Скейтары стартавалі паспяхова

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Падчас святкавання Дня горада ў Гомелі ўпершыню прайшлі абласныя спаборніцтвы па скейтбордынгу.

На пляцоўцы ля вяслярнай базы стартавалі падлеткі, якія захапляюцца гэтым відам спорту. У спаборніцтвах удзельнічалі спартсмены Гомельскай вобласці ва ўзросце ад 14 гадоў. Дарэчы, без пісьмовага дазволу бацькоў падлеткі да ўдзелу ў турніры не дапускаліся. 

Па ўмовах спаборніцтваў, спартсменаў падзялілі на дзве ўзроставыя катэгорыі: да 16 гадоў і старэйшыя за 16. У кожнага ўдзель­ніка было дзве мінуты, каб паспець прадэманстраваць свае ўменні і навыкі. У ролі суддзяў выступілі дасведчаныя скейтары з Гомеля. Пераможцамі ў сваіх катэгорыях сталі гамяльчане Дзмітрый Драздоў і Іван Кузьмянцоў.

Арганізатары спартыўнага свята — аддзел спорту і турызму гарвыканкама, камісія па справах непаўналетніх аблвыканкама, гарадская арганізацыя БРСМ і грамадская арганізацыя “Савет бацькоў горада Гомеля”. Удзельнікі выказалі спадзяванне, што спаборніцтвы па скейтбордынгу стануць у Гомелі традыцыйнымі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.