Скарбонка жамчужын Петрыкаўшчыны папоўнілася новымі ідэямі

- 14:02Якасць адукацыі

Абласны семінар-практыкум па тэме “Тэкстацэнтрычны падыход да навучання беларускай мове як фактар фарміравання моўнай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў” прайшоў на базе гімназіі Петрыкава. У яго рабоце прынялі ўдзел супрацоўнікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама, метадысты РВМК, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, творча працуючыя настаўнікі вобласці.
Адкрыла семінар прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко. Яна акрэсліла існуючыя праблемы сучаснага навучання ўвогуле і выкладання беларускай мовы і літаратуры ў прыватнасці. Асноўнай формай работы настаўніка быў і застаецца ўрок. За педагогам захоўваецца роля арганізатара пазнавальнай дзейнасці. Зразумела, гэта патрабуе добра прадуманай сістэмы работы на вучэбных занятках.
Падчас правядзення абласных семінараў стала добрай традыцыяй у межах рэкламнай акцыі “Жамчужыны педагагічных ідэй настаўнікаў-філолагаў вобласці” прадстаўляць лепшых педагогаў, іх сістэму работы, дзяліцца электроннымі адрасамі ўстаноў адукацыі, дзе можна больш падрабязна азнаёміцца з вопытам работы гэтых настаўнікаў. Скарбонка жамчужын Петрыкаўскага раёна папоўнілася сістэмай работы Наталлі Асіпчык з Капаткевіцкай сярэдняй школы, Марыны Барысавай з Брынёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Таццяны Зубар і Галіны Казак з сярэдняй школы № 1 Петрыкава, Валянціны Некрашэвіч з Бабуніцкай сярэдняй школы, Марыі Туравец з гімназіі Петрыкава.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама Святлана Сянько адзначыла, што з 27 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў раёне 21 беларускамоўная. Сёлета вучням прапанавана атрымаць дадатковыя веды па роднай мове і літаратуры на 72 факультатывах.
У сваім выступленні метадыст вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін Ірына Даўгулёва засяродзіла ўвагу на тым, што тэкстацэнтрычны падыход непарыўна звязаны з камунікатыўна-дзейнасным падыходам у выкладанні мовы і літаратуры. Канчатковая мэта — фарміраванне ўмення ўспрымаць чужыя і выражаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, правільна і дарэчы выкарыстоўваць моўныя сродкі. На ўроках неабходна выкарыстоўваць розныя віды работы з тэкстам, напрыклад: параўнанне асобных сказаў і тэкстаў, узнаўленне дэфармаванага тэксту, складанне тэксту з фрагментаў, налажэнне гатовага плана на тэкст, дапісванне канцоўкі, складанне тэкстаў розных стыляў па адной тэме і г.д.
Задачай сучаснага ўрока з’яўляецца выхаванне асобы, якая адкрыта для ўспрымання новага вопыту, якая здольная зрабіць асэнсаваны і адказны выбар у жыццёвых абставінах. Для таго, каб выхаваць такую асобу, перш за ўсё неабходна навучыць дзіця вырашаць пры дапамозе моўных сродкаў камунікатыўныя задачы ў розных сітуацыях зносін, сфарміраваць у яго камунікатыўную кампетэнцыю.
Мысленне дзіцяці развіваецца ў цеснай залежнасці ад маўлення. Тэкст адыгрывае важную ролю ўстаноўкі на маўленчае развіццё, таму тэкст займае ўсё больш грунтоўнае месца на сучасных уроках беларускай мовы і літаратуры. Стымуляванне маўлення адбываецца ў працэсе непасрэдных зносін са з’явамі жыцця, людзьмі, у сітуацыі зносін з аднагодкамі і настаўнікам. Таму клопат аб моўным асяроддзі складае адну з асноўных умоў маўленчага развіцця.
Моўнае развіццё заснавана на моўным чуцці, якое праяўляецца ва ўменні слухаць маўленне, рэагаваць на яго, магчымасці хутка запамінаць словы, выразы, доўга захоў-ваць іх у моўных зносінах, разумець сітуацыю зносін і будаваць сваё маўленне ў адпаведнасці з канкрэтнай сітуацыяй.
Паколькі асноўнай адзінкай зносін з’яўляецца тэкст, то менавіта ён выступае ў якасці адзінкі навучання. Такім чынам, прынцып тэкстацэнтрычнага падыходу — гэта прынцып прызнання тэксту ў якасці найважнейшай адзінкі навучання беларускай мове і літаратуры.
