Скарбонка поспеху: важны ўклад кожнага

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Абласны тэматычны семінар “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2020/2021 навучальным годзе” прайшоў у Віцебску.

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома падзякаваў педагагічнай супольнасці за эфектыўную і якасную сумесную работу, акрэсліў асноўныя напрамкі, прыярытэты і перспектывы развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Асобны акцэнт Дзмітрый Леані­давіч зрабіў на пытаннях фінансавага забеспячэння і ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базы ўстаноў адукацыі, ратацыі кадраў, а таксама на спецыфіцы функцыянавання школ, размешчаных у сельскай мясцовасці, падрыхтоўцы ўдзельнікаў алімпіяд і конкурсаў работ даследчага характару.

— Кожная школа вобласці павінна ўносіць свой пасільны ўклад у агульную скарбонку поспеху, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. — Калі ў 2015—2016 гадах на капітальныя і бягучыя рамонты галіны было выдаткавана каля 11—12 млн рублёў, то сёлета — у пяць разоў больш, каля 60 млн. Рэгулярнае фінансаванне дазваляе выпрацоўваць устойлівую стратэгію развіцця. Няпростае, але надзвычай важнае для нас пытанне — аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Яшчэ 5 гадоў назад закрыццё малакамплектных школ у сельскай мясцовасці камусьці магло здацца непапулярнай мерай. Але менавіта яна дазволіла вызваліць сродкі, якія даюць магчымасць працаваць над павышэннем якасці адукацыі, і гэтая задача застаецца актуальнай. Штогод прырастае колькасць устаноў, задзейнічаных у праекце “Школа будучыні”. Прыкладам можа паслужыць сярэдняя школа № 1 Дуброўна, дзе некалькі гадоў назад з’явіўся клас робататэхнікі, і сёння навучэнцы дэманструюць высокую падрыхтоўку, паспяхова канкурыруюць на конкурсах па робататэхніцы і праграмаванні са сваімі равеснікамі з буйных гарадоў і абласнога цэнтра. Віцебшчына планамерна павышае свае пазіцыі па ўсіх паказчыках, у тым ліку па выніках міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і конкурсаў, цэнтралізаванага тэсціравання. Разам з тым відавочны патэнцыял для далейшага росту і развіцця. Неабходна ў кожным раёне актывізаваць работу з матываванымі і адоранымі навучэнцамі, маладымі спецыялістамі, рыхтаваць перспектыўную педагагічную моладзь не толькі да прафесійнай, але і да кіраўніцкай дзейнасці, стымуляваць і заахвочваць кожнае дасягненне, падтрымліваць канструктыўныя ініцыятывы, ствараць умовы для прадукцыйнай працы, дапамагаць на ўсіх яе этапах. Для гэтага ёсць усе магчымасці, уключаючы фінансавыя. Кожнай школе трэба імкнуцца ісці ў нагу з часам: асвойваць і актыўна ўкараняць дасягненні сучаснай навукі і тэхнікі, удзельнічаць у эксперыментальных, інавацыйных, творчых праектах.

Рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская азнаёміла з праграмай семінара і прэзентавала фільм “ВАІРА: вектары перспектыўнага развіцця”. Выкананню бяспечнага рэжыму пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў школах прысвяціла сваё выступленне першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч. Аб мэтах, задачах, актуальных напрамках і асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў бягучым навучальным годзе расказала метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і аналізу яе якасці ВАІРА Вольга Паўсцяная. Вынікі ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі і выніковай атэстацыі прааналізаваў начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Беднякоў, а галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Ульянава азнаёміла з асноўнымі падыходамі да рэалізацыі рэгіянальнай праграмы па кіраванні якасцю адукацыі ў сельскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі. У першы дзень семінара таксама былі дэталёва разгледжаны і абмеркаваны актуальныя аспекты рэалізацыі і метадычнага забеспячэння сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, пытанні арганізацыі школьнага харчавання, вывучэння якасці адукацыі, работы агракласаў, паглыблення інтэграцыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з адукацыйнай прасторай рэгіёна, супрацоўніцтва з БРСМ у патрыятычным выхаванні моладзі, абароны правоў і законных інтарэсаў, прыняцця дадатковых мер па папярэджванні права­парушэнняў непаўналетніх, выкарыстання інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў для вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Вопыт работы па правя­дзенні абласной інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Займальны маршрут” прэзентавалі педагогі Аршанскага раёна. Для ўдзельнікаў былі арганізаваны выстава “Дапрофільная і дапрафесійная падрыхтоўка, профільнае навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, экскурсіі ў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж. За два дні семінара выступіў 21 дакладчык, быў прадстаўлены лепшы вопыт і цікавыя аўтарскія праекты, дадзены практычныя рэкамендацыі па розных аспектах работы ўстаноў адукацыі і вучэбна-метадычных кабінетаў. Падчас падвядзення вынікаў семінара Дзмітрый Хома засяродзіў увагу на неабходнасці сумеснай работы над паляпшэннем якасці адукацыі, сумеснага ўкладу ў развіццё рэгіянальнай педагогікі і ўдасканаленне сістэмы ў цэлым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.