Скейт-парк адкрылі ў Ветцы

Цяпер юныя райдары і дэртары гэтага райцэнтра, які знаходзіцца недалёка ад Гомеля, могуць удасканальваць сваё майстэрства. 

Сёлета ў маі падчас прамой тэлефоннай лініі са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Генадзем Салаўём мясцовы школьнік агучыў калектыўную просьбу аднакласнікаў — адкрыць у горадзе скейт-парк. Тады кіраўнік Гомельшчыны з задавальненнем падхапіў гэтую ідэю і паабяцаў, што дапаможа моладзі, якая хоча актыўна займацца сучаснымі відамі спорту, весці здаровы лад жыцця — катацца на скейтах, роліках, веласіпедах. 

Не прайшло і паўгода — скейт-парк у Ветцы адкрылі. Для юных экстрэмалаў устанавілі неабходныя спартыўныя элементы. Пасля афіцыйнага адкрыцця маладыя жыхары Веткі адразу ж апрабавалі магчымасці скейт-парка. Моладзь навінку ацаніла станоўча — падлеткі пракаціліся і прадэманстравалі некалькі трукаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