Скарбы малой радзімы

Лета — гэта дні школьных канікул, калі дзеці адкрываюць свет і сябе ў гэтым свеце, асвойваюць тэрыторыю прасторы і часу, спрабуюць даведацца ўсё пра што-небудзь і што-небудзь пра ўсё. Лета — гэта час адпачынку і забаў, гэта разрадка назапашанай за год напружанасці, папаўненне зрасходаваных сіл, аднаўленне здароўя, развіццё творчага патэнцыялу, удасканаленне асобасных магчымасцей. Лета — час адкрыццяў і прыгод, пазнання новых людзей, а галоўнае, самога сябе. У Алекшыцкай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна традыцыйна функцыянуе летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. Адпачынак у ім унікальны з пункту гледжання арганізацыі самастойнай жыццядзейнасці дзяцей у вольны час.

Мы разумеем, што гэта не працяг школьнага вучэбнага працэсу, а зусім іншы кавалачак жыцця дзіцяці, якое трэба напоўніць яркімі ўражаннямі і толькі добрым настроем. Гэта зусім іншае прадметнае асяроддзе, якое эмацыянальна адрозніваецца ад вучэбнага працэсу. Як зрабіць летнія канікулы яркімі, запамінальнымі і пры гэтым непаўторнымі для кожнага дзіцяці? Як расфарбаваць лагерную змену, каб дзеці не проста былі накормлены і заставаліся пры справе, але яшчэ і атрымалі неабходны зарад бадзёрасці і энергіі, якія ім так спатрэбяцца ў будучым навучальным годзе?

Адказы на гэтыя пытанні мы пастараліся знайсці ў тэматычнай змене школьнага лагера “Скарбы малой радзімы”, дзейнасць якога была накіравана на вывучэнне гісторыі і славутасцей сваёй мясцовасці, больш глыбокае знаёмства са знакамітымі людзьмі, дасягненнямі. Кожны дзень быў тэматычным і прысвячаўся родным Алекшыцам. Усе мерапрыемствы насілі адначасова гульнявы і пазнавальны характар, фарміравалі працоўныя навыкі, развівалі творчыя здольнасці і рухальную культуру, папулярызавалі здаровы лад жыцця. Кожны дзень выхаванцаў быў напоўнены прыгодамі, песнямі, жартамі, танцамі, конкурсамі, святамі. Яркі кругаварот уражанняў і спраў напаўняў дзяцей так, што сумаваць ім проста не было калі.

Традыцыйна дзень у лагеры пачынаўся з ранішняй зарадкі. На лінейцы паведамляўся план мерапрыемстваў, потым — абавязковая хвілінка здароўя, снеданне. Праца па плане — гэта займальныя прагулкі, спартыўныя гульні, экскурсіі, працоўныя аперацыі, дыскатэчныя праграмы, інтэлектуальныя спаборніцтвы. Праграма летніка была даволі насычанай. Кожнае дзіця магло знайсці справу па душы і праявіць сябе ў розных відах дзейнасці. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, з дзецьмі вяліся штодзённыя інструктажы, гутаркі і пазнавальныя мерапрыемствы па бяспецы жыццядзейнасці. Шмат увагі ўдзялялася здароваму ладу жыцця, правілам паводзін у грамадскіх месцах і аказання першай медыцынскай дапамогі пры няшчасных выпадках.

Падчас змены дзецям адводзіўся час для заняткаў па інтарэсах, падчас якіх дзеці з задавальненнем знаёміліся з навакольным светам у “Клубе юных краязнаўцаў”, малявалі, канструявалі. 18 дзён у “Сонейку” праляцелі незаўважна: спартыўныя спаборніцтвы, вясёлыя старты, экалагічныя конкурсы, віктарыны, малюнкі на асфальце, форум-віктарыны, паштамт-перапіскі, хіт-парады, квесты, забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, летнія вячоркі… Сумаваць не даводзілася!

У апошні дзень працы лагера адбылося заключнае мерапрыемства “Мы не развітваемся, мы гаворым “Да пабачэння!”. Была складзена святочная праграма, падчас якой былі падведзены вынікі работы лагера, а ў заключэнне на памяць пра лагер кожнае дзіця атрымала памятны падарунак. Але самая дастойная ацэнка работы выхавальніка — гэта падзяка бацькоў за добра арганізаваны адпачынак дзяцей. Педагогі, якія працуюць у лагеры, праяўлялі прафесіяналізм, адказнасць і клапатлівае стаўленне да дзяцей. У выхаванцаў лагера, педагогаў і бацькоў засталіся выдатныя ўспаміны пра карысны і здаровы час, праведзены летам.

Таццяна МАЦВЕЙЧЫК,
дырэктар летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка”
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *