Скарбонка дасягненняў: на чым робяць акцэнт у выхаваўчай рабоце педагогі Іялчанскай сярэдняй школы

- 13:17Гомельская область, Индекс успеха, Образование

Вучаць працаваць на зямлі і развіваюць спартыўныя таленты — на гэтым робяць акцэнт у выхаваўчай рабоце з дзецьмі педагогі Іялчанскай сярэдняй школы Брагінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Доўгі час адзін з найбольш аддаленых ад сталіцы раёнаў — Брагінскі — пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС лічыўся ледзь не самым забруджаным у рэспубліцы. Аднак шматгадовая планамерная рэабілітацыя пацярпелых тэрыторый дазволіла мясцовым жыхарам, не забываючы пра радыяцыйную бяспеку, спакойна працаваць і адпачываць, а іх дзецям і ўнукам вучыцца, выбіраць прафесію, а ў вольны час умацоўваць здароўе на спартпляцоўках і ў залах.

Аграгарадок Краснае, які размясціўся амаль на самай ускраіне Гомельшчыны, прыкладна за 40 кіламетраў ад Брагіна, таксама жыве сёння звычайным жыццём. Адна з іскрынак мясцовай Іялчанскай сярэдняй школы — аграрны напрамак, пачатак якому паклаў некалькі гадоў назад удзел у праекце “Развіццё патэнцыялу сеткі сямейных клубаў у чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі”.

Першапачаткова на чатырох сотках побач са школьным будынкам з’явілася 400 саджанцаў малін, прычым ягада была выбрана невыпадкова, паколькі не назапашвае шкодныя рэчывы.

Сёння ў Іялчанскай сярэдняй школе цудоўны прышкольны ўчастак, устаноўлены цяпліцы, вырошчваюцца ранняя зеляніна, агародніна і садавіна, ёсць малагабарытная сельскагаспадарчая тэхніка з навясным абсталяваннем, сістэма кропельнага паліву, сучасныя садова-агародныя інструменты.

Школа стала своеасаблівай пілотнай пляцоўкай па стварэнні ўмоў для выхавання вучняў, гатовых зрабіць усвядомлены выбар на карысць сельскага ладу жыцця.

Школьнікі не толькі вучацца тэхналогіям вырошчвання арганічнай прадукцыі, але і знаёмяцца з магчымасцямі працаўладкавання на сяле, арыентуючыся на сельскагаспадарчыя прафесіі. Хтосьці вырашае прадоўжыць навучанне ў адпаведных адукацыйных установах, у тым ліку УВА.

Акрамя іншага, прышкольны ўчастак дае магчы­масць установе адукацыі атрымаць дадатковы даход, зрабіць таннейшым харчаванне школьнікаў, набыць патрэбнае абсталяванне. Дырэктар Іялчанскай сярэдняй школы Мікалай Бузько расказвае:

— У нас вучацца звыш 60 чалавек з пяці населеных пунктаў, частку з іх падвозяць з найбліжэйшых вёсак і гарадскога пасёлка Камарын. Умовы для вучобы, працы, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення створаны нядрэнныя. Мы ганарымся ўласным пры­школьным участкам, на якім вырошчваем агародніну, садавіну, ягады, у тым ліку буякі, якія карыстаюцца высокім попытам на рынку.

Атрыманую прадукцыю рэалізуюць, а заробленыя грошы выкарыстоўваюць для патрэб школы. Так змаглі без прыцягнення бюджэтных сродкаў адрамантаваць спартыўную залу. Яна ўтульная і аснашчана ўсім неабходным інвентаром.

— Акрамя абавязковых урокаў фізкультуры, — працягвае Мікалай Бузько, — наш адзіны выкладчык па гэтым прадмеце, кіраўнік фізічнага выхавання Леанід Шэін, штодзень з 16 да 20 гадзін вечара праводзіць з дзецьмі заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах па розных відах спорту, якія ўваходзяць у вучэбную праграму. Сёння гэта можа быць футбол, заўтра — валейбол, затым — лёгкая атлетыка і г.д. Сам ён мясцовы, у свой час скончыў Гродзенскае педагагічнае вучылішча, і з таго часу ўсё жыццё, адслужыўшы ў арміі, працуе ў нашай школе. Гэта вопытны педагог яшчэ савецкага, я сказаў бы, гарту, акрамя ўрокаў фізкультуры, вядзе яшчэ і дапрызыўную ваенную падрыхтоўку. Хлопцы адчуваюць цвёрдую мужчынскую руку. Нездарма нашы лепшыя юныя спартсмены паспяхова выступаюць на такіх спаборніцтвах, як “Абаронца Айчыны” і “Снежны снайпер”.

Па прыклады далёка і хадзіць не трэба. Так, з нядаўніх абласных спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе” і “Абаронца Айчыны” вярнуліся з медалямі некалькі навучэнцаў Іялчанскай сярэдняй школы. У першым, дзе вызначаліся самыя спрытныя, дужыя, хуткія і вынослівыя дзяўчаты 5—11 класаў, 2-е месца ў складзе зборнай Брагінскага раёна занялі Карына Самойленка і Дар’я Чарняева.

Праграма зімовага мнагаборства “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўной моладзі ўключала падцягванні на перакладзіне, стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі і бег на 3000 метраў. Тут бронзавай узнагароды ўдастоіўся адзінаццацікласнік Арцём Самойленка. Дарэчы, медалёў розных турніраў у калекцыі хлопца ўжо шмат, ён па праве лічыцца адным з лепшых спартс­менаў школы. З дзяцінства захапляецца лыжамі, лёгкай атлетыкай і хакеем, прычым гуляць ездзіць у Брагін, дзе ёсць добрая каробка, у кампаніі з аднакласнікамі. У мінулым годзе Арцём заняў 2-е месца на рэспубліканскім турніры “Залатая шайба” ў складзе каманды Гомельшчыны (сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 15—16 гадоў). Паступаць пасля заканчэння школы збіраецца ва ўстанову адукацыі МУС, дзе, безумоўна, добрая фізічная падрыхтоўка яму вельмі спатрэбіцца.

Фотапартрэты Арцёма і Карыны Самойленка, Дар’і Чарняевай, яе брата Сяргея, Міланы Кузьмянок, Аліны Даніленка, Івана і Рыгора Шамелы і яшчэ некалькіх хлопцаў і дзяўчат упрыгожваюць Дошку гонару “Лепшыя спартсмены школы”. Экспазіцыя рэгулярна абнаўляецца, а значыць, больш юныя аднакласнікі з часам папоўняць гэты ганаровы спіс.

Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА