Сказаць “бывай” міфам пра ўсынаўленне

- 10:49Сацыяльны ракурс

Днямі ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці прайшоў першы ў Беларусі фестываль сем’яў усынавіцеляў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 100 чалавек. Арганізатарамі фестывалю выступілі Нацыянальны цэнтр усынаўлення і ўпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Палатачны летнік, а таксама нумары базы адпачынку “Галактыка”, што ў Ракаве, стаў на гэтыя дні месцам жыхарства 28 сем’яў, якія ўжо ўсынавілі дзяцей, і 2 сем’яў, якія з’яўляюцца кандыдатамі на ўсынаўленне.
“Фестываль аказаўся выдатнай пляцоўкай для камунікацыі ўсынавіцеляў, спецыялістаў, якія працуюць з імі, прадстаўнікоў беларускіх СМІ, — адзначае педагог-псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Вольга Сяргееўна Галаўнёва. — Гэта выдатная магчымасць абмяняцца вопытам, атрымаць неабходныя кансультацыі, ды і проста атрымаць асалоду ад сумеснага творчага адпачынку.
Такі фестываль першы на тэрыторыі Беларусі. Ідэя яго правядзення нарадзілася ўнутры саміх сем’яў усынавіцеляў. Да гэтага яны мелі магчымасць сустракацца ў “псіхалагічнай гасцёўні” цэнтра, але, натуральна, хацелася большай адкрытасці тэмы ўсынаўлення ў нашым грамадстве, што і прывяло да арганізацыі сустрэчы ў фестывальным фармаце. Мы прапануем сказаць “бывай” тым міфам, якія заўсёды акружалі гэтую тэму. Паказаць самім усынавіцелям і тым, хто толькі збіраецца імі стаць, што яны не адны на гэтым шляху, што вакол нямала паплечнікаў — адна з галоўных задач мерапрыемства. Думаецца, пасля яго правядзення знойдуцца людзі, якія зробяць першыя крокі да сваіх будучых дзяцей”.
У праграму фестывалю ўвайшлі заняткі ў “Сямейнай мяккай школе”, псіхалагічныя семінары і практыкумы, дзе разглядалася работа з дзіцячымі страхамі, успрыманне бацькамі-ўсынавіцелямі ўласнай ролі, а таксама ўсынаўленне вачыма саміх дзяцей. Рухавыя гульні для дзяцей і дарослых сталі прыемным дапаўненнем да атмасферы сяброўства і разумення.

Наталля АЛЁХІНА.