданні архіва носяць статус навуковых. З апублікаванымі ў такіх выданнях дакументамі з высокай ступенню прадукцыйнасці могуць працаваць і настаўнікі, і вучні. Для настаўнікаў і вучняў не будз­е асаблівай цяжкасцю звярнуцца ў бібліятэку і выкарыстоў­ваць гэтыя зборнікі ў рабоце.

У круглым стале ўдзельнічалі не толькі навукоўцы, архіўныя работнікі, педагогі з Беларусі, але і іх калегі з Расіі і Польшчы. Цікавым вопытам рэалізацыі праекта “Архіўная эўрыстыка для школьнікаў” падзялілася намеснік начальніка аддзела дзяржаўнага ўліку і фарміравання архіўнага фонду ўпраўлення па справах архіваў Рэспублікі Башкартастан (Расійская Федэрацыя) Ірына Ганееўна Асфандзіярава: “З 2014 года башкірскае рэспубліканскае аддзяленне Расійскага таварыства гісторыкаў-архівістаў арганізуе ўдзел нашых школьнікаў ва ўсерасійскім конкурсе “Юны архівіст”, які праводзіцца штогод цэнтральным саветам таварыства. Распрацаваны намі праект “Архіўная эўрыстыка для школьнікаў” у лютым 2020 года атрымаў падтрымку фонду прэзідэнцкіх грантаў. Праект накіраваны на стварэнне пры таварыстве школьнага цэнтра навучання рабоце з гістарычнымі дакументамі дзяржаўных, муніцыпальных, прыватных, у тым ліку сямейных, архіваў. Наша галоўная задача — навучыць школьнікаў, як шукаць неабходныя архіўныя дакументы, каб скласці сваё генеалагічнае дрэва, напісаць гісторыю свайго горада, вёскі, установы адукацыі. У рамках праекта ў сакавіку мы напісалі метадычныя рэкамендацыі “Пішам гісторыю для школьнікаў” для настаўнікаў, краязнаўцаў — усіх, хто цікавіцца гісторыяй і пошукам архіўных дакументаў, а таксама складаннем сваіх радаводаў. Гэтыя рэкамендацыі можна знайсці ў інтэрнэце на старонцы нашага таварыства на сайце ўпраўлення па справах архіваў Рэспублікі Башкартастан”.

У рамках праекта запланаваны шэраг семінараў, якія будуць праходзіць у анлайн-рэжыме. Іх мэта — навучыць школьнікаў самастойна займацца пошукам архіўных дакументаў. Гэты пошук ажыццяўляецца не толькі праз папяровыя носьбіты. Створаны два цікавыя праекты: “Рэвізскія казкі” (вынікі перапісу насельніцтва дарэвалюцыйнай Расіі алічбаваны і змешчаны на сайце), “Башархив.рф” (праведзена алічбоўка метрычных кніг, і яны таксама размешчаны ў інтэрнэце). Гэты праект таксама набыў вялікі рэзананс сярод насельніцтва, у тым ліку сярод маладога пакалення, што, канечне, не можа не радаваць аўтараў праекта.

У рабоце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва са школамі назапашаны багаты вопыт. Па словах дырэктара архіва Ганны Вячаславаўны Запартыка, ёсць разнастайныя віды такога супрацоўніцтва. У першую чаргу, гэта экскурсіі вучняў у архіў. Яны, як правіла, адбываюцца падчас канікул. “Наш архіў не сустракае проста кабінетамі або чытальнай залай. Ён запоўнены міні-выставамі, размешчанымі і ў чытальнай зале, і ў кабінетах, і ў калідорах. Зразумела, што нашы выставы прысвечаны дзеячам літаратуры, мастацтва, культуры. Матэрыял са школьных падручнікаў дапаўняецца на выставе падрабязнымі звесткамі пра жыццё таго ці іншага дзеяча. Калі ў 2017 го­­дзе сярэдняя школа № 123 Мінска прапанавала нам падрыхтаваць выставу для школьнага каляднага балю, мы прось­бу выканалі. Выстава складалася з 2 раз­дзелаў: рэдкіх кніг і выданняў, якія захоўваюцца ў нашым архіве, і дакументальнага, прысвечанага дзеячам мастацтва і літаратуры. Выставу падарылі школе, і ёй да сённяшняга часу карыстаюцца настаўнікі і вучні. Часам мы выязджаем у школы з тэматычнымі выставамі, якія адпавяда­юць школьнай праграме. На Дзень ведаў нашы супрацоўнікі па традыцыі прысутнічаюць на ўроках: выступаем, гаворым пра архіў, памяць, сямейныя архівы. Гэта могуць быць 10-хвілінныя выступленні, а можа быць і давераны архівісту цэлы ўрок”.

Работа архіва і школы ў многім залежыць ад тых куратараў, якія яе арганізоўваюць. З боку школы гэта настаўнікі, у асноўным настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры. Аднак ёсць прыклады, калі краязнаўчай работай займаюцца і настаўнікі фізікі, матэматыкі. Па словах Ганны Вячаславаўны, кожны педагог, які прыходзіць з вучнямі ў архіў на экскурсію, на лекцыю або выставу, павінен гэты паход папярэдне суправаджаць міні-лекцыяй, міні-аповедам пра архіў, растлума­чыць, куды ідуць вучні, дзеля чаго ідуць. “Мы заўважаем розны ўзровень падрыхтоўкі настаўнікаў, якія да нас прыходзяць. Часам бачым, што для настаўнікаў, як і для іх вучняў, архіў — гэта адкрыццё. А ёсць настаўнікі, якія з’яўляюцца для архівістаў амаль калегамі. Калі аўдыторыя зацікаўлена, тады і ў архівістаў ёсць жаданне эмацыянальна гаварыць пра архіў, пра дакументы, што ў ім захоўваюцца. Дзеці ахвотна адказваюць на пытанні кштал­ту “А ці скажаш ты, у якім годзе нарадзіліся твая бабуля, твой дзядуля? А што ты пра іх ведаеш?”. Вось з гэтага трэба пачаць знаёмст­ва з архівам — растлумачыць, што трэба падрабязней цікавіцца біяграфіяй бабулі і дзядулі. З гэтага можна пачаць работу над фарміраваннем культуры памяці. Школьнікам, якія да нас прыходзяць, я заўсёды гавару: “Захоўвайце свой уласны архіў”. Гэта невялікія цагліначкі ў нашай агульнанацыянальнай скарбонцы памяці”.

На гэты заклік адгукаюцца, у прыватнасці, у гімназіі № 13 Мінска. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Аляксандраўна Бакун, сучасныя вучні валодаюць вялікай колькасцю крыніц інфармацыі, пра якія не ведалі іх папярэднікі. Сёння яны супастаўляюць звесткі па гісторыі, чэрпаючы іх з падручнікаў, урокаў, даных, якія яны атрымліваюць у сям’і, СМІ, інтэрнэце. У вялікім інфармацыйным патоку важна вызначыць месца архіўнага дакумента ў выхаваўчым працэсе. “У асноўным гаворка ідзе пра грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Найбольш папулярным у гэтым плане з’яўляецца выкарыстанне дакументаў, якія адлюстроўва­юць памятныя падзеі ў гісторыі нашай краіны. У той жа час застаецца практычна не рэалізаваным выхаваўчы патэнцыял крыніц па гісторыі штодзённасці. Менавіта такія крыніцы выклікаюць у вучняў жывую цікавасць. Калі па тых ці іншых прычынах прадставіць крыніцу цалкам немагчыма, то тут задача настаўніка стаіць у выбары неабходнага фрагмента, які зможа адлюстраваць атмасферу эпохі, выклікаць цікавасць у навучэнцаў, вырашыць не толькі вучэбную, але і выхаваўчую задачу”, — паведаміла Юлія Аляксандраўна.

Дакументы асабістых архіваў выпускнікоў займаюць важную частку экспазіцыі гімназічнага музея развіцця адукацыі. Адным з малавывучаных пытанняў, на думку Юліі Аляксандраўны, з’яўляецца патэнцыял архіўнага дакумента ў прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі. Работа з архіўнымі дакументамі ў пазаўрочнай дзейнасці дазваляе вучням не проста акунуцца ў пазнанне гісторыі сваёй сям’і, але і стаць стваральнікамі асабістых гістарычных крыніц. Гэты вопыт садзейнічае фарміраванню адукацыйных кампетэнцый, паспяховай прафесійнай арыентацыі, аказвае станоўчы ўплыў на фарміраванне светапогляду. Праз жывы аповед, каменціраванне фотаздымкаў, разгляд рэчаў мінулага вучні далучаюцца да гістарычнага працэсу, жывой гісторыі.

Менавіта выкарыстанне архіўных крыніц з’яўляецца залогам поспеху ў краязнаўчай дзейнасці. Калі ў даследчай рабоце з’яўляюцца архіўныя крыніцы, то адразу становіцца зразумелым, што аўтар сказаў нешта новае, у рабоце ёсць аналіз. Важна, каб архівы актыўна адгукаліся на запыты з боку школы, не давалі фармальных адказаў пра наяўнасць таго ці іншага дакумента. Патрэбна ўзаем­ная зацікаўленасць: і каб школа ішла насустрач архівам, і архі­вы ішлі насустрач школе. Так лічыц­ь старшы выкладчык кафедры крыніца­знаўства гістарычнага фа­культэта БДУ настаўнік гісторыі гімназіі
№ 22 Мінска Сяргей Барысавіч Каун. Дарэчы, вучні гэтай установы адукацыі Іван Осіпаў і Лізавета Чамаданава (кіраўнік настаўнік гісторыі Юрый Паўлавіч Кулік) прадставілі ўдзельнікам круглага стала свае работы пра лёс продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на прыкла­дзе выкарыстання архіўных дакументаў.

Як адзначыла выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя Максіма Танка Дар’я Алегаўна Касякова, любы гістарычны дакумент з’яўляецца артэфактам эпохі і дазваляе яе ажывіць, убачыць у ёй жывога чалавека, бо гісторыя — гэта, па сутнасці, навука пра жыццё чалавека. Калі мы вывучаем нейкі гістарычны дакумент, мы не толькі вывучаем змест, што ў ім апісваецца, але і гаворым пра кантэкст, таму што стыль, у якім напісаны той ці іншы дакумент, яго жанр з’яўляюцца яркім адлюстраваннем эпохі. У рабоце з гістарычнымі дакументамі, першакрыніцамі фарміруецца гістарычная эмпатыя, гісторыя атрымлівае новы ракурс асвятлення, погляд знутры, калі самі навучэнцы ма­юць магчымасц­ь паглядзець на падзеі мінулага вачамі сведкаў таго часу.

Практычна любыя падзеі ХХ ста­годдзя, не гаворачы пра ранейшыя часы, для сённяшніх школьнікаў, нават старшакласнікаў, — гэта не проста далёкае мінулае. Аддаленыя ў прасторы і часе падзеі становяцца для навучэнцаў нечым абстрактным. Пераадолець гэты разрыў дапамогуць архіўныя дакументы. Яны даюць вучням магчымасц­ь зразумець, што гісторыя — гэта не нешта аддаленае, а тое, што закранула кожную сям’ю. “Калі ёсць магчымасць адкрыць школьнікам больш шырокі доступ да архіваў, у тым ліку праз іх лічбавізацыю, то гэта трэба рабіць. Навучэнцы могуць дапамагчы ў інфармацыйнай апрацоўцы матэрыя­лаў. Задача настаўніка — развіць у навучэнцаў цікавасць да архіўных дакументаў і гісторыі ў цэлым, а задача архіва — прадаставіць такія магчымасці”, — лічыць Дар’я Алегаўна.

Наколькі паспяхова гэтыя задачы будуць вырашаны, зале­жыць ад зацікаўленасці ў супрацоўніцтве як з боку архіваў, так і з боку школы. Круглы стол засведчыў, што ўзровень гэтай зацікаўленасці высокі. А значыць, даследчыкі роднага краю пры выбары шляхоў пошуку гістарычных дакументаў усё часцей пунктам “а” будуць выбіраць не толькі бібліятэкі і музеі, але і архівы, якія з’яўляюцца скарб­ніцамі гістарычнай памяці і, спа­дзяёмся, тэрыторыяй сяброўства са школамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і БелТА.