Скарбонка краязнаўчых матэрыялаў

- 9:30"Настаўніцкай газеце" — 75

Аляксандра Яўгенаўна КРАВЕЦ шмат гадоў працуе загадчыкам аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. І ўвесь гэты час цесна супрацоўнічае з “Настаўніцкай газетай”. Дзякуючы яе парадам, багатаму метадычнаму вопыту старонкі нашага выдання рэгулярна напаўняюцца цікавымі артыкуламі на краязнаўчыя тэмы.

75 гадоў выданню… Калі задумваешся, ці шмат гэта, то паглыбляешся ў атмасферу пройдзенага этапу і перажываеш моманты дачынення да тых працэсаў, што адбываліся ў розныя перыяды 75-гадовага педагагічнага жыцця.

Калі сабраць раскіданае па розных гадах гэтага перыяду “края­знаўчае каменне”, то вырасце вялізная гара самацветаў. Кожны каменьчык гэтай гары — застылыя на старонках выдання вопыт і веды не аднаго пакалення педагогаў-краязнаўцаў.

Шмат карысных спраў робіцца ва ўстановах адукацыі па фарміраванні ў моладзі павагі да культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа, назапашаны багаты вопыт краязнаўчага вывучэння роднай зямлі. Не менш важнай з’яўляецца работа па папулярызацыі навучэнцамі і педагогамі сваёй краязнаўчай дзейнасці, прапаганда гістарычна-культурных каштоўнасцей рэгіёна ў сродках масавай інфармацыі.

Сярод розных выданняў “Настаўніцкая газета” заняла пачэснае месца ў інфармацыйнай прасторы ўстаноў адукацыі нашай краіны. Выданне з’яўляецца інфармацыйным дапаможнікам для педагогаў-краязнаўцаў, скарбонкай актуальнага краязнаўчага матэрыялу. Выкарыстоўваючы эмацыянальна-вобразныя магчымасці слова, газета знаёміць і ўкараняе ў практыку новыя формы і метады краязнаўчай дзейнасці.

Цеснае супрацоўніцтва “Настаўніцкай газеты” з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, які ажыццяўляе доўгатэрміновую работу па далучэнні дзяцей і моладзі да вывучэння і захавання культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыны сродкамі турызму і краязнаўства, скіравана на актывізацыю педагагічнага працэсу па папулярызацыі каштоўнасцей, якія складаюць культурную памяць народа. Поспех у выхаванні маладога пакалення шмат у чым залежыць ад цеснага міжведамаснага ўзаемадзеяння і аб’яднання іх адукацыйных магчымасцей у вырашэнні найважнейшых выхаваўчых задач.

Важны аспект работы ўстаноў адукацыі — выхаванне маладога пакалення на гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што асабліва актуальна ў год святкавання 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Толькі ў гэтым годзе шмат старонак газеты былі прысвечаны гэтай важнай падзеі ў жыцці нашага народа. Вельмі сімвалічна, што лёсавызначальны 1945 год стаў і годам выхаду першага нумара “Настаўніцкай газеты”.

Вялікая сіла слова дазволіла выданню прайсці поруч з настаўнікамі доўгі шлях станаўлення і развіцця сістэмы адукацыі Беларусі. Прыкладзеныя намаганні дазволілі не разгубіцца ў вялізнай інфармацыйнай прасторы і зберагчы самабытнасць выдання.

Калектыў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, у прыватнасці аддзела края­знаўства і патрыятычнага выхавання, віншуе супрацоўнікаў выдання з юбілеем і жадае ім доўгіх гадоў творчага жыцця, каб кожны год быў новым крокам наперад на шляху творчай самарэалізацыі. Няхай і надалей расце аўдыторыя прыхільнікаў “Настаўніцкай газеты”, якія заўсёды могуць знайсці ў выданні патрэбны краязнаўчы матэрыял. Няхай прафесіяналізм, пошук, наватарства і надалей дапамагаюць у дасягненні высакародных мэт.

Прыміце ад нас, паважаныя прафесіяналы, пажаданні поспехаў у пачэснай і нялёгкай працы на ніве папулярызацыі і захавання нашай гісторыі і культуры, выхаванні падрастаючага пакалення.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.