Сказаць — значыць пераканаць!

Сёння наўрад ці камусьці трэба даказваць правату Арыстоцеля, які сказаў: “Слова — самая моцная зброя чалавека”. На сучасным этапе развіцця грамадства гэты афарызм набывае новае гучанне. У свеце, дзе паўсюдна ўзні­каюць ачагі напружанасці, дзе своечасова і правільна сказанае слова здольна падарыць надзею і ўваскрасіць веру ў дабро, дар пераканання — гэта неацэнны скарб, а той, хто валодае ім, бясспрэчна багаты.

Аднак сілай красамоўства можна авалодаць, не будучы адораным ім ад нараджэння. Гісторыя станаўлення рыторыкі як навукі ўзыходзіць да V ст. да н.э. і звязана з развіццём старажытнагрэчаскай, а затым і старажытнарымскай дэмакратыі. У старажытных грэкаў — рыторыка (ад старажытнагрэч. — навука аб прамоўніцкім мастацтве), у старажытных рымлян — прамоўніцкае мастацтва (ад лац. оrare — гава­рыць), у старажытных славян — “витийство” (ад стараслав. “вития” — аратар, рытар, гаварун), у англічан — eloquence (ад лац. eloquentia — дар слова, красамоўства. Усе гэтыя тэрміны сінанімічныя. Паколькі гаворка ідзе аб навуцы, то авалодаць яе законамі можа кожны жадаючы.

Красамоўства — гэта разнавіднасць камунікацыі, паколькі мае на ўвазе наяўнасць як мінімум двух удзельнікаў: таго, хто гаворыць, і слухача. Навучыць чалавека гаварыць прыгожа — значыць навучыць яго мець зносіны. Хіба не ў гэтым заключаецца сёння мэта камунікатыўнага падыходу, які з’яўляецца асноўным прынцыпам у галіне навучання замежным мовам у Беларусі?

У рамках рэалізацыі плана мерапрыемстваў па ўдасканаленні арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежных мовах на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі на 2010—2015 гады, зацверджанага міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 24.11.2009, калектыў настаўнікаў замежных моў ДУА “Гімназія № 61 Мінска” ініцыіраваў арганізацыю правядзення ў гімназіі конкурсу прамоўніцкага майстэрства “Віват, аратар!” на замежнай мове.

Мэтай конкурсу з’яўляецца павышэнне агульнага ўзроўню свабоднага валодання вучнямі англійскай мовай (перш за ўсё — у галіне прамоўніцкага майстэрства), развіццё камунікатыўных навыкаў, авалоданне эфектыўнымі прыёмамі падрыхтоўкі і вымаўлення публічных прамоў, развіццё духоўнага патэнцыялу і эрудыцыі, заахвочванне асобаснага пачатку і ўнутранай свабоды ў дзіцяці.

Датай нараджэння конкурсу можна лічыць верасень 2010 года, хоць ідэя яго правядзення з’явілася значна раней. Аднак ад ідэі да яе рэалізацыі трэба было прайсці няпросты шлях.

У любым пачынанні важная роля адводзіцца ініцыятыўнай групе. У гэтай ролі ў нашай установе адукацыі выступілі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Барысаўна Наражнова і кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў Святлана Анатольеўна Сласі Мутабір. Як вядома, навучыцца рабіць нешта новае можна і самому, наступаючы пры гэтым на ўсё тыя ж праславутыя граблі. Аднак заўсёды прасцей брацца за новую справу пад кіраўніцтвам чалавека, для якога яна не з’яўляецца такой (маецца на ўвазе — новай). Нам у гэтым сэнсе вельмі пашанцавала, паколькі ў калектыў настаўнікаў замежных моў гімназіі якраз уліўся малады, энергічны і пры гэтым ужо цалкам прафесійны спецыяліст Таццяна Юр’еўна Мацюшонак. Яна выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта 2009 года.

Такім чынам, усё пачалося з распрацоўкі і зацвярджэння Палажэння аб конкурсе, у якім прапісаны ўмовы і тэрміны яго правядзення. Паколькі конкурсы такога кшталту яшчэ не праводзіліся ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска (ва ўсякім разе нам пра іх нічога не было вядома), то было вырашана першы конкурс правесці толькі для навучэнцаў гімназіі. Ён адбыўся вясной 2011 года. Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што ўдзельнікаў было няшмат. Аднак ужо першы вопыт паказаў, што мы знаходзімся на правільным шляху і ў нашага стварэння светлая будучыня.

Натхнёныя атрыманымі водгукамі, настаўнікі замежных моў гімназіі № 61 вырашылі, што б там ні стала, прадоў­жыць работу ў гэтым кірунку, але пры гэтым павысіць статус конкурсу да раённага. Так, у бягучым годзе запрашэнне ўдзельнічаць у другім адкрытым конкурсе “Віват, аратар!” прыняло 56 вучняў 7 уста­ноў адукацыі Маскоўскага раёна Мінска, сярод якіх былі 2 сярэднія школы і 5 гімназій.

Усім удзельнікам конкурсу былі дадзены рэкамендацыі па падрыхтоўцы да публічнага выступлення, а таксама памятка па правілах паводзін у час выступлення. Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі педагогі некалькіх устаноў адукацыі Маскоўскага раёна, было бескампрамісным і непрадузятым.

Для нас як ініцыятараў і арганізатараў конкурсу было вельмі важна пачуць меркаванне калег аб праведзеным мерапрыемстве. На наша вялікае задавальненне, гэтае меркаванне было аднагалосным: конкурс павінен жыць, квітнець і развівацца!

Алена НАРАЖНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 61 Мінска.