У аснове гэтага прынцыпу ляжыць адзінства моўнай, маўленчай, правапіснай кампетэнцый. Выпрацоўваюцца яны наступнымі відамі дзейнасці на ўроках: чытаннем, слуханнем, гаварэннем. Сур’ёзную работу над тэкстам трэба пачынаць з пачатковага звяна, у крайнім выпадку з 5 класа. Нельга сказаць, што настаўнікі-філолагі не карыстаюцца тэкстацэнтрычным прынцыпам. У традыцыйным падыходзе гэта падразумявала вывучэнне тэксту, у сучасных умовах гэта яшчэ і стварэнне вучнямі тэкстаў на ўроках, практычнае выкарыстанне моўных сродкаў у тэкстах не толькі розных стыляў, але і жанраў, метад прагназавання тэксту, работа з тэкстамі на міжпрадметнай аснове.
Змест гэтай работы павінен адпавядаць запытам вучняў і фарміраваць у іх камунікатыўную кампетэнцыю. А для рэалізацыі гэтай задачы на ўроку настаўніку неабходна ўдасканальваць сваё педагагічнае майстэрства праз абмен вопытам, выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, ІКТ, павышаць свой прафесійны ўзровень.
Практычная частка семінара была практыка-арыентаванай. Яна складалася з майстар-класаў і дэманстрацыі фрагментаў урокаў па беларускай мове і беларускай літаратуры. “Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі — вось адна з ключавых задач развіцця якасцей асобы. І метадычным сродкам для развіцця і навучання на ўроках роднай мовы з’яўляецца тэкст”, — у гэтым упэўнены настаўніца гімназіі Петрыкава Марыя Туравец і настаўніца сярэдняй школы № 1 Петрыкава Галіна Казак, якія прадстаўлялі ўвазе ўдзельнікаў семінара фрагменты ўрокаў.
На свае майстар-класы запрасілі настаўніца Рэчыцкага раённага ліцэя Ірына Яўсеенка і настаўніца сярэдняй школы № 1 Петрыкава Таццяна Зубар. Настаўнікі з задавальненнем працавалі ў групах, выконвалі творчыя заданні. вучыліся самастойна складаць тэставыя заданні ў праграме easyQuizzy.
Мерапрыемства не было б такім святочным і наглядным, калі б не мела творчага аздаблення, падрыхтаванага педагогамі і вучнямі гімназіі. Гасцей чакалі тэатралізаваная сустрэча, фальклорная міні-пастаноўка, стылізаваны кірмаш — усё гэта надало семінару настрой сапраўднага свята і маляўнічасці.
Заканчэннем знаёмства з раёнам стала наведванне музея прыроды ў аграгарадку Ляскавічы. Супрацоўнікі ўстановы расказалі аб краязнаўчай дзейнасці як аб адным са сродкаў выхавання асобы вучня, аб магчымасцях правядзення ўрокаў і мерапрыемстваў па пэўных тэмах на базе музея. Дырэктар Ляскавіцкай сярэдняй школы Наталля Шаўчук адзначыла, што ў раёне склалася пэўная сістэма работы ў названым кірунку. Гэты від дзейнасці спрыяе таму, што вучні авалодваюць навыкамі збору этнаграфічных матэрыялаў, знаёмяцца з гісторыка-літаратурнымі помнікамі, традыцыямі і звычаямі насельніцтва, самабытнасцю культурнай спадчыны, крыніцамі матэрыяльнай і духоўнай культуры.
Падводзячы вынікі работы, удзельнікі семінара адзначылі высокі ўзровень правядзення майстар-класаў, дэманстрацыі фрагментаў урокаў і ўвогуле ўсёй праграмы, яе практыка-арыентаваную накіраванасць. Настаўніца Акцябрскай раённай гімназіі Таццяна Крэч адзначыла: “Не хапае слоў, каб перадаць уражанні ад праведзенага мера-прыемства. Уражвала не толькі добразычлівая творчая атмасфера, але і той багаж ведаў і ўменняў, які ўсім нам падарылі. Цяпер застаецца гэтае багацце цікавых задумак перадаць нашым выхаванцам”.
Усе прысутныя сышліся ў агульным меркаванні, што выкарыстанне тэкстацэнтрычнага падыходу на ўроках роднай мовы і літаратуры з’яўляецца тым ключавым момантам, які будзе спрыяць пашырэнню кругагляду, ствараць аптымальныя ўмовы па развіцці і ўдасканаленні належных маўленчых якасцей. Усё гэта будзе вызначаць атмасферу, у якой веды становяцца патрэбнымі, важнымі і карыснымі на ўсё жыццё.

Ірына ДАЎГУЛЁВА,
метадыст вучэбна-метадычнага
аддзела Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.